І ладзілася ў вёсцы Ціхаволя свята – прыгожае, вясёлае ды звонкае. Здаецца, сама прырода падрыхтавалася да святочных хвілін. Ранішняе сонейка ўзнялося такім лагодным, ды і летні ветрык падштурхоўваў, ласкава абдымаючы і старых, і малых. І людзі сыходзіліся і з’язджаліся да мясцовага Дома фальклору, ветліва і шчасліва ўсміхаючыся адзін аднаму.
Ці знаёмы вы з ціхавольцамі? Не? Дарэмна. Жыццё ў глыбіні векавых дубоў і елак, сярод прыгожых сцяжынак і маляўнічых мясцін, у адзіным рытме з ляснымі жыхарамі накладвае своеасаблівы адбітак на кожнага з іх. Гэта людзі з адкрытымі сэрцамі, прыгожымі тварамі і залатымі рукамі. Яны вельмі любяць весці няспешную размову, пахваляць сябе, суседа, сябра. Яны прыйдуць на дапамогу ў любую хвіліну; падзеляцца добрай навіной ці нечаканай радасцю. Яны, не шкадуючы, перадаюць з пакалення ў пакаленне сваё майстэрства.
Лёс і гісторыя Ціхаволі, нібыта кветачкі ў вяночку, цесна пераплятаюцца з жыццём кожнага жыхара. Сёння ў вёсцы 128 двароў, жыве 135 чалавек. І, паверце, ўсе – ад малога да вялікага – клапоцяцца, каб вёсачка жыла і прыгажэла з году ў год.
Самай старэйшай жыхарцы Ціхаволі ў жніўні споўніцца 90 гадоў. Але Марыя Сямёнаўна Кунцэвіч на сваіх плячах вагі гэтых гадоў не адчувае. У душы яна заўсёды маладая. А вось мудрасці за жыццёвы шлях накапіла шмат. Лёс поўнай жменяй адмераў ёй і шчасця, і адчаю. У самым пачатку вайны – а ёй тады было сямнаццаць – Марыя была вывезена немцамі ў Германію. І, нягледзячы на голад, холад, слёзы і роспач, адна надзея цяплілася заўсёды ў сэрцы – вярнуцца да роднага парога, абняць любую матулю. Сустрэча з вёскай адбылася толькі ў лютым 1946 года. Марыя Сямёнаўна больш надоўга ніколі не пакідала родны куточак. Тут ладзіла сваё жыццё, сустрэла каханне, нарадзіла і вывела ў людзі траіх дзетак. За плённую добрасумленную працу атрымала званне "Заслужаны калгаснік”, шмат падзяк і добрых слоў ад кіраўніцтва калгаса, ад аднавяскоўцаў. Яна і сёння руплівая бабуля, добразычлівая суседка і любая матуля.
Па-суседску жывуць такія ж сталыя жанчыны – ім крыху больш за 80 – Ніна Ігнатаўна Ламаносава, Марыя Іванаўна Дзун і Марыя Іванаўна Нагродская. Сціплыя, добрыя, прыгожыя вясковыя мадонны, якім арганізатары свята адрасавалі многа добрых слоў, а артысты падарылі сардэчныя песні.
Умеюць і любяць у Ціхаволі працаваць. Працаваць шчыра і добрасумленна. У свой час многія з ціхавольцаў сваёй працай праслаўлялі калгас "Пагранічнік”, зараз яны на заслужаным адпачынку. Былога трактарыста-камбайнера Мікалая Мікалаевіча Галэцкага, трактарыста Уладзіміра Фёдаравіча Іванюка, галоўнага эканаміста Вольгу Хрыстафораўну Абушкевіч, бухгалтара Марыю Максімаўну Кандратовіч, калгаснікаў Міхаіла Андрэевіча Янюка і Паўла Уладзіміравіча Сухоцкага шчыра вітаў і дзякаваў за добрасумленную працу дырэктар УСП "Саўгас "Вердамічы” Станіслаў Францавіч Рыжэўскі. Іх эстафету прадоўжылі трактарыст Васіль Іванавіч Філіновіч, слесар Іван Іванавіч Філіновіч, трактарыст Валерый Іосіфавіч Гайдучэня, вадзіцель Аляксандр Уладзіміравіч Перавы.
Упрыгожылі свята сваімі цудоўнымі вырабамі народныя майстры Мікалай Уладзіміравіч Цырыбка і Анастасія Кандратаўна Янушкевіч. Радавалі вока вышыўкі і ткацтва, разьба па дрэве і цудоўныя малюнкі. А папоўніць асабістую сувенірную калекцыю можна было цікавымі вырабамі народных майстроў з Грынок.
Шлях у вялікі свет пачынаецца ад бацькоўскага парога, ад матулінай малітвы да Бога за сынкоў-дубкоў ды прыгажунь-дочак. Сардэчна ўслаўлялі на свяце шматдзетных матуль Соф’ю Канстанцінаўну Паўлаву, Вольгу Хрыстафораўну Абушкевіч, Марыю Сямёнаўну Кунцэвіч, Ніну Уладзіміраўну Дзун, Веру Іосіфаўну Ластавецкую, Надзею Васільеўну Чурылу, Ніну Антонаўну Нагродскую і Вольгу Іванаўну Шыманчук.
Менавіта ад бацькоўскага парога разляцеліся па свеце знакамітыя аднавяскоўцы, якім і сёння, дзе б яны ні былі, самая смачнейшая вада – у вясковай студні, самае яркае святло – святло бацькоўскай хаты. Услаўляюць родную вёсачку плённай працай Вадзім Алегавіч Ламаносаў, Зоя Аляксандраўна Раецкая, Наталля Васільеўна Філіновіч, Антаніна Іосіфаўна Сяргеева і многія, многія іншыя.
Добрыя, дружныя сем’і жывуць у Ціхаволі: разам – бацькі і дзеці – шчыруюць дома, у кветніку, на агародзе, у школе і на рабоце. Прыклад для маладых – сям’я Філіновічаў. Ніна Васільеўна і Міхаіл Іванавіч ідуць адной сцяжынкай па жыцці вось ужо 57 гадоў. Сям’я Філіновічаў шчодрая на дабрыню, ветлівая і вельмі паважаная аднавяскоўцамі. Абодва працавалі ў калгасе, гаспадар мае званне "Заслужаны калгаснік”. Выгадавалі двух сыноў – надзейную дапамогу і апору ў сталыя гады. Віктар жыве побач, Аляксандр – у Свіслачы.
Старшыня сельсавета В. М. Філіновіч адзначыў "Дамы ўзорнай чысціні”. Падарункі атрымалі Зоя Аляксееўна і Мікалай Мікалаевіч Галэцкія, Святлана Канстанцінаўна і Міхаіл Міхайлавіч Сухоцкія, Галіна Іванаўна Кічкайла. І гэта вельмі правільна, бо наш агульны дом – краіна, вёска, хата – як і мары, і натхненні, павінны быць чыстымі і ўтульнымі.
Ціхавольцы заўсёды жылі ў згодзе з лесам, бо ён і корміць, і поіць. Таму так многа слоў было адрасавана работнікам лесу С. М. Янюк, С. М. Сухоцкаму, Г. А. Акудовічу, А. С. Перавой, С. У. Перавому, А. М. Янюку, М. В. Мілько, В. В. Тарасевіч, Н. У. Брытуку.
Свята вёскі атрымалася такім шчырым дзякуючы работнікам Ціхавольскага Дома фальклору Таццяне Мікалаеўне Казакевіч і Таццяне Мікалаеўне Янюк. Маральную і матэрыяльную дапамогу аказалі В. М. Філіновіч, С. Ф. Рыжэўскі, загадчык сельскагаспадарчага ўчастка Ю. А. Казакевіч.
Дарылі ціхавольцам цудоўныя песні і гульні культработнікі з Дабраволі, Нязбодзічаў, Грынок і Свіслачы.
…Самаму маленькаму жыхару вёсачкі Вадзіку Пракопчыку зараз чатыры гады. Ён з задавальненнем удзельнічаў у свяце разам са сваімі роднымі, слухаў пра гісторыю вёскі, пра аднавяскоўцаў. Пакуль што Вадзік не ведае, кім будзе. Але бясспрэчна адно: нарадзіўшыся ў такой цудоўнай мясціне, жывучы сярод працавітых, сціплых людзей, ён таксама годна пройдзе свой жыццёвы шлях. Каб заўсёды ганарыцца тым, што ён – ціхаволец!
Марыя САМАЛЕВІЧ