banner

Зэльва здзівіла і зачаравала

08 Сентября’14
1380
Зэльва здзівіла  і зачаравалаУ каторы раз нас гасцінна запрасіла да сябе Зэльва. І мы, не раздумваючы, кінуліся ў вір Ганненскага кірмашу – вясёлага, шматлюднага, маляўнічага.
Першы візіт у Зэльву адбыўся ў 2004 годзе. Раённае свята набірала, як кажуць, моц, абрастала ідэямі, множылася прыхільнікамі. Ужо ў той год мы ўлюбіліся ў гасцінных і вясёлых жыхароў пасёлка: і дарослыя, і дзеці з вялікім азартам прымалі ўдзел у нашых гульнёвых праграмах… З  цягам часу кірмаш станавіўся ўсё больш відовішчным і стаў прывабліваць гасцей, як кажуць, "з усіх валасцей”. Ды і ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні "Карагод” штогод спяшаюцца ў Зэльву: ці з выступленнямі, ці з асабістым візітам.
А пасёлак за апошнія гады папрыгажэў. Сённяшняя Зэльва сустрэла нас яркім убраннем вуліц і балконаў, з мноствам арыгінальных паказальнікаў і інфармацыйных дошак. Дарэчы сказаць, аздабленне балконаў – гэта адзін з конкурсаў сярод жыхароў, які быў аб’яўлены падчас падрыхтоўкі да кірмашу. Людская фантазія не мае граніц. Балконы былі прыбраны стужкамі (брэнд у афармленні Зэльвы), шарамі, кветкамі, выявамі коней, вырабамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прывітальнымі слоганамі гасцей кірмашу...
Хацелася пабачыць усё. Пасля яркага адкрыцця фестывалю тэатральная пляцоўка была аддадзена Беларускаму дзяржаўнаму харэаграфічнаму ансамблю "Харошкі”. Яго выступленне надавала святу своеасаблівы настрой, а ногі падтанцоўвалі ў такт музыцы.
Вельмі ўразіла выстаўка-продаж зэльвенскіх караваяў. З усіх куточкаў Зэльвеншчыны прыехалі на свята каравайніцы з дзецьмі, унукамі, родзічамі і са сваімі фірменнымі рэцэптамі. Столікі прыгожа аздаблялі настольнікі, вышытыя, можа, нават прабабулькамі каравайніц. Шыкоўна прыбраныя боханы красаваліся на ільняных ручніках – вытканых і вышытых. Здзіўляла ўмельства каравайніц, а водар быў такі, што хацелася паспрабаваць кожны кавалачак... Думалася, сапраўды, "хлеб на стале – дом багаты”.
Зэльва здзівіла  і зачаравалаРаботнікі мясцовага гандлю таксама прадставілі гасцям і ўдзельнікам Ганненскага кірмашу багатую кандытарскую і хлебабулачную прадукцыю – свае фірменныя пірагі і караваі, за якія неаднаразова атрымлівалі дыпломы рознага ўзроўню.
Конкурсаў арганізатары кірмашу прыдумалі шмат – і жыхары, думаецца, з задавальненнем удзельнічалі ў іх. Незвычайным для нас стаў конкурс на лепшы капялюш з газет. Раз-пораз там сустракаліся дзіўныя, проста фантастычныя капялюшы, якія з задавальненнем дэманстравалі аўтары работ.
Кірмаш гудзеў… Весела было на шыкоўных падворках сельгаспрадпрыемстваў. Дзеці з радасцю і задавальненнем любаваліся, гулялі, фатаграфаваліся з рознымі жывёламі: козачкамі, сабачкамі, свінкамі і нават кароўкамі. А гаспадары падворкаў з гумарам і жартамі запрашалі да сябе ў госці, каб пагуляць ды паласавацца з багатых сталоў. І сапраўды, "будзем на зямлі з ласкаю, будзем з хлебам і каўбаскаю”.
Аграсядзібы запрашалі правесці свой вольны час і адпачыць. Як з добрымі сябрамі, сустрэліся з гаспадарамі "Вароніч”, дзе з задавальненнем адпачывалі два гады таму назад. Пазнаёміліся тут, на Ганненскім. Час правялі шыкоўна: адпачылі і з цікаўнасцю пазнаёміліся з экспанатамі музея насякомых і пчалярства.
На плошчы ўвесь час працаваў інфармацыйны цэнтр, дзе можна было набыць гасцявыя карты, буклеты, заказаць экскурсію. З асалодай дэгуставалі надзвычай салодкі вінаград розных гатункаў Міхаіла Уладзіміравіча Жыдок. На кірмашы разам з сынам яны прапаноўвалі для пасадкі больш за 30 гатункаў – "лоры”, "кіш-міш”, "лучысты”, "талісман”, "цімур” – усе тыя, што растуць і выспяваюць у нашых умовах. Спадзяёмся, што з зэльвенскімі вінаградарамі мы сустрэнемся абавязкова вясной.
"Слаўны салавей голасам, а чалавек – рукамі” – успомнілася народная мудрасць, калі не адзін раз абыходзілі Горад майстроў. Было дзе зачапіцца воку. Па-добраму здзівіў Зэльвенскі Дом рамёстваў, якім кіруе Ала Дамянікаўна Сідорык. Тут не толькі была арганізавана шыкоўная выстава-продаж, але і самыя сталыя майстры прапаноўвалі ўсім жадаючым майстар-класы. У гэты дзень найбольш запатрабаваныя вырабы на кірмашы, канечне, з выявай каня, бо конь – сімвал Зэльвы.
Зэльва здзівіла  і зачаравалаІ які ж Ганненскі кірмаш без катання на брычках ці павозках?! Захапляючым быў конкурс на лепшае аздабленне конскай павозкі. Пад авацыі гледачоў з’яўляліся султан са сваімі наложніцамі, цыганскі барон з табарам альбо проста беларус з гармонікам і цэлым возам дзетак, нібыта крамяных грыбкоў...
Пабачыць усё так і не ўдалося. Кірмаш распачаўся ў пятніцу сапраўдным відовішчам. Тут праходзілі конкурс рыбнай лоўлі, шоу вадалазаў, адбыўся канцэрт Сашы Нэма. І амаль да раніцы доўжылася дыскатэка на пяску. А суботні дзень, у які мы і былі ў Зэльве, скончыўся канцэртам беларускай спявачкі Гюнэш і захапляючым вогненным шоу мінскага тэатра  "Береск”.
Увечары, за кубкам гарбаты, я смакавала духмяны зэльвенскі каравай і нібыта вярталася ў гасцінны цудоўны край. Не крывячы душой прызнаюся: у каторы раз Зэльва здзівіла і зачаравала!
Марыя САМАЛЕВІЧ 
(тэкст і фота).

Предыдущая статья

«Я не боялся быть собой…»