banner

Бульбачка Смятанаўна запрашае

07 Февраля’12
2232

Як прыемна вяртацца да падзей, якія цешаць сэрца і грэюць душу. Такой адметнай падзеяй для нашай культурнай установы ў мінулым годзе было свята “Хата пірагамі багата”, якое сабрала да нас у госці дбайных гаспадынь раёна. Здаецца, што ж тут адметнага? Але вось бачыце – і на ніве кулінарыі можна знаходзіць сяброў і ладзіць святы.
Сёння ж мне хочацца яшчэ ўспомніць дарагую падзею ў маім жыцці. 10 гадоў таму ў красавіку 2002 года на раённым аглядзе-конкурсе гульнёвых праграм “Мая гульня” праграма “Бульбачка Смятанаўна запрашае” Грынкаўскага Дома культуры была прызнана пераможцай. Яркі самабытны вобраз Бульбачкі Смятанаўны так прыйшоўся даспадобы гледачам, што мяне больш за 2 гады асабістым іменем і не называлі.
І пайшло, і паехала… З гэтай праграмай я пабывала на абласным аглядзе гульнёвых праграм у Воранаве “Воранаўскія пацехі”. І тут перамога! Дыплом за першае месца прымала з рук вядомага рэжысёра Пятра Гуда і метадыста рэспубліканскага метадычнага цэнтра Клаўдзіі Лабчэўскай.
Яркім і запамінальным было выступленне на фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Шчыра і гасцінна сустракалі ўдзельнікі свята славянскай пісьменнасці ў Міры.
Усе гэтыя падзеі сталі штуршком для стварэння тэатра-студыі гульні “Карагод”, які вось ужо чацвёрты год носіць ганаровае званне “народны”. Тэатр-студыя яднае людзей, улюбёных у гульню. Заўсёды нешта выдумляем, ладзім рэквізіт, майструем касцюмы і сувеніры. А як вынік – свет убачылі тры зборнікі сюжэтна-гульнёвых праграм: “Бульбачка Смятанаўна запрашае” (2003 г.), “Вясёлая сямейка” (2009 г.), “Вясковая ідылія” (2011 г.).
Гульнёвая праграма “Бульбачка Смятанаўна запрашае” ўслаўляе нашу любую ўсім апетытную бульбу. Нам жа цяпер вельмі цяжка ўявіць, што некалі нашы продкі абыходзіліся без яе. Дарэчы кажучы, адносіны з бульбай у нас не заўсёды былі простымі.
Што ж можа быць смачней за хрумсткія дранікі ці пахкую таўканіцу, засмажаную на патэльні ў печы?! А сакавітыя, з дробнымі шкварачкамі, з цыбулькаю ці малаком (па густу) клёцкі?! А знакамітая бабка! Тут нават не хапае слоў… У кожным доме, у кожнай сям’і свае ўлюбёныя стравы з бульбы, а традыцыйныя рыхтуюцца па свайму смаку і густу.
Таму, здаецца, не лішнім будзе аб’явіць сярод шаноўных гаспадынь раёна новы конкурс – “Бульбачка Смятанаўна запрашае”.
Грынкаўскі сельскі Дом культуры і рэдакцыя “Свіслацкай газеты” шчыра запрашаюць прыняць удзел у гэтым творчым спаборніцтве. Чакаем ад вас рэцэпты страў з бульбы. А для ўсіх, хто шчыра дапамагае гаспадынькам на кухні спрабаваць усю смакату, прапануем “бульбяную” віктарыну.
Вось нашы пытанні:

1. Які год Арганізацыя Аб’яднаных Нацый абвясціла ў Беларусі Годам бульбы і чаму?
2. Дзе знаходзіцца Музей бульбы і міравая калекцыя бульбы. Што вы пра гэта ведаеце?
3. Чаму і калі праходзілі ў Расіі “бульбяныя бунты”?
4. Ваш асабісты рэкорд па вырошчванню “другога хлеба” і творчыя адносіны да яго (вершы, прыпеўкі, фотаздымкі).

Не адкладвайце ўдзел у конкурсе на “потым”. Свае рэцэпты і адказы на пытанні віктарыны дасылайце на адрас рэдакцыі “Свіслацкай газеты”. Вынікі мы падвядзем у кастрычніку да Дня маці. Грынкаўскі Дом культуры шчыра запросіць усіх, хто прымаў удзел у гэтых змаганнях. Пераможцаў чакаюць дыпломы і падарункі. Мы вельмі пастараемся, каб вам у нас было цікава і ўтульна.
Бульбачка Смятанаўна запрашае вас, паважаныя сябры!

Марыя САМАЛЕВІЧ,
дырэктар Грынкаўскага сельскага Дома культуры.

Предыдущая статья

12-я сессия районного Совета депутатов 26 созыва