Як многа ў вёсцы добрых людзей!

14 Марта’18
1550

Як многа ў вёсцы  добрых людзей!

У Год малой радзімы сектар культуры і вольнага часу ў аграгарадку Грынкі будзе праводзіць вечары-віншаванні «Як многа ў вёсцы добрых людзей!». Першы такі адбыўся яшчэ ў лютым.

 

Свята адкрыла вядучая цудоўнымі вершамі Дзмітрыя Пятровіча «Пакуль са мной радзіма». І паліліся мілагучныя, кранаючыя сэрца песні ў выкананні вакальнага калектыву «Спадчына». На вечарыне ўшаноўвалі тых вяскоўцаў, хто нарадзіўся ў студзені, лютым і сакавіку.


У самым пачатку года сустрэлі свае 70-гадовыя юбілеі Зінаіда Міхайлаўна Мінько і Алена Сяргееўна Салагубік. Абедзьве гэтыя цудоўныя сялянкі шчыравалі ў калгасе: Зінаіда Міхайлаўна – у жывёлагадоўлі, а Алена Сяргееўна – у бухгалтэрыі. 85 год адзначыла былая настаўніца Людміла Паўлаўна Трахімік. Ёсць у вёсцы і старажылы. Аляксандра Іосіфаўна Піскур жыве ў Грынках 96 гадоў, Зінаіда Міхайлаўна Сахарчук – 94, а на асабістым календары Анастасіі Андрэеўны Варонка значыцца лічба 93.


Кожнаму, хто сабраўся ва ўтульнай зале мясцовага клуба, было прыемна пачуць добрыя словы ў свой адрас, прыняць шчырыя віншаванні і пажаданні здароўя і доўгага веку. А яшчэ атрымаць у падарунак музычныя нумары. Цёплымі апладысментамі, шчырым смехам сустрэлі прысутныя песню «Добры вечар, мая кумка!» у выкананні Марыі Казлоўскай і Лідзіі Трахімік, маналог «Мары сучаснай жанчыны», які па-майстэрску прачытала Ніна Дзідзенка. Ярка прагучала песня «Снег-снежок» у выкананні Святланы Гінч. Краналі сэрца беларускія народныя песні, якія акапэльна праспяваў вакальны калектыў «Спадчына».


Удзельнікі канцэрта з задавальненнем пагулялі ў розныя гульні, атрымалі цудоўныя сувеніры.


Добры святочны настрой панаваў у зале, і кожны з задавальненнем адзначаў для сябе: якое шчасце жыць у такім слынным песенным краі! Цудоўным акордам свята стала песня мясцовага паэта Івана Ламашкевіча «Жыві, наша вёска».

 

Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Безопасное детство