banner
З гісторыі народных промыслаў Свіслаччыны (другая палова ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя)
14:58 14 Марта’11
3502

З гісторыі народных промыслаў Свіслаччыны (другая палова ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя)Пераважную большасць насельніцтва сучаснага Свіслацкага раёна ў гэты перыяд складалі сяляне, гаспадарка якіх насіла паўнатуральны характар. Многія неабходныя для сям’і рэчы (прадукты харчавання, адзенне і іншыя прадметы дамашняга і гаспадарчага ўжытку) сяляне выраблялі самі. Усё гэта патрабавала ад іх не толькі ўмення, але і велізарных фізічных намаганняў, напружанай працы.

Вядома, што здаўна галоўным заняткам сельскага насельніцтва Беларусі, у тым ліку і Свіслаччыны, з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. Апрача гэтага ў свіслацкіх мясцінах бытавалі многія промыслы, якія былі звязаны з мясцовай сыравінай.

Найбольш пашыра­нымі тут з’яўлялі­ся збіральніцтва, рыбалоў­ства, паляванне, якія сваімі каранямі ўсходзяць у старажытныя часы. Гэтыя заняткі давалі дадатковыя прадукты харчавання насельніцтву. Сама прырода садзейнічала іх узнікненню і развіццю. Мясцовыя палі, лясы, лугі былі багатыя звярамі, птушкамі, ягадамі, грыбамі, лекавымі травамі, а рэкі — рыбай. Многія карэнні, лісце і кветкі раслін жыхары выкарыстоўвалі як лекі.

З гісторыі народных промыслаў Свіслаччыны (другая палова ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя)У шматлікіх мясцовых паселішчах бытаваў такі від промыслаў, як кавальства. Для таго, каб займацца гэтай справай, патрэбна было не толькі валодаць пэўнымі навыкамі, кваліфікацыяй, але і мець кузню — спецыяльнае памяшканне з абсталяваннем і інструментамі. Кузня ўяўляла сабой невялікую будыніну без столі і падлогі. Яе абсталяванне — горан з паддувалам і мяхамі для паддування, кавадла (жалезная падстаўка) для коўкі жалеза, тачыла і некаторыя іншыя прыстасаванні і інструменты. Кузні былі ў шматлікіх тутэйшых паселішчах. Кавалі выраблялі розныя рэчы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчыя прылады працы. Яны падкоўвалі коней, акоўвалі палазы саней і колы павозак, рабілі завесы, клямкі, ручкі, прыбоі для дзвярэй і варот і іншыя рэчы, неабходныя для гаспадаркі і побыту селяніна.

У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя на Свіслаччыне як від промысла было распаўсюджана млынарства. Тут дзейнічалі вадзяныя ці ветраныя млыны, дзе малолі зерне на муку, рабілі з яго крупы.

Для мясцовых пасе­лішчаў характэрны былі таксама шорныя і скураныя промыслы. Мясцовыя майстры ўмелі апрацоўваць скуры хатніх і дзікіх жывёл, рабіць з іх конскую збрую, шыць з вырабленай скуры шапкі, кажухі, боты і чаравікі.

Амаль кожная сялянская сям’я займалася прыгатаваннем лыка, пляла з лыкавай кары лапці, кошыкі з маладых дубцоў ракітніку або лазы, з каранёў хваёвых ці яловых дрэў для сваіх гаспадарчых патрэб.

З гісторыі народных промыслаў Свіслаччыны (другая палова ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя)Віццё вяровак з пянькі таксама адзін з промыслаў мясцовых сялян. Вяроўкі ўжываліся ў гаспадарцы. Імі сяляне перавязвалі і звязвалі грузы, вазы са снапамі, сенам, саломай.

На Свіслаччыне былі пашыраны і дрэваапрацоўчыя промыслы: цяслярства, сталярства і бандарства. Амаль кожны селянін умеў збудаваць хату і гаспадарчыя пабудовы для сваёй сям’і, зрабіць простую, прымітыўную мэблю для хаты (лаву, стол, зэдлі, палаці, ложак). А вокны і дзверы для хаты нярэдка рабілі мясцовыя сталяры-самавучкі.

У многіх вёсках даўней былі бондары-самавучкі, якія з дрэва выраблялі розныя рэчы, што штодзённа ўжываліся сялянскай сям’ёй: посуд для захоўвання вады, збожжа і розных прадуктаў, дзежкі для прыгатавання цеста для бліноў і хлеба, даёнкі, маслабойкі, кублы, цэбры. Для вырабу гэтых рэчаў выкарыстоўваліся такія няхітрыя інструменты, як сякера, малаток, піла, струг, долата, цыркуль, скаба, затор, разец, шархебель... Добрага бондара ведалі ў наваколлі ўсе.

Раней у сельскай мясцовасці асноўным відам транспарту быў гужавы. Таму выраб калёс і саней быў пашыраным промыслам у мясцовых паселішчах.

Для некаторых сем’яў, пераважна маламаёмных сялян, было характэрна і адыходніцтва. Каб пазбегнуць галадухі і хоць крыху ўмацаваць сваю гаспадарку, многія мужчыны-сяляне Свіслаччыны, як і іншых мясцін Беларусі, былі вымушаны ў вольны ад сельскагаспадарчых работ час (звычайна вясной) наймацца гнаць плыты па рэках, на дарожна-будаўнічыя работы.

У другой палове ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя сярод сялян Свіслаччыны самымі распаўсюджанымі промысламі з’яўля­ліся прадзіва і ткацтва. Імі займалася амаль кожная сялянская сям’я ў хатніх умовах. Сыравінай для прадзення і ткацтва з’яўляліся ільняное і канаплянае валакно і воўна (авечая шэрсць).

Увесь працэс сяў­бы, вырошчван­ня і апрацоўкі лёну і канопляў, прадзіва і ткацтва сялянамі выконваўся прымітыўным спосабам, уручную, у асноўным з дапамогай самаробных прылад і прыстасаванняў; патрабаваў умення, вопыту і значных фізічных намаганняў. Калі сяўба лёну і канопляў з’яўлялася справай мужчыны, то іх далейшай апрацоўкай у асноўным займалася жанчына.

У свіслацкіх мясцінах, як і іншых рэгіёнах Беларусі, увесь працэс апрацоўкі лёну і вырабу даматканай тканіны ўключаў у сябе некалькі этапаў. У беларускай народнай казцы “Падчарыца і чэрці” называюцца ўсе гэтыя этапы: лён спачатку патрэбна пасеяць, потым прапалоць, вырваць, паслаць, змяць, патрапаць, пачасаць, спрасці, аснаваць і, нарэшце, выткаць тканіну.

Даволі працаёмкім і адказным з’яўлялася прадзіва — ператварэнне валакна ў ніткі. Ад таго, як было спрадзена валакно, у значнай ступені залежала якасць гатовай тканіны. У сялянскіх сем’ях дзяўчынак навучалі прасці, як толькі яны падрасталі, прыкладна з сямі-васьмі гадоў. Пачынаючым папрадухам давяралі прасці нізкаякаснае валакно (атрэп’е і абчоскі), а кужаль пралі вопытныя маладыя жанчыны і дзяўчаты.

Прасці сялянкі пачыналі з восені, пасля заканчэння ўсіх палявых работ, калі ўжо наступала сумная пара года з кароткімі днямі і доўгімі начамі. Жанчыны займаліся прадзеннем ва ўсе дні тыдня, акрамя свят і нядзель, калі яны маглі крыху адпачыць ад гэтай надакучлівай працы. Гэта адлюстравана ў наступнай народнай песні:

Ой, кудзелька мая,

ты назола мая,

Я цябе прала і ў дзень,

і ў ночы,

А ты на мяне вырачыла

вочы.

Пайду ў лужочак,

выражу пруточак,

Заганю кудзельку

ў цёмненькі куточак,

Ой, стой,

кудзелька,

аж да панядзелка.

Нярэдка для пра­дзення кудзелі дзяў­чаты збіраліся ў адну прасторную хату. Звычай сумеснага пра­дзіва на Беларусі называўся вячоркамі або папрадкамі, ён бярэ свой пачатак са старажытных ча­соў. Падчас вячорак расказвалі казкі, спявалі песні.

Прыладамі пра­дзі­ва з’яўляліся драў­ляныя верацяно і самапралка-калаўрот, а для прымацавання кудзелі служыла прасніца з дашчаным днішчам, на якім жанчына сядзела падчас прадзення.

Верацёны былі выструганыя нажом або точаныя на станку. Першыя сяляне рабілі самі, а другія куплялі ў майстроў-верацёншчыкаў. Калаўроты таксама набывалі ў спецыялістаў. Прасніцы нярэдка аздабляліся разьбой, на іх звычайна пралі дзяўчаты, якія былі на выданні.

У працэсе апрацоўкі і падрыхтоўкі пражы для ткання важнае значэнне мела фарбаванне. На працягу доўгага часу нашы продкі для гэтых мэт выкарыстоўвалі расліны, кару, лісце і кветкі дрэў, якія мелі фарбавальныя якасці. У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя шырокае распаўсюджанне атрымалі хімічныя фарбы, якія ў ХХ стагоддзі поўнасцю выцеснілі раслінныя.

Пасля таго, як была ўжо напрадзена дастатковая колькасць нітак, жанчыны пачыналі ткаць. Сялянкі ткалі на звычайным драўляным самаробным ткацкім стане. Калі пачыналі ўстанаўліваць ткацкі стан, наладжваць кросны, яны прыгаворвалі: “Праміна ў кросны, крывіна ў лес”, “Будзьце, кросны, як сцяна, а нітачка, як струна”.

Як і прадзіва, праца за ткацкім станам адбывалася ў хатніх умовах, з’яўлялася выключна жаночым заняткам і была вельмі маруднай і тлумнай.

Сялянкі Свіслаччыны выраблялі тканіну як простых, так і складаных узораў. Простую тканіну магла выткаць амаль кожная сялянка, а больш якасную, складаную па тэхнічных прыёмах, напрыклад, тканіну для святочнага адзення, для дэкаратыўных посцілак і ручнікоў, ткалі толькі тыя жанчыны і дзяўчаты, якія мелі значны ткацкі вопыт і ўменне. У ткацкіх вырабах адлюстраваны майстэрства і эстэтычныя густы сялянскіх ткачых-самавучак Свіслаччыны.

Г. ДУЛЕБА,

кандыдат гістарычных навук, этнограф.

Фота Часлава ГОРБАЧА з архіва рэдакцыі.

На здымках: лаўрынавіцкія ткачыхі (80-я гады); М. А. Мялешка, захавальніца народных песень, за прадзівам (в. Міхалкі); майстэрства бондара працягвае І. А. Баўфалік (г. Свіслач).

Текст: admin

Предыдущая статья

Песня остается с человеком
Похожие новости
10 Октября’11
3344
Свіслацкі кагал