Са справаздачай аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за дзевяць месяцаў бягучага года ў працоўным калектыве Свіслацкага раёна газазабеспячэння ВУ «Ваўкавыскгаз» выступіў намеснік старшыні райвыканкама Сямён Заяц.
У першую чаргу прадстаўнік улады расказаў аб выкананні ў раёне паказчыкаў па экспарце тавараў і паслуг па арганізацыях, якія падпарадкаваны мясцовым органам кіравання. Ім адзначана, што паказчык па экспарце тавараў выкананы на 247,4% пры заданні на дзевяць месяцаў 102,9%. Перавыкананы план і па экспарце паслуг.
Таксама Сямён Сяргеевіч закрануў пытанні, якія тычацца развіцця прамысловых прадпрыемстваў Свіслаччыны, у прыватнасці, Свіслацкага РУП ЖКГ і вытворчага ўчастка «Свіслацкая фабрыка лазовай мэблі» ААТ «Гроднапрамбуд». Гэта два асноўных прадпрыемствы, якія фарміруюць прамысловасць раёна.
Гаварылася і аб тым, што ў раёне ў рамках Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва створаны неабходныя ўмовы і магчымасці беспрацоўным грамадзянам для раскрыцця прадпрымальніцкай ініцыятывы. Акрамя таго, на Свіслаччыне пастаянна праводзяцца кірмашы вакансій для беспрацоўных. За дзевяць месяцаў такіх прайшло шаснаццаць і два прафесійных семінары са спецыялістамі арганізацый.
Работнікі Свіслацкага раёна газазабеспячэння цікавіліся ў намесніка старшыні райвыканкама будаўніцтвам шматпавярховага дома ў райцэнтры, узвядзенне якога плануецца распачаць у наступным годзе. На закранутыя пытанні былі дадзены падрабязныя тлумачэнні.
Алена КЕДЗІК.
Фота аўтара.
Фота аўтара.