Калі сонейка ўстане над гаем,
Я пайду, я пайду напрасткі,
Дзе пяшчотна, як маці, страчае
Мяне вёсачка з назвай Грынкі.
Я шчаслівы, што тут нарадзіўся,
Што гаворкі тваёй не забыў,
Тут радзіму любіць навучыўся,
І тужыў без цябе, дзе б ні быў.
Я іду па мяжы нетаропка,
Слёзы сушыць мне ветрык з лугоў,
Грэчка водарам-пахам салодкім
Мне дзяцінства ўзгадвае зноў:
Там, ля рэчкі, траву касіў з татам
Маладым і рухавым яшчэ,
Тут хадзіў пастушком я за статкам,
І спяваў, і мужнеў, і крапчэў.
Ля рачулкі стог сена духмяны,
З мамай там слалі лён на мароз.
Рос я тут паслухмяным, рахманым...
Успаміны трывожаць да слёз...
Усплывае ўспамін за ўспамінам,
У галаве многа іх паўстае.
Зверху звонкі жаўрук песняй-гімнам
Новай сілы мне зноў прыдае.
Ветрык з лугу радзімай павеяў,
Закувала зязюлька званчэй.
Тут і сонейка ласкавей грэе,
І вадзіца з крынічкі смачней.
Ой, Грыночкі! Вы рай мой ля гаю!
Ой, Грыночкі! Выток мой і лёс!
Непаўторнасць пушчанскага краю
Ды гамонка дубоў і бяроз.
Толькі сэрца ізноў ускалыхнецца,
Калі ўбачу хацінку пустой.
Чаму болей сцяжынка не ўецца
Да старэнькай хаціначкі той?!
Няўжо вокны святлом не засвецяць,
Не заўецца дымок з каміноў,
Не зайграе вясёлкаю квецень,
Смех дзяцей не пачуецца зноў?!
Іван ЛАМАШКЕВІЧ,
г. Свіслач.