banner

Два лёсы, абпаленыя вайной

15 Мая’24
518

Сёння на нашай старонцы сустрэнуцца два сведкі той далёкай вайны, якая вогненным смерчам уварвалася ў іх дзяцінства і пакінула глыбокія шрамы на сэрцы. Амаль восем дзясяткаў гадоў мінула з той пары, а да іх у сны ўсё прыходзяць маленькія дзяўчынкі Марыйка і Генечка, напалоханыя выбухамі снарадаў і стрэламі аўтаматаў, брэхам сабак і нямецкай лаянкай. Яны нарадзіліся і жылі ў адным горадзе, на адной вуліцы і нават у адным доме, толькі ў розных палавінах і былі нават сваякамі. Хаця, чаму “былі”, яны застаюцца імі па сёння. Дзве старэнькія бабулькі, сівенькія, як птушкі лунь, з такімі рознымі і ў нечым падобнымі лёсамі, з рознымі жыццёвымі сцежкамі і аднолькавай памяццю. Яна, тая памяць, гарачымі вуголлямі выпякае душы і нясцерпна баліць.

Вайна на дзяцінстве паставіла кропку

Марыйка Карнацэвіч (Марыя Осіпаўна Баўсюк), нарадзілася 18 красавіка 1931 года, за 10 гадоў 2 месяцы і 4 дні да вайны ў Свіслачы.


Нас у мамы пяцёра было: чатыры дзяўчынкі і хлопчык. Старэйшыя Аня і Ванда, я і брат Осіп – блізняты, і малодшанькая – Ірынка. Ёй было ўсяго пяць гадкоў, як вайна грымнула, – пачынае свой сумны аповед бабулька Марыя. – Дом наш быў пабудаваны на два канцы. У адной палавіне жылі мы, а ў другой нашы сваякі Раманчукі. У іх тры дзяўчынкі было: Геня, Аня і Крысціна. Мы разам гулялі, былі, як адна сям’я.

Калі вайна пачалася, нам ужо не да  гульняў было. Мы вельмі немцаў баяліся. Туліліся да мамы. Пачуццё страху нібы ледзянымі шчыпцамі сковывала сэрца. Асабліва, калі стралялі. Нават недзе далей ад нас, але ўсё роўна боязна было. Мы ж да гэтага ніякіх стрэлаў не чулі. Марыя Осіпаўна надоўна замаўкае, заплюшчвае вочы, і я разумею: яна ізноў там, у 41-м, які паставіў чорную кропку на яе безвоблачным шчаслівым дзяцінстве.

– У нас склеп быў, – працягвае бабуля Марыя, – мы там хаваліся, калі чуліся выбухі. Аднойчы тата стаяў каля таго склепу і быў страшны выбух.  У таты пасля гэтага пачала галава моцна балець. Праз месяц яго не стала. Сястра Аня мелася вянчацца, а тут такое сталася. Яна ў чорнай сукенцы вянчалася.

Муж яе неяк дровы вёз, а немцы запынілі і запатрабавалі аўсвайс. А ён толькі савецкі пашпарт меў. Яго і паказаў. Немцы хацелі яго растраляць, але наш сваяк неяк угаварыў іх злітавацца.

Калі немцы ўжо адступалі, то ўсе свіслачане ў лес уцякалі. І мы таксама. Карову з сабою забралі. Людзі, у якіх не было каня на наш воз рэчы паклалі, а мы беглі, беглі за тым канём. У акопах жылі, елі, што паспелі ўзяць з сабою.

Потым, калі ўжо стала вядома, што немцаў прагналі, вярнуліся мы. А хатка наша згарэла, адны галавешкі засталіся і каміны: наш і сваякоў. Нас суседзі прынялі. Конь стаяў у адных суседзяў, карова – у другіх, а мы – у трэціх.   

Склеп там быў, дык мы, дзеці, пачалі скакаць туды. Я скочыла і ўдарылася каленам аб камень. Доўга яно балела, мама грэлку прыкладквала. Але не памагло. Павяла яна мяне да ўрача. Ён сцягваў воду з калена. Яна зялёная была. Як я крычала! А маму за дзверы ўрач адправіў, каб не перашкаджала. Такія вось мае ўспаміны, горкія яны, як палын.


А жыццё працягвалася, з часам пабудавалі сякую-такую хаціну, перабраліся туды. Хоць і цяжка было ўсё з нуля пачынаць, але ж спакойна лажыліся і прачыналіся. Ужо не было каго баяцца.

Вырасла Марыйка, выйшла замуж за добрага хлопца Андрэя Баўсюка, нарадзіла дачушку Валю  і сыночка Сашу. Даўно яны выраслі, ужо сваіх унукаў маюць.

Марыі Осіпаўне ў красавіку споўнілася 93 гады. На жаль, мужа ўжо 32 гады няма на свеце. Жыве бабулька Марыя адна, але не сумуе. Дзеці кожны дзень тэлефануюць, турбуюцца, і ўнукі не забываюць пра сваю любую бабульку.

Дзякуй Богу, яна ячшэ досыць жвавая, а іначай і быць не можа, бо за яе здароўем пастаянна сочаць аж пяць урачоў: дачка Валянціна, зяць, унучка, муж унучкі, а таксама сынава нявестка. А падвесці родных людзей ну нельга  ж ніяк. Дай жа Бог, каб жыла бабуля Марыя яшчэ доўга-доўга на радасць, дзецям, унукам і праўнукам. Каб было да каго ім прыехаць і адпачыць душою ад штодзённых клопатаў.

 “Яны наганялі на нас жах”

Геня Раманчук (Генаефа Іосіфаўна Кандраценка) нарадзілася  25 мая 1937 года за 3 гады 11 месяцаў і тры дні да вайны.


– Я не шмат чаго памятаю, але некаторыя моманты вельмі глыбока запалі ў сэрца ,–  дзеліцца са мной Генаефа Іосіфаўна .– Не забудзецца ніколі, як прыходзілі да нас немцы ў чорным адзенні, з закатанымі рукавамі і аўтаматамі на грудзях, адзін толькі выгляд іх наганяў на нас жах. Яны прымушалі тату вазіць іх канём, куды яны скажуць. А ездзілі яны часцей за ўсё ў вёскі, дзе, як ім дакладвалі нейкія паганцы, жывуць сяляне, якія дапамагаюць партызанам. Выводзілі тых людзей, білі, катавалі, так страшэнна здзекваліся, што тата наш ад усяго пабачанага часам прытомнасць траціў. Ён адмаўляўся, але пагражалі, што заб’юць і яго, і ўсю сям’ю пастраляюць. Куды было падзецца, вазіў тых нелюдзяў.  Як расказваў  дома, што яны там вытваралі, то немагчыма слухаць было.

У той дзень, калі вывозілі са Свіслачы яўрэяў на згубу ў Вішаўнік, у нас нарадзілся малодшая сястрычка Крысціна. Новае жыццё – нагода для радасці, але радасць тая напалову з трывогай была, з пастаянным страхам.  

Цётка  мая Зося працавала ў Функаў, хлеб пякла, булкі, каўбасу рабіла, гэта было на тым месцы, дзе старая пякарня была. Яе хацелі ў Германію забраць,завезлі ў Ваўкавыск, але там яна і засталася аж да вызвалення.

Усяго хапала пакуль тут немцы гаспадарылі. Забівалі людзей, катавалі, вешалі. Звяры, а не людзі, што там казаць. Шмат чаго забаронена было, але дзецям дазвалялася хадзіць у касцёл, рыхтавацца да першай камуніі. І мы хадзілі. Мне пяць гадкоў было, калі я камунію прыняла. Нас нават фатаграфавалі ў той дзень.

Калі ўжо гналі немцаў з нашай зямлі паганай мятлой, – працягвае бабулька, – мы ў лес уцякалі. Аж да Каланой беглі ў пушчу. Толькі карову забралі, а астатняя гаспадарка дома засталася. Усяго ж не забярэш.

Вярнуліся, а дома нашага няма. Усё агнём пайшло. І хлеў згарэў і свінні, і куры, і нават агарод прапаў. Мы засталіся, ў чым стаялі. У нас яма была для бульбы, дык адно парася ў тую яму ўпала і так уцалела.

Пусціла нас да сябе Броня Крыштофік. На нарах спалі мы, галадалі, як толькі выжылі. Потым тата збудаваў маленькі домік, мы перабраліся туды. Тату хутка на фронт забралі. Ён,дзякуй Богу, вярнуўся, але ўжо хворы быў на сухоты. Хутка яго не стала. Мы без таты раслі, працавалі, у людзі выходзілі. Цяжкасцей мы не баяліся, бо змалку загартаваныя былі агнём, прычым, можна сказаць, у прамым сэнсе.


Так, такое загартаванне не прайшло дарэмна. Усе сёстры выраслі добрымі, працавітымі сумленнымі, людзьмі паважанымі. Генаефа Іосіфаўна 43 гады ў друкарні адпрацавала, мела самае прамое дачыненне да нараджэння нашай раённай газеты. Кожны нумар праз яе рукі прайшоў.  Мае шмат ганаровых грамат як раённага, так абласнога, рэспубліканскагпа і нават саюзнага ўзроню. Але ніколі не выстаўляла напаказ свае ўзнагароды, жыла ціха, непрыкметна, з любоўю да Бога і да людзей. Вельмі добрая, шчырая бабулька, пабачыўшая на сваём шляху шмат горычы і слёз. У маладым веку пахавала старэйшага сына Валерыя, амаль дваццаць гадоў таму аўдавела. Але не губляе прагі да жыцця, што нядзелькі спяшаецца ў касцёл, моліцца за сына, за ўнукаў, праўнукаў. А яны таксама вельмі любяць бабульку, бягуць да яе, тэлефануюць, непакояцца пра здароўе. Яны і трымаюць на свеце Генаефу Іосіфаўну, дзеля іх яна і жыве.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіву Г. І. Кандраценка.   

Предыдущая статья

В Беларуси завершается сев кукурузы на зерно