Свіслаччына заўсёды славілася таленавітымі людзьмі, дзякуючы якім яна стала вядомай далёка за сваімі межамі. Сярод іх ёсць і навукоўцы, і пісьменнікі, і паэты, і мастакі, і палітычныя дзеячы...
У пачатку XX стагоддзя сваю малую радзіму праславіла актрыса Эстэр-Рахель Камінская. Будучая зорка яўрэйскага тэатра нарадзілася 10 сакавіка 1868 г. у мястэчку Поразаве Гродзенскай губерніі ў даволі беднай шматдзетнай сям’і кантара мясцовай сінагогі Гальперна. Яна займалася самаадукацыяй і адначасова працавала мадысткай, прадаючы багатым жанчынам капялюшыкі розных фасонаў.
У 1891 г. маладая мадыстка ўпершыню прыйшла ў аматарскі тэатральны гурток, а праз год дэбютавала ў варшаўскім тэатры «Эльдарада», і гэта было пачаткам бліскучага шляху актрысы, якую пасля назвалі «маці яўрэйскага тэатра».
У пачатку ХХ ст. яе муж – акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр Абрагам Камінскі – стварыў тэатральную трупу на чале з Эстэр-Рахель, і гэтыя «вандроўныя зоркі» пачалі паспяховыя гастролі – у асноўным па суседніх гарадах і мястэчках.
У 1906 г. яны абгрунтаваліся ў Варшаве, дзе на змену скетчу і маленькім камедыям прыйшлі спектаклі класічнага рэпертуару. 9 сакавіка 1909 г. яўрэйскі літаратурны тэатр з вялікім поспехам паказаў у Санкт-Пецярбургу спектакль па п’есе Якава Гордзіна «Мірэла Эфрас». Рэцэнзент з газеты «Рассвет» пісаў пра Эстэр: «У яўрэйскім тэатры мы атрымалі рэальны вобраз увасаблення нацыі. Пранікаючыся адчуваннем жывога, яна творыць нацыянальнага генія, часам забываеш, што ты ў халодным, варожым табе Пецярбургу...» Уладзімір Жабацінскі ў сваёй рэцэнзіі пісаў, што Эстэр Камінская «валодае ў дзівоснай ступені сакрэтам спалучэння агульначалавечага з яўрэйскім, ці іграе яна гордую Мірэле Эфрас, ці дзяўчынку-сіротку Хасю». Пасля па п’есе «Мірэле Эфрас» быў зняты кінафільм, галоўную ролю ў якім, зразумела, выканала Эстэр Камінская.
31 мая 1911 г. у Варшаве, у доме, пабудаваным на грошы мясцовых яўрэйскіх мецэнатаў, адбылося адкрыццё новага яўрэйскага тэатра. Трупу ўзначаліла Эстэр Камінская. Пасля гэтага былі паспяховыя гастролі ў Вільні і Віцебску, Парыжы, Лондане, Нью-Ёрку. Вестка пра рэвалюцыю застала Эстэр на гастролях на поўдні Украіны. Тут яна атрымала і горкую вестку пра тое, што ў Варшаве памёр муж.
Эстэр едзе ў Маскву, іграе ў халодных, слаба асветленых тэатральных залах. Іграе так, што аглядальнік «Весніка тэатра» піша: «У гісторыі сусветнага тэатра побач з імёнамі Бернар і Дузе, Камісаржэўскай і Ярмолавай будзе стаяць імя вялікай яўрэйскай артысткі, імя ганарлівай і непахіснай у горы і манументальнай у творчым дасягненні Эстэр Камінскай».
У апошнія гады жыцця Эстэр Камінская, вярнуўшыся ў Польшчу, пісала мемуары, якія назвала «Церні і кветкі». Яны былі апублікаваны ўжо пасля яе смерці. З 1920 г. да самай сваёй смерці, 25 снежня 1925 года, яна выступала толькі ў Варшаве. Там яе і пахавалі на яўрэйскіх могілках.
Скетч (англ. sketch «эскіз, замалёўка») – кароткая аднаактная п’еса камедыйнага зместу з невялікай колькасцю дзеючых асоб (як правіла двума, радзей – трыма). Такая мастацкая форма, якая вядзе пачатак ад народнай інтэрмедыі, з’явілася ў XVI стагоддзі; найбольшае распаўсюджванне атрымала на заходняй эстрадзе.
Людміла БАЛЫШ.