banner

Захаваць для нашчадкаў

08 Ноября’11
1672

Наведаў музей. Бачна, што вядзецца пастаянная карпатлівая работа па ўдасканальванню экспазіцый. Ужо пасля даведаўся: апошнімі гадамі рабіўся касметычны рамонт. З’явілася зала для выстаў. За перыяд са жніўня 2009-га па кастрычнік 2011-га было праведзена 17 разнастайных тэматычных выставак. Прэзентаваліся работы самабытных нашых мастакоў, фотавыставы, а яшчэ – іконы ды шмат чаго іншага. “Беларускі арнамент”, “Свіслаччына ў фотааб’ектыве” (А. Баяркінай), “Саламяная казка” (выстава работ народных майстроў), “Наш край белавежскі” (фотавыстава Г. Шыраева) – толькі невялікая частка з іх.

На сённяшні дзень экспазіцыі пасляваеннага перыяду няма. Мне растлумачылі, што яна існавала з 1979 года і практычна не абнаўлялася. Патрабуецца новае абсталяванне, якое дазволіць паўней адлюстраваць матэрыял. Але на гэта не хапае сродкаў. У архівах музея захаваліся ўсе мінулыя набыткі і з’явілася шмат іншых. А з таго часу так шмат усяго адбылося! Таму патрабаваліся кардынальныя змены, і яны адбыліся. У канцы года плануецца адкрыць доўгатэрміновую выставу “Это наша с тобой биография”, на якой будзе адлюстраваны перыяд з 1944 г. да нашых дзён. Сапраўды, гэта наша біяграфія, наша гісторыя і адмаўляцца ад яе мы не маем права, толькі глядзім ужо па-новаму. Таму будзем чакаць выставы і спадзявацца на поспех яе. Ёсць у правінцыйных музеях свая чароўнасць, толькі падтрымліваць яе ўсё цяжэй. Таму музей спадзяецца на дапамогу спонсараў.

Захаванне гістарычнай спадчыны з’яўляецца надзвычай важнай справай. 23 разнастайных – археалагічных, прыродных, гістарычных, архітэктурных – помніка ў раёне занесены ў Дзяржаўны рэестр. Сярод іх, напрыклад, Вердаміцкі парк, касцёл у г. п. Поразава. У самой Свіслачы гэта – былая гімназія, брацкая магіла, помнік Кастусю Каліноўскаму. Свіслацкая алея помнікаў вядома далёка за межамі нашага горада. На ёй прадстаўлены разнастайныя этапы гістарычнага шляху нашага народа. Праўда, раней тут знаходзіўся яшчэ і бюст К. Каліноўскага. Пацікавіліся: куды і чаму ён знік? Аказалася, што помнік проста не вытрымаў пастаяннага ўздзеяння разнастайных атмасферных метамарфоз, бо быў створаны для памяшкання, а не для вуліцы. Ён стаў, на жаль, паступова разбурацца. Яго не раз рэстаўравалі, але з часам ён прыйшоў у поўную нягоднасць, і цяпер яго не прадстаўляецца магчымым узнавіць. Суцяшае той факт, што помнік Каліноўскаму захаваўся на плошчы. Яго аўтар – знакаміты беларускі скульптар Заір Азгур.

Гісторыя народа – неацэнны скарб. Захоўваць, шанаваць і ведаць гэты скарб – ганаровая і нялёгкая задача. Але іначай нельга, бо без гісторыі не будзе сапраўднай будучыні.

Анатоль РАМАНЧУК.

Предыдущая статья

Без права на воспитание