Даўно гэта было, шмат вады ўцякло з тых пор, і відавочніцай усяго гэтага я не была, але тое, што расказала некалі бабуля, чамусь надоўга залягло ў памяць.
Дык вось. Недзе ў нашых мясцінах жылі некалі муж з жонкай. Досыць добра жылі, дзяцей выгадавалі, мабыць, ужо і ўнукаў дачакаліся. І раптам нешта стала далягаць жонцы. У тыя часы такога медыцынскага абслугоўвання, як зараз, не было, часцей да бабулек-знахарак звярталіся людзі, вось і жанчына тая пайшла да такой бабулі. Тая дала ёй нейкіх зёлак, сказала, як і колькі піць, ды адправіла дадому. Жанчынка зёлкі заварвала, піла, але лягчэй не станавілася. Наадварот, з кожным днём было ўсё горш і горш, не магла ўжо ні есці, ні піць, марнела на вачах і нарэшце зусім злягла.
Муж, пэўна, шкадаваў, непакоіўся, клапаціўся. Вядома, шмат гадоў у згодзе пражылі, хату пабудавалі, гаспадарку мелі, зямлі неблагі кавалак. А тут жонка на вачах згасае, як не непакоіцца?!
Пэўна, што шкадаваў. Але аднойчы, калі яна ўжо не ўставала і была зусім слабой, ён прысеў каля яе на ложак і пачаў размову.
— Ці ты чуеш мяне, Галя?
— Чую, Лявон, — ледзь чутна адказала яна.
— Зусім ты аслабела, мабыць, хутка мяне аднаго пакінеш. Як я буду?
— Будзеш неяк, дзякуй Богу, дзетак выгадавалі, свой хлеб маюць, ды і ў цябе рукі працавітыя, не прападзеш.
— Так то яно так, але ж і гаспадыня ў хаце патрэбна.
— Даруй, Лявонка, але хіба я хацела, каб так здарылася.
— Ніхто не хацеў, Галя, гэта лёс такі.
— Можа, і лёс, — згадзілася жонка.
— Я вось рашыў з табою параіцца. Ты жанчын вясковых добра ведаеш, да працы разам з імі хадзіла, пэўна, знаеш, якая на што вартая. Можа, ты мне падкажаш, якую мне ўзяць, калі ты памрэш? Можа, суседку Маню, што аўдавела мінулым летам? А мо, Ганну Іванову, ну тую чарнявую ўдавіцу з канца сяла? Га? Ці, можа, Таццяну, дзеўку старую, яна не такая яшчэ і старая, можа, гадоў за сорак. Што ты скажаш, Галя?
Нічога не адказала жонка, толькі паглядзела яму ў вочы, а потым адвярнулася да сцяны і ціхенька заплакала.
Хто ведае, ці зразумеў той муж, чаго яна слязьмі ўмылася? Можа, няёмка стала, што ўквяліў, а можа, і ўвагі не звярнуў. Невядома, як там было, але з таго дня ў хаце пачалі адбывацца дзіўныя рэчы. Жонка неўзабаве стала папраўляцца, а муж, наадварот, раптам занямог. Ёй з кожным днём станавілася лягчэй, з’явіўся апетыт, шчокі паружавелі, потым паціху і на ногі пачала ўставаць. А мужык у той час усё часцей скардзіўся на боль у сярэдзіне, не мог есці, збялеў, схуднеў і праз некаторы час злёг у пасцель. Жонка даглядала, варыла булёны, прыводзіла бабку-шаптуху, заварвала зёлкі.
Не памагло. Муж згасаў, як свечка, і праз некалькі месяцаў яна яго пахавала.
Пра тое, каб знайсці сабе каго, не думала, жыла дзеля дзяцей, дапамагала гадаваць унукаў і нават дачакалася праўнукаў. Пра тое, як раіўся з ёю некалі муж, расказала, пэўна, сяброўцы, а тая яшчэ камусь. І панесла “жаночае радыё” чутку па свету. Іначай, адкуль бы хто ведаў пра гэтую гісторыю.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.