banner

Пакаштуйце пяльмені! Паспрабуйце клёцкі!

10 Апреля’12
2315

Пакаштуйце пяльмені! Паспрабуйце клёцкі!

Праўду кажуць у народзе: “Дзе каша і аладка, там будзе і грамадка”. Так і ў нас павялося ў клубе. Больш за год збірае кулінарнае шоу “Смачна есці” не толькі гаспадынь, а і ўсіх тых, хто хоча гэта смакоцце пакаштаваць.
Вясновымі святочнымі днямі сваімі сямейнымі кулінарнымі рэцэптамі дзяліліся Жана Міхайлаўна Філіновіч і Наталля Віктараўна Барэль. Вы ж, паважаныя чытачы, помніце, што сумесна з рэдакцыяй газеты для ўсіх гаспадынь раёна мы абвясцілі год бульбы. Таму і нашы ўвішныя грынкаўскія маладзіцы частавалі стравамі з бульбы.
— У маім жыцці, — распавядае Жана Міхайлаўна Філіновіч (працуе яна ў бібліятэцы, мае двух дарослых сыноў і вельмі чакае ўнукаў), — бульбачка займае даволі значнае месца. Нарадзілася я ў Рыбалах. Вёска з ўсіх бакоў акружана лесам. І таму, дзе б ні садзілі жыхары соткі, з якога-небудзь боку абавязкова знаходзіўся сасоннік. І мы, дзеці, пакуль дарослыя выкопвалі ўраджай, пяклі бульбачку ў вугельчыках, а потым частавалі ёю бацькоў. Якая ж яна тады была смачная! Трохі падросшы, мы былі добрымі памочнікамі, калі трэба было адпасвіць калейку кароў. І цэлы дзень у лузе ля лесу мы зноў пяклі бульбу… Што і казаць, няма нічога найсмачнейшага, як вараная бульбачка ды са шкварачкамі. А калі не паленавацца ды зрабіць да яе кваску сырога… Недарма склалася прыказка ў народзе: “Квасок – не з трасок, а з цыбулькі”. Вось гэта смаката!
Апошнім часам вельмі любіць Жана Міхайлаўна частаваць сваю сям’ю ды любімых пляменнікаў пяльменямі з бульбай.
Пакаштуйце пяльмені! Паспрабуйце клёцкі!Цеста рыхтуецца, як на звычайныя пяльмені. Адзін сакрэт: перад тым як іх ляпіць, палажыце цеста хоць на паўхвілінкі ў халадзільнік – яно будзе больш эластычным.
Бульба для начынкі адварваецца. Зрабіць таўканіцу, дадаць сметанковага масла, трошкі тлушчу, прыпраў для каўбас (таўканіца не павінна быць рэдкай).
Калі пяльмені будуць гатовыя, абавязкова паліць тлушчам з маленькімі шкварачкамі і цыбулькаю, пасыпаць зялёным кропам.
Наталля Віктараўна Барэль – гаспадыня маладая. Любіць рыхтаваць розныя стравы разам з мужам Сяргеем (ён працуе настаўнікам у мясцовай школе). Зараз Наталля ў дэкрэтным водпуску. Падрастаюць памочніцы-дачушкі Яна і Мілана.
Пакаштуйце пяльмені! Паспрабуйце клёцкі!– Мне здаецца, ніводзін дзень у нас не абыходзіцца без бульбы, – гаворыць яна. – Ведаеце, свякроў нават падарыла мне цудоўную кнігу “Бульба”. А вось са свайго дзяцінства мне больш за ўсё падабаліся, памятаю, клёцкі ці галушкі – з малачком або са шкварачкамі. Цяпер гэту страву гатуюць вельмі рэдка. Найбольш з мясам, з грыбамі. А мы вельмі любім клёцкі са шкваркамі. Наш тата чысціць і трэ бульбу, мы са старэйшай дачушкай Янай гатуем страву.
Нацёртую сырую бульбу трэба аджаць, дадаць трохі мукі, соль, вымешаць і зрабіць невялікія клёцкі. Адварыць, разліць у тарэлкі, заправіць дробнымі шкварачкамі і цыбулькай.
Прыемнага вам апетыту ад грынкаўскіх гаспадынь!

Марыя САМАЛЕВІЧ,
вёска Грынкі.

На здымках: грынкаўскія гаспадынькі Ж. М. Філіновіч і Н. В. Барэль; Дар’я і Наталля Варабей дэманструюць пяльмені цёткі Жаны; клёцкі ад Наталлі Барэль.

Предыдущая статья

По ниточке, по ниточке…