Фотаальбом «Свіслач і ваколіцы», які толькі-толькі выйшаў у свет, можа стаць не толькі памятным падарункам для гасцей нашага горада і раёна, але і прыемным напамінкам пра вандроўкі па слаўных мясцінах раёна — для кожнага свіслачаніна.
Трымаю буклет у руках, удыхаю прыемны (такі можа быць толькі ў новай кнігі!) пах тыпаграфскай фарбы, праводжу далонню па гладкай вокладцы, на якой ціснёнымі залатымі літарамі выбіта назва.
Большасць здымкаў — аўтарскія работы нашага фотакарэспандэнта Грыгорыя Шыраева, асобныя — Часлава Горбача, які шмат гадоў аддаў рабоце ў рэдакцыі і зведаў кожны куточак раёна. Дзякуючы ім альбом атрымаўся такім яркім і змястоўным. Гартаеш старонкі — і нібы вандруеш у часе і прасторы. Тут і самыя значныя падзеі дня сённяшняга, і шчырыя працаўнікі, што адданай працай уносяць свой уклад у скарбонку раёна. Сучасныя адміністрацыйныя будынкі ўдала суседнічаюць з велічнымі помнікамі старажытнага дойлідства — вось яна, наша гісторыя! Зімовыя пейзажы змяняюцца летнімі малюнкамі: працуючыя камбайны на бязмежным жытнёвым палетку, гарачы асфальт на будаўніцтве дарогі вакол Белавежскай пушчы, блакітная азёрная плынь, што нясе прахалоду ў спякотны дзень... Кожны здымак — як адлюстраванне нашага жыцця ў яркіх колерах вясёлкі.
У буклеце змешчаны карты раёна і Свіслачы, што дапаможа кожнаму вандроўніку з лёгкасцю арыентавацца на мясцовасці. Гартаючы старонкі, таксама можна атрымаць шмат цікавых звестак пра слаўную гісторыю Свіслаччыны, яе знакамітых асоб і сучаснікаў.
Засталося дадаць толькі, што фотаальбом выйшаў тыражом 3 500 экзэмпляраў. Набыць сабе (ці госцю ў падарунак) яго можна ў кіёсках «Гроднааблсаюздрук», у кнігарні ці ў паштовых аддзяленнях. Паспяшайцеся за навінкай!
Ларыса САМАРЫНА.