banner

З днём нараджэння, раёнка!

29 Ноября’15
2655

З днём нараджэння,  раёнка!29 лістапада “Свіслацкая газета” адзначыць свой чарговы дзень нараджэння. Для чалавека 72 гады – узрост больш чым сталы. Для друкаванага выдання, якое нараджаецца і адыходзіць у нябыт кожны дзень, – час дынамічнага развіцця. Здаецца, ужо пераадолены пэўныя перашкоды, сфарміраваны базавыя тэндэнцыі, вызначана кола прыхільнікаў, але яшчэ ёсць чаму навучыцца, над чым працаваць, аб чым памарыць. І каб гэтыя мары мелі пад сабой выснову, трэба часцей звяртацца да нашай гісторыі...

 

Раённая газета нарадзілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў пяці кіламетрах ад Сабалькоў (Міхалінская пушча) у партызанскім атрадзе брыгады імя Чапаева. Камандзірам брыгады быў Х. А. Мацевасян, а камісарам сакратар Свіслацкага падпольнага райкама партыі А. Г. Шламанаў.


Каб кожны чытач ведаў, што газета выходзіць на свіслацкай зямлі, ёй далі назву “Свислочская правда”. Першы рэдактар  І. В. Зазека ўспамінаў: “...У жніўні 1943 года разам з іншым грузам у партызанскі атрад была скінута паходная партатыўная друкарня канструкцыі Фёдара Пільцыенка з запасам шрыфта, фарбы і паперы. Увесь груз вагой звыш трох пудоў. У лістападзе партызаны дабраліся да Міхалінскай пушчы... Тут і абаснавалася рэдакцыя газеты “Свислочская правда” – органа Свіслацкага падпольнага райкама партыі... Друкарня цалкам адпавядала ўмовам падполля: праз 8–10 мінут яе можна было сабраць і вынесці. Маёмасць друкарні была выключна цэннай, таму за кожным работнікам замацоўвалася адпаведная частка яго, за якую ён адказваў, як за баявую зброю”.


Першы нумар районнай газеты выйшаў 29 лістапада 1943 года тыражом 500 экзэмпляраў. Праз пасыльных газета пайшла ў атрады і ўзводы, аддзяленні і групы. Цяжка перадаць тыя пачуцці, з якімі сустрэлі газету партызаны. Яны штодзённа, штогадзінна хацелі ведаць аб стане спраў на франтах, аб баявых справах брыгады.


На “перадавіцы” першага нумара газеты размясцілі партрэт Леніна. Артыкул называўся “Фашызм напярэдадні краху”. У ім паведамлялася, што Чырвоная Армія ў ходзе жорсткіх баёў адкінула захопнікаў на 600–700 кіламетраў на захад. Пералічваліся гарады, вызваленыя ад акупантаў, газета звярталася з прызывам да партызан узмацніць удары па ворагу, публікавалася аператыўная зводка Савінфармбюро і інфармацыя “На вызваленай зямлі”. На другой паласе пад назвай “Партызаны дзейнічаюць” расказвалася аб падрыўніках з атрада Бурака, аб засадзе партызан на шашы Ружаны – Пружаны.


У выпуску газеты часцей за ўсё прымаў удзел сакратар райкама А. Г. Шламанаў. Падбіраць матэрыялы дапамагаў сакратар падпольнага абкама камсамола Т. Стрыжак. Праз падпольшчыкаў-камуністаў і камсамольцаў газета дасягала Свіслачы, Гайнаўкі, Заблудава, Сакулкі, Аўгустова.


“Свислочская правда” выходзіла на рускай мове, фармат – восьмая частка газетнага ліста. Апошні яе нумар выйшаў 28 чэрвеня 1944 года.


А далей былі іншыя назвы, новыя нумары газет, але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя. Нараджалася газета на свіслацкай зямлі менавіта так. Таму яшчэ раз са святам, раёнка і нашы паважаныя чытачы!

 

Вольга БУБЕНЧЫК.

Предыдущая статья

На счету организации много полезных дел