banner

Не трэба палохаць нас санкцыямі. Пужаныя

21 Апреля’22
1405


Сёння танальнасць Адзінаму дню інфармавання задала сустрэча рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале з галоўным рэдактарам Выдавецкага дома "Звязда", старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам з калектывам Свіслацкага райвыканкама. У цэнтры ўвагі – асноўныя эканамічныя дасягненні першага года пяцігодкі ў кантэксце рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу і прадухіленне выпальванняў травы.


– Калі гаварыць пра першы год і тыя лічбы, якія мы ведаем са статыстычных інстанцый, якія мы бачым у рэчаіснасці і справах, то можна адзначыць, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ажыццяўляецца даволі паспяхова, – зазначыў Аляксандр Карлюкевіч. – Тэмп роста вытворчасці працы склаў 103,2%, нягледзячы на ўсе існуючыя санкцыі. А планавалася, што будзе дасягнута 101,9%. Эканамісты ведаюць – гэта грамадны рост. Вытворчасць прамысловай прадукцыі вырасла на 6,5%, прагноз быў 3%. Усе гэтыя паказчыкі дазволілі ўнутранаму валаваму прадукту вырасці на 2,3% пры прагнозе 1,8%. Як паспяховыя вынікі можна адзначыць інавацыйныя праекты. Напрыклад, развіццё галіны электратранспарта, замацаванне пазіцый на міравым калійным рынку, вытворчасць новых відаў прадукцыі ААТ “Белшына”, будаўніцтва азотнага комплекса на “Гродна Азот” і іншыя. Шмат праблем існуюць у лёгкай прамысловасці, але і там рэалізуюцца інвестыцыйныя праекты. Напрыклад, на Слонімскай камвольнай фабрыцы, Гродзенскім шклозаводзе. У 2021 годзе развівалася і будаўнічая галіна. Каля 4-х мільёнаў квадратных метраў жылля ўведзена ў эксплуатацыю.


Працягнуў размову на вострую тэму старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Абапіраючыся на факты, ён не толькі развянчаў пэўныя міфы, але і пацвердзіў свой працоўны прынцып: хочаш дабіцца выніку – працуй.

Першы год пяцігодкі мы пражылі ў неймаверна цяжкіх умовах, ва ўмовах, з якімі наша краіна дагэтуль не сутыкалася: абмежаванні, санкцыі, розныя перашкоды. Тым не менш паказчыкі, дасягнутыя раёнам у 2021-м годзе, усяляюць здаровы аптымізм. Для мяне як старшыні райвыканкама самае галоўнае пытанне – узровень заработнай платы. Нас для таго і прызначаюць на пасады, каб дабрабыт людзей паляпшаўся. І калі два гады таму Свіслаччына была на 17-й пазіцыі па ўзроўні сярэдняй заработнай платы, то ўжо летась некалькі разоў і сёлета – на 4-й знізу, абышоўшы некалькі раёнаў. Рост склаў крыху больш за 115%, – падсумаваў Аляксандр Людвігавіч.

Што такое санкцыі і чаму не такі страшны чорт, як яго малююць, старшыня райвыканкама паказаў на прыкладзе дрэваапрацоўчага завода, які будуецца ў нас з прыцягненнем аўстрыйскага капіталу. Тут у поўнай меры адчулі ўсё “хараство” санкцыйнага ціску. Цалкам верагодна, што пры бяздзейнасці ў дадзенай сітуацыі будоўлю прыйшлося б замарозіць, а потым рэанімаваць. Але ні нашыя аўстрыйскія калегі, ні мы не шукалі прычыны, а шукалі спосабы, як санкцыі пераадолець. Таму ўсе пытанні, звязаныя з пастаўкай абсталявання, вырашаны. Губернатар Гродзенскай вобласці не першы раз падставіў плячо ў цяжкай сітуацыі, і замежныя партнёры гэта вельмі шануюць. Тое ж можна сказаць аб рынках збыту гатовай прадукцыі. Так, планы былі іншыя. Яны разбураны. Але апроч еўрапейскіх рынкаў ёсць шмат іншых, якія з задавальненнем прымуць пастаўкі з завода. Безумоўна, некаторых шурпатасцяў спачатку не пазбегнуць, але галоўнае – ёсць дакладнае бачанне таго, як сітуацыя будзе развівацца далей.

У складаныя перыяды менш увагі, здавалася б, надаецца будаўніцтву жылля. Разам з тым заданні, якія нам былі даведзены, не проста выкананы, а перавыкананы на 20%. Не да канца зразумелай застаецца сытуацыя з напружанасьцю на рынку працы. Але і яна, хочацца верыць, будзе пераадоленая. Бо лічбы, а гэта рэч упартая, гавораць аб паступальным развіцці раёна, аб тым, што рэзервы ў нас ёсць. У кожнай галіны.

Вольга БУБЕНЧЫК

Фота аўтара

Предыдущая статья

Пасяджэнні экспертнага савета прайшлі ў Савеце Рэспублікі