banner

«... Любіце мову-беларуску»

18 Марта’13
3258
«... Любіце  мову-беларуску» Пагавары са мной
на мове,
На нашай роднай,
не чужой.
Адчуеш ты –
у кожным слове
Душа яднаецца з душой.

І. Пракаповіч
Літаратурная сустрэча «Ільняная і жытнёвая... Мова казачнай красы», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы, прайшла ў Свіслацкай дзіцячай бібліятэцы.
На сустрэчу былі запрошаны выхаванцы старэйшых і сярэдніх груп Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Да іх увагі была разгорнута кніжная  выстава лепшых твораў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Уладзіміра Мацвеенкі, Міхася Пазнякова, Васіля Віткі, Артура Вольскага, Авяр’яна Дзеружынскага, Раісы Баравіковай, Алены Масла, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Карызны, Леаніда Пранчака, Валянціна Лукшы, Алеся Пісьмянкова, Максіма Танка, Уладзіміра Ліпскага і іншых. Дашкаляты маглі пазнаёміцца з іх творамі ў кнігах і часопісах.  Вядучы павёў аповед аб далёкай старажытнасці, калі людзі здабылі агонь, прыручылі каня, навучыліся апрацоўваць зямлю, вырошчваць ураджай, здабываць руду і нафту, будаваць масты, вадзіць па марах і акіянах караблі. Буйнейшымі заваёвамі чалавечага розуму ў пазнейшыя часы сталі электрычнасць, самалёты, камп’ютарная тэхніка...
Але ўсё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў людзей з’явілася мова. І  калі ў прысутных запыталі, у якой рэспубліцы мы жывём, хто мы па нацыянальнасці і на якой мове павінны размаўляць, дзеці ўпэўнена, як самасвядомыя беларусы, адказвалі на пытанні.  
І на самой справе, роднае слова з’яўляецца адным з самых вялікіх здабыткаў кожнага народа. Падчас сустрэчы мы прапанавалі дзецям цэлы дзень  размаўляць на роднай   мове. А для таго, каб у прысутных падняўся настрой, вядучы запрасіў успомніць вясёлыя лічылкі, якія выкарыстоўваюцца ў гульні ў хованкі. Вясёлы настрой, шмат станоўчых эмоцый выклікалі лічылкі:
Алды, балды, шык –           
Выхадзі адзін мужык.  

Альбо:       
Дзеці, дзеці, дзетвара,
Уцякайце са двара.                  
Хто не схаваецца, 
                     
Крычыць: "Ура!”.
Затым дзеткам прапанавалі скарагаворкі. І кожны зрабіў спробу паўтарыць самастойна:
Белы бусел
Баіў байку зайку.       
І наступную:         
Ванька едзе –
Танька йдзе.
Танька едзе –
Ванька йдзе.

У той дзень не абыйшлося і без загадак. Дашкаляты і тут паказалі сваю знаходлівасць.
Вось у такой гульнёвай форме мы дакрануліся да захапляючага дзівоснага свету беларускага фальклору: лічылак, скарагаворак, загадак. Але ж гэта маленькая частачка таго, што назапашваў наш народ. Ён склаў шмат песень, калыханак, казак, гульняў. Гэтыя жанры дзецям таксама добра вядомыя. Вядучы расказаў малым, што ў далёкія-далёкія часы, было шмат непісьменных людзей. Яны складалі ўсё толькі ў вуснай форме. Але нашы пісьменнікі і паэты запісвалі ўсё, што склаў народ, апрацоўвалі гэты матэрыял і выпускалі кніжкі, каб як мага больш людзей пазнаёміліся з цікавымі народнымі творамі.
«... Любіце  мову-беларуску» І калі мы звярнулі ўвагу дзяцей на партрэты двух знакамітых пясняроў, дзеці беспамылкова назвалі Янку Купалу і Якуба Коласа.  Яны даведаліся аб тым, якая прага была ў гэтых хлапчукоў да кніжак і ведаў. Яны многа чыталі, вельмі любілі слухаць і запісваць песні, казкі. Разам з песнямі зацікаўлена ўспрымалі вобразы герояў казак, легенд, пачутых ад сваіх родных, сялян, аднавяскоўцаў. Захапленне Яся і Кастуся кнігамі перайшло ў жаданне самім пісаць вершы. Дзеці з задавальненнем паслухалі вершы "Юрачка” Янкі Купалы і "Вясна” Якуба Коласа.
Падводзячы вынік сустрэчы, мы адзначылі, што для беларускіх паэтаў і пісьменнікаў родная мова служыць адначасова і аб’ектам, і сродкам апявання. Яна з’яўляецца як бы крыламі для песень: натхняе на творчасць, выклікае пачуцці любові і гордасці за родную мову.
 А каб сустрэча для дзетак стала незабыўнай, мы прапанавалі спектакль па матывах беларускай народнай казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа "Як курачка пеўніка ратавала”, падрыхтаваны тэатрам кнігі "Кніжынка” (кіраўнік Іна Янушкевіч). Славутая казка  расказала пра дабро, пра герояў, якія дапамагаюць сваім сябрам у бядзе. Персанажы казкі спявалі беларускія песні, размаўлялі на сакавітай роднай мове, багата аздобленай трапнымі народнымі выразамі, прыказкамі і прымаўкамі. Маленькія наведвальнікі ў той дзень адорвалі апладысментамі артыстаў-лялечнікаў: Ульяну Фалькоўскую (Васілінка), Эдварда Лаўшкіна (Васілёк), Кірыла Пакутніка (Касец І), Аляксандра Маславецкага (Касец ІІ).
Дрыжыць прастор
нябёс грамовых.
У родны край ідзе вясна.
Я зноў пра мову,
зноў пра мову –
Яна, як маці, у нас адна.
Каб белы свет
не здаўся вузкім,
Каб годна жыць
паміж людзей,
Любіце мову-беларуску,
Любіце з кожным днём
мацней.

Тамара ЯНЦЭВІЧ,
загадчыца
дзіцячай бібліятэкі

Предыдущая статья

В музей, как на свадьбу