banner

Стартаваў Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва

22 Марта’22
959

VII Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва праходзіць з 21 па 27 сакавіка. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня вышэйшага каардынацыйнага савета СЮА "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Андрэй Капыток, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння афіцыйна адкрываецца сёмы Тыдзень прадпрымальніцтва. Ён праводзіцца пры падтрымцы ўрада і ўключаны ў дзяржаўную праграму развіцця малога і сярэдняга бізнесу на 2021-2025 гады, - сказаў Андрэй Капыток. - На працягу тыдня запланавана насычаная дзелавая праграма, якая ўключае правядзенне больш як 150 мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Гэта семінары, канферэнцыі, абмеркаванні ў фармаце круглых сталоў і панэльных дыскусій, удзельнікі якіх разгледзяць актуальныя пытанні і прыярытэтныя напрамкі развіцця прадпрымальніцтва ў Беларусі".

Асноўнай падзеяй БТП стане IV Рэспубліканскі дзелавы форум "Развіццё прадпрымальніцтва ў Беларусі: Кансалідацыя. Стратэгія і тактыка", які адбудзецца 23 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы. "Сёння мы атрымалі інфармацыю аб рэгістрацыі ў мерапрыемстве больш як 520 чалавек. Мы чакаем гасцей з Еўропы: Літвы, Латвіі, Польшчы, Германіі і інш. Наш форум наведаюць 12 паслоў, 27 прадстаўнікоў міністэрстваў і ведамстваў краіны, 40 рэктараў і дэканаў, прадстаўнікі 11 навучальных устаноў", - адзначыў ён.

У гэтым годзе адзін з ключавых акцэнтаў мерапрыемства будзе зроблены на развіцці маладзёжных прадпрымальніцкіх ініцыятыў. У прыватнасці, упершыню будзе праведзены круглы стол "Развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва. Новыя кропкі росту. Будучыня моладзі - будучыня бізнесу, будучыня краіны". "У ім прымуць удзел лідары БРСМ і Маладзёжнага парламента, студэнты 11 ВНУ, прадстаўнікі агульнаадукацыйных устаноў і іншыя", - дадаў Андрэй Капыток.

На форуме таксама будуць прадстаўлены вынікі 17-га Індэкса дзелавога аптымізму. "Агульная канцэпцыя ІДА прадугледжвае распрацоўку інтэгральных паказчыкаў і сістэму суб'ектыўных ацэнак стану бізнес-клімату Беларусі. Па выніках аператыўнага ананімнага апытання мы атрымліваем звесткі, якія характарызуюць бягучы настрой бізнесу. Даныя індэкса даюць магчымасць вызначыць праблемныя пытанні, якія датычацца вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, і неадкладна праінфармаваць урад для ўнясення змяненняў у частцы, якая датычыцца лібералізацыі, паляпшэння дзелавога асяроддзя і бізнес-клімату", - расказаў старшыня. Значэнні індэкса будуць названы на чацвёртым рэспубліканскім дзелавым форуме.

У час форуму традыцыйна пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў 14-га рэспубліканскага конкурсу "Лепшы горад (раён, вобласць) для бізнесу Беларусі".

Сярод гасцей мерапрыемства - кіраўнікі вышэйшага звяна ўлады, дэпутаты Нацыянальнага сходу і мясцовых саветаў, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, дыпламатычнага корпуса, бізнесу, банкаў, рэспубліканскіх, рэгіянальных і галіновых аб'яднанняў работнікаў прамысловасці і прадпрымальнікаў, інкубатараў малога, сярэдняга бізнесу, тэхнапаркаў. Акрамя таго, у БТП прымуць удзел вучоныя, кіраўнікі навуковых устаноў Нацыянальнай акадэміі навук, аналітычных цэнтраў, вядучых бізнес-саюзаў, а таксама замежныя госці і прадстаўнікі СМІ. Чакаецца, што колькасць гасцей на мерапрыемстве будзе большая, чым зарэгістравалася загадзя.

Упершыню Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва прайшоў у 2016 годзе.

Предыдущая статья

Александр Лукашенко: скорбный звон колокола Хатыни отзывается болью в сердцах миллионов людей в мире