banner

Кулінарныя дзівосы з прысмакам свята

24 Октября’11
1853

Кулінарныя дзівосы з прысмакам свята

18 студзеня бягучага года першы раз пабачыла свет тэматычная старонка нашай газеты “Чым хата багата, або Карысны аўторак”. Галоўнай яе гераіняй была знакамітая гаспадынька з Занак Антаніна Сямёнаўна Пясняк. Яна падзялілася з чытачамі раёнкі рэцэптамі вельмі смачных наліснікаў і рулета з сыру.

І пайшло-паехала… З лёгкай рукі Антаніны Сямёнаўны на старонках “Свіслацкай газеты” пагасцілі ўжо 30 кулінарак і 3 кулінара. Было надрукавана больш за 100 рэцэптаў. І гэта яшчэ толькі пачатак. Бо мы ведаем, што наш раён вельмі багаты на таленавітых людзей, майстроў кулінарных спраў. А колькі ў іх назапашана цудоўных рэцэптаў, дык і палічыць немагчыма. Гэта значыць, што наш “Карысны аўторак” будзе знаёміць чытачоў з новымі гаспадынькамі і іх смачнымі шэдэўрамі.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаУсе гэта наперадзе. А сёння хочацца расказать пра тое, якое свята для нашых гаспадынь наладзілі работнікі Грынкаўскага Дома культуры. Чаму акурат там яно адбылося? А таму, што менавіта дырэктар гэтай культурнай установы Марыя Мікалаеўна Самалевіч зрабіла яшчэ вясной прапанову аб’явіць на старонцы “Аўторка…” конкурс на лепшы пірог ці каравай, а восенню – падвесці яго вынікі.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаПра здольнасці работнікаў гэтай установы я ведаю не па чутках, але ж таго, што давялося пабачыць у нядзельку, нават сабе ўявіць не магла. Была дасканала прадумана кожная дробязь, падрыхтаваны канцэртныя нумары, зроблены сваімі рукамі шыкоўныя сувеніры, прадугледжаны ўсе нюансы. І простая сустрэча аматараў кулінарнага майстэрства ператварылася ў своеасаблівы вясковы фэст.

Запрашалі мы на яго ўсіх гаспадынек, якія гасцілі на старонках “Карыснага аўторка”, але, на жаль, не ўсе здолелі прыехаць. І, хочацца адзначыць, яны шмат страцілі. Бо свята атрымалася цудоўным, добрых успамінаў у кожнага хопіць надоўга.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаВядучая свята Марыя Самалевіч прывітала са сцэны ўсіх прысутных і перадала слова вядучай старонкі “Чым хата багата, або Карысны аўторак” Ларысе Самарынай.

Яна расказала, як нарадзілася ідэя стварэння такой тэматычнай старонкі, падзякавала ўсім, хто адгукнуўся на запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе і хто падзяліўся сваімі кулінарнымі рэцэптамі з чытачамі раёнкі.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаА потым на сцэну адзін за другім падымаліся героі ўрачыстасці, прымалі ў свой адрас самыя шчырыя словы ўдзячнасці, атрымлівалі прызы і ў якасці музычнага падарунка – песню ў выкананні юных спевакоў з гурткоў эстрадных спеваў і “Гарошынкі”.

Гаспадынька з Кабыль-нікаў Соф’я Мікалаеўна Рак адзначыла, што дзе б яна ні была, найлепшай стравай, якую ўпадабалі не толькі дзеці, муж, але і яго таварышы па службе, сябры, была беларуская “бабка”.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаВольга Іванаўна Быль прызналася, што ўдзел у “Карысным аўторку” прынёс ёй вядомасць, а рэцэпты, якімі яна падзялілася, прынялі да ўвагі многія гаспадынькі, асабліва ўсім падабаюцца яе тварожныя абараначкі.

Іван Канстанцінавіч Ламашкевіч, які таксама даў чытачам некалькі добрых гаспадарскіх парад, расчуліў усіх, хто быў у зале, сваімі прыгожымі вершамі, асабліва пра самага дарагога чалавека – маці.

Ала Яўгенаўна Шышко жартаўліва адзначыла, што ў той дзень, калі выйшаў нумар газеты з яе ўдзелам, ніякай работы больш не было, усе толькі і рабілі, што чыталі раёнку.

Чарговы раз парадавала песняй сваіх землякоў грынкаўчанка Святлана Гінч, якая праехала з мужам праз увесь Саюз, вярнулася ў родную вёску. Рэцэпты прысмакаў, якімі яна частуе сваіх блізкіх і родных, а таксама сяброў, гэтая цудоўная гаспадынька сабрала з цэлага свету і цяпер вось усіх здзіўляе, у тым ліку і чытачоў раёнкі.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаНечаканым і яскравым момантам свята стала з’яўленне на сцэне “пчолак”. Іх вобраз вельмі ўдала стварылі Таццяна Данільчык з дачушкамі – Вікай і Ксеніяй. Ды і не дзіва, гэтая прыгожая сямейка не толькі брала ўдзел у мерапрыемствах, якія праходзілі ў роднай вёсцы, а і здолела бліснуць на абласным узроўні.

Добры прыклад маладым паказваюць і вопытныя вясковыя гаспадынькі. Дом культуры нават рэалізаваў спецыяльны праект “Смачна есці!”, у якім прынялі самы актыўны ўдзел такія майстрыхі-кулінаркі, як Любоў Плескачэўская, Ніна Дзідэнка, Святлана Гінч, Яўгенія Барэль, Таццяна Данільчык. Яны адна перад адной стараюцца паказаць свае лепшыя здольнасці ў свеце кулінарнага майстэрства, кожны раз здзіўляючы нечым новым і дасканалым.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаПра іх нават фільм быў зняты, які прадэманстравала на свяце яго стваральніца Надзея Мацюк.

Усе гэтыя гаспадынькі атрымалі ў падарунак сувеніры, а таксама прыгожую песню.

Бадай, самым урачыстым момантам свята было ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Хата пірагамі багата”. Для гэтай місіі была запрошана на сцэну галоўны рэдактар “Свіслацкай газеты” Ядвіга Пятроўна Курыла. Яна шчыра падзякавала ўсім гаспадыням, адзначыла зацікаўленасць чытачоў і выказала ўпэўненасць у тым, што з кожным выхадам “Карыснага аўторка” ў яго будзе ўсё больш прыхільнікаў.

Кулінарныя дзівосы з прысмакам святаДыплом пераможцы, а таксама падарунак ўручаны ініцыятару і актыўнаму ўдзельніку конкурсу Марыі Мікалаеўне Самалевіч за ініцыятыву, творчы падыход і арыгінальнасць рэцэпта прадстаўленага на конкурс пірага. Дыпломаў конкурсу ўдастоены Любоў Андрэеўна Болбат з Грынок, Надзея Яўхімаўна Немец з Задваран, Людміла Іванаўна Сафронава з Жаркаўшчыны.

Гэтым прыемным момантам свята магло б і скончыцца, але ж не ў Грынках. Гледачоў чакала яшчэ мноства дзівосаў. Адным з іх быў шыкоўна накрыты “салодкі стол”, смакоцце на які прынеслі амаль ўсе, хто прыйшоў на свята. Салодкія пірагі, пячэнне, пірожныя, торты, смачныя напоі прыйшліся да спадобы літаральна ўсім.

А тым часам народны тэатр-студыя “Карагод” ужо запрашаў на гульні. Два прыгожых Мухаморчыка (М. Самалевіч і С. Шмыга), а таксама Бледная Паганка (Н. Лапошка) праводзілі вясёлыя конкурсы, расказвалі цікавыя гісторыі, узнагароджвалі ўдзельнікаў прызамі.

Увесь час не змаўкала музыка, спевы. Сваё майстэрства дарылі гледачам юныя спевакі Маргарыта Нарэўская, Насця Пракопік, Алег Лапошка, Яна Барэль, Дзіна Пачакоўская, Даша Дзяцел, Даша Варабей, Наталля Казлоўская. Стварыць свята дапамаглі і акампаніятары Дзмітрый Салдаценка і Дзмітрый Бародзіч.

Свята скончылася, але “Карысны аўторак” існуе надалей і чакае сваіх новых гаспадынек у рубрыку “Смачна есці!”. Калі ласка, запрашаем усіх жадаючых прыняць у ім удзел. Наперадзе, як ужо адзначалася, новыя конкурсы, а гэта значыць — і новыя пераможцы.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Кветкі для Героя