Год 600-годдзя ўстанаўлення ахоўнага рэжыму ў Белавежскай пушчы пачынаецца для жыхароў невялікай пушчанскай вёсачкі Броўск з прыемнай навіны. Гэты населены пункт адзначаны Дыпломам 3 ступені ў абласным аглядзе-конкурсе 2008 года па добраўпарадкаванні ў сваёй падгрупе.
Па меркаванні нашага краязнаўцы А. С. Палубінскага, назва вёскі паходзіць ад слова “броўка”, што азначае “ускраек”. У дадзеным выпадку – ускраек пушчы. Але, як бачна, не ўскраек цывілізацыі.
Сёння Броўск сваім дагледжаным знешнім выглядам сапраўды звяртае на сябе ўвагу. Канешне, гэта цэнтр лясніцтва. Але і яго стварылі людзі, якія тут жывуць і працуюць. Старэйшыя сем’і даюць добры прыклад маладым у навядзенні парадку на зямлі і на сядзібах, а гэта І. І. і Я. Л. Філіновіч, Г. Н. і Н. І. Грыгаровіч, Я. І. Барэль. У вёсцы многа маладых сем'яў. Гэта і Урбановічы, і Ляхі, і Баран, і Ермаловічы, чые прысядзібныя ўчасткі служаць узорам дбайнага гаспадарання, а сем’і – добрым прыкладам у выхаванні дзяцей.
Непахісным аўтарытэтам у сяльчан карыстаецца стараста вёскі, у мінулым ляснічы гэтага лясніцтва І. Г. Замулка. Усе разам гэтыя адданыя лесу і свайму роднаму куточку людзі і стварылі тое хараство, якое адзначана на ўзроўні вобласці. Віншуем!
Дарэчы, для прыпушчанскіх вёсак гэта не першая ўзнагарода. У мінулым пераможцай абласнога агляду-конкурсу станавілася Тушамля.
Ядвіга КУРЫЛА.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.