
– Падчас наступлення ІІ Беларускага фронту 48 армія нанесла вырашальны ўдар па гітлераўскім войскам у раёне Поразава, – нагадаў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама В. А. Суботка. – 15 ліпеня 1944 года войскі Чырвонай Арміі ступілі на свіслацкую зямлю. У выніку трохдзённых цяжкіх баёў 17 ліпеня была вызвалена Свіслач і ўся тэрыторыя раёна. Дарагою цаною дасталася свабода і жыхарам Свіслаччыны. Пры вызваленні раёна загінула каля паўтары тысячы байцоў Чырвонай Арміі і народных мсціўцаў. Сярод іх камандзір 217-й стралковай дывізіі, Герой Савецкага Саюза палкоўнік М. П. Масонаў, камандзір 668-га стралковага палка гэтай жа дывізіі падпалкоўнік У. А. Свістанюк, маёр Пячоркін… Нялёгка прыйшлося і тым, хто з попелу і руін аднаўляў разбураныя адміністрацыйныя будынкі, бальніцы, школы, дамы.
– Мы ніколі не забудзем тых, хто гераічна змагаўся за вызваленне нашага раёна, нашай радзімы, – адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны П. І. Жук. – Няхай памяць аб іх адклікнецца ў сэрцах кожнага з нас светлым пачуццём, абярнецца добрай справай на карысць нашай Беларусі і яе народа.

Ад маладога пакалення выступіла выпускніца СШ № 3 г. Свіслач, пераможца раённага конкурсу "Вучань года-2013” Вераніка Валанцей.
Жывыя кветкі і вянкі, з якімі прыйшлі на ўрачыстасць удзельнікі мітынгу як даніна памяці і павагі ляглі да падножжа брацкай магілы загінуўшым воінам-вызваліцелям. Да мемарыяльнага комплексу "Асілак” таксама ўскладзены вянкі і кветкі.
17 ліпеня для свіслачан – гэта не толькі дзень памяці і смутку, але свята гонару за свой любімы і дарагі сэрцу край. Таму ўвечары гарадская плошча асабліва ажывілася. Тут лілася музыка, гучалі цудоўныя песні, ладзіліся танцы. На дзіцячых атракцыёнах весяліліся маленькія грамадзяне нашага краю. Гандлёвыя кропкі прапаноўвалі ўдзельнікам свята бяспройгрышныя латарэі, салодкія пачастункі, цацкі і забавы.
Алена КЕДЗІК.