
Калі кошыкі для збору грыбоў, скрыні і шалі для ўзважвання ўраджаю былі гатовыя, вядучыя-"мухаморы” адкрылі чэмпіянат. Менавіта да яго напісаў вершы мясцовы паэт І. К. Ламашкевіч. На вясёлай ноце, пад дэвізы каманд, прайшло і знаёмства з канкурсантамі. Паспаборнічаць у зборы грыбоў выклікаліся тры сямейныя каманды і пяць індывідуальных удзельнікаў. Ад вясёлых Мухамораў у дарогу яны атрымалі па гліняным сімвале-талісмане – грыбочку баравічку, які прадвяшчаў канкурсантам поспех і багаты ўраджай.
Сорак пяць хвілін, якія былі вызначаны для збору грыбоў, хутка праляцелі. Самым пунктуальным аказаўся Іван Ламашкевіч. Ён першым выйшаў з лесу з кошыкам кабылак, сыраежак і сінякоў. Яго ўраджай прайшоў праз шалі, а затым сарціроўку па відах. Такую ж праверку прайшлі і астатнія кошыкі ўдзельнікаў чэмпіянату.


Разам канкурсанты сабралі 9 відаў грыбоў, іх агульная вага склала 12 кг 250 г. Сярод сямейных каманд у намінацыі "Поўны кошык” перамогу атрымалі Філіновічы-старэйшыя. У складзе каманды выступілі Жана і Уладзімір са сваімі пляменнікамі Вадзімам і Дар’яй. Яны сабралі 2 кг 700 г. Уступіла пераможцам сям’я Пекар, якую прадстаўляла мама Воля з дзецьмі. Каманда Філіновічаў-малодшых з трох чалавек – Міхаіл з жонкай Наталляй, дочкай Валерыяй – з братам Аляксандрам замкнулі тройку прызёраў. У намінацыі "Грыбное асарці” таксама вызначыліся Філіновічы-старэйшыя. А вось сярод індывідуальных удзельнікаў чэмпіянату перамогу атрымаў аматар "ціхага” палявання, вадзіцель рэдакцыі Пётр Ражынскі. Карына Пекар была адзначана як лепшы грыбнік сярод юных удзельнікаў чэмпіянату. "Дзіва-грыб”, падобны на чабурашку, пашчасціла знайсці Алегу Лапошку, за што і атрымаў прыз.

За падвядзеннем вынікаў паследаваў не менш цікавы этап чэмпіянату – дэгустацыя грыбных страў. Тут трэба аддаць належнае работнікам Грынкаўскага Дома культуры і народных рамёстваў, якія праявілі сябе ў якасці гаспадынь і прыгатавалі наварысты суп, салату і іншыя стравы з грыбоў.
Такім выдаўся той кастрычніцкі дзень. Задавальненне атрымалі ўсе. Тым больш, што "Грыбны чэмпіянат” у раёне ладзілі ўпершыню. Дырэктар Дома культуры М. М. Самалевіч і ўдзельнікі мерапрыемства выказалі меркаванне, што ён заслугоўвае ў свіслацкім пушчанскім грыбным краі быць традыцыйным.
Алена КЕДЗІК.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).