Пачаўся сезон восеньскіх кірмашоў. Першы з іх адбыўся ў мінулую суботу па вуліцы Камсамольскай у Свіслачы на рынку Свіслацкага філіяла Гродзенскага аблпатрэбтаварыства. Зацікаўленыя пакупнікі маглі знайсці патрэбны тавар і параўнаць спалучэнне цаны і якасці ў розных гандляроў.
З самага ранку сельгаспрадпрыемствы раёна даставілі ў асартыменце мяхі са збожжам. Так, УСП “Новы Двор-Агра” прадавала ячмень па 9 руб. за 40 кг (мяшок), філіял “Нязбодзічы” ААТ “Ваўкавыскі мясакамбінат” прапаноўваў трыцікале па 8 руб. 50 кап. за 45 кг, ААТ “Ханявічы” – такое ж збожжа па 8 руб. за 45 кг, СУП “Ханчыцы-Нёман” рэалізоўвала ячмень па 13 руб. за 50 кг. Асабліва шматлюдна было каля машыны з пшаніцай УСП “Саўгас “Велікасельскі”, збожжа можна было набыць па цане 12 руб. за 50 кг. Яблыкі чатырох сартоў вытворчасці ААТ “Акр-Агра” каштавалі 67 кап. за кілаграм.
Парадавалі пакупнікоў мясцовыя кааператары. На тарговым месцы Свіслацкага філіяла Гродзенскага аблпатрэбтаварыства прапаноўвалі бульбу па 13 кап., капусту па 27 кап., моркву і цыбулю па 41 кап., буракі па 27 кап., перац па 1 руб. 25 кап., таматы па 59 кап., яблыкі па 69 кап. і грушы па 1 руб. 24 кап. за кілаграм. Журавіны можна было набыць па 3 руб. 70 кап., мёд – па 6 руб. 86 кап., насенне лёну – па 2 руб. 64 кап. за кілаграм. Дарэчы, усе жадаючыя змаглі пакаштаваць гарачых піражкоў, шашлыка, каўбасак і шмат іншай смакаты ўласнай вытворчасці кааператараў.
Сваю прадукцыю на кірмашы таксама прапаноўвала СФГ “Свислочские овощи”. У прыватнасці, капусту ў фермераў можна было набыць па 20 кап. за кг ці па 6 руб. за сетку (30 кг), моркву і буракі – па 1 руб. 50 кап. за 7,5 кг, бульбу па 6 руб. за 40 кг, цыбулю па 2 руб. 50 кап. за 8 кг.
Гаспадыня з Бераставіцкага раёна прадставіла на выбар свіслачан больш за 30 відаў саджанцаў чарэшні, яблыні, парэчкі, маліны (ад 4 да 14 рублёў за штуку).
Задорны настрой на кірмашы стваралі работнікі Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Каб задаволіць пакупніцкі попыт, наперадзе свіслачан чакаюць чарговыя восеньскія кірмашы.
Кацярына ДУДКО.
Фота аўтара.