Амаль на ўездзе ў Новы Двор ля дарогі стаіць дом. Такі жоўты-жоўценькі, нібы пафарбаваны сонейкам. І жыве ў ім такая ж сонечная, светлая бабулька Ніна Паўлаўна Ботвіч. І мае яна нейкі дзіўны ўплыў на кожнага, хто хоць раз з ёю сустрэнецца. Ціхі напеўны голас гаспадынькі проста заварожвае, закалыхвае, ясныя блакітныя вочы прывабліваюць сваім поглядам, і ўся яна такая шчырая, адкрытая, гасцінная, гаваркая. І пра жыццё сваё, такое няпростае, расказвае, нібы казку бае. Проста не наслухацца яе, не наслухацца...
— Нас у мамы дзевяцёра было. Трое памерла, шасцёра засталося, — пачала свой аповед Ніна Паўлаўна. — Мне пяць гадкоў было, калі таты не стала. Вось мы гора зазналі, не дай Бог нікому. Але ж я, ня гледзячы ні на што, спяваць любіла змалку. Бывала і голадна, і холадна, а я песні пяю. Спяваць, яно ж заўсёды лепш, чым плакаць. А я на людзях ніколі не плакала, як бы там ні было.
Пайшла я ў першы клас. Школа была ў хаце Ботвічаў. Купіла мне мама тры сшыткі, а я з трох адзін зрабіла, думала, што вельмі добра прыдумала. І па пісьму, і па арыфметыцы, і па маляванню ў мяне быў адзін сшытак. Аднойчы настаўніца ўбачыла яго, накрычала на мяне і на вачах парвала. Мне тады здавалася, што яна душу маю разрывае, так мне было крыўдна і балюча. Прыйшла дадому, залезла на печ, пачала плакаць. Мама сказала, што ў школу больш не пайду. А я толькі пару месячыкаў пахадзіла. Вось на гэтым мая вучоба і скончылася. Пайшла я ў нянькі да людзей. У жанчыны адной блізняткі былі. Дык я іх спаць палажу, а сама ў лялькі гуляю. Вось якая нянька была. Але ніхто на меня ніколі не скардзіўся, добра дзетак глядзела, любіла іх.
А потым вайна пачалася. Мне сямнаццаць гадкоў было. Немцы пачалі маладых у Германію вывозіць, і мяне таксама няволя чакала. Я ведала, што падабаюся Міколе Ботвічу. Гэта акурат у яго хаце школа была, і ён разам са мною ў першы клас хадзіў. Яго таксама забіралі ў Германію, і ён хацеў, каб мы былі там разам, хацеў у разе чаго заступацца за мяне. Але я не хацела.
Мы ў розных гаспадароў служылі, і ён мне лісты прысылаў. Потым я вярнулася дадому, а трошкі пазней і ён. У 46-м пажаніліся. А ў 47-м нарадзілася першая дачушка Марыя.
Пазней яшчэ трое дзетак з’явіліся на свет: дзве дачушкі і сынок. Апошнюю Галю я нарадзіла ў сорак два гады. Вось для мяне неспадзянка была. Старэйшая дачка амаль дарослая, а ёй сястрычку «бусел прынёс». Я ж тады хварэла, баялася, што не выгадую. Думала, спачатку, каб хоць на ножкі ўстала, каб хадзіць пачала, потым, каб хоць пажыць, пакуль у школу пойдзе, затым — каб вывучыць, каб замуж аддаць. Але ж, дзякуй Богу, выгадавала ўсіх, павывучвала, у людзі вывела, унукаў дачакалася, праўнучку нават маю. Вось як.
У тым, што Ніна Паўлаўна добрая маці, сумненняў няма. Вось старэйшая дачка Марыя прыносіць мне зборнік вершаў брата Анатоля. Першы з іх прысвечаны маці.
Осталась ты у нас одна,
Объединяющая всех,
И жизнь твоя для нас ценна,
И голос твой, и тихий смех...
И пусть седая голова,
Морщинки на лицо легли.
Нам главное — ты будь жива,
Чтоб радоваться мы могли.
Гэты зборнік быў выданы нядаўна, ужо пасля смерці Анатоля. Яго не стала год таму. Малады, моцны, прыгожы, ён адышоў у нябыт у 53 гады, пакінуўшы ўдавою любую жонку, асіраціўшы трох дачушак. Як вытрымала матчына сэрца, як дало рады перажыць такі боль, аднаму Богу вядома. Але пакуль будзе яно біцца, датуль будзе крывавіць. Адна ўцеха, што дзве старэйшыя дачушкі, Марыя і Алена, побач, у Новым Двары. Малодшанькая Ганна таксама недалёка — у Ваўкавыску. Яны атуляюць старэнькую ўвагай і цеплынёй, падтрымліваюць у ёй агеньчык жыцця.
— Наша мама, — уступае ў размову старэйшая дачка Марыя, — усё жыццё вучыла нас дабру. Мы ад яе ніколі не чулі кепскага слова, яна да кожнага чалавека ставілася і ставіцца з павагай. За свае 87 гадоў яна нікога не абразіла, не абгаварыла. Усім і кожнаму жадае толькі дабра. У ёй столькі жыццёвай мудрасці, што мы самі дзіву даемся. Усе тыя зярняткі дабра і любові, якія яна пасеяла ў нас з дзяцінства, пусцілі свае карэньчыкі і далі добры ўраджай. Мы можам сказаць зараз, што якая наша мама, такія і мы.
Яна жыве дзеля дачок, дзеля сваіх сямі ўнучак і аднаго ўнучка, якія вельмі любяць бабульку і не забываюць яе наведваць. Адна з іх ляцела аж праз акіян, з самой Амерыкі, і маленькую дачушку Натачку з сабою прывезла. Вось дзе радасць для Ніны Паўлаўны, вось дзе ўцеха! Маленькая тупае па хаце, шчабеча нешта на толькі ёй вядомай мове, і прабабулька не можа нацешыцца гэтым маленькім цудам з чорными вочкамі.
— Для мяне бабуля самы вялікі аўтарытэт у свеце, самы дарагі, любы чалавек, — з пяшчотай у голасе гаворыць унучка Юля. — Яна і гісторык, і спявачка, і казачніца, яна мой самы першы і самы мудры настаўнік. Вельмі цешуся, што менавіта я падарыла ёй першую праўнучку. Хачу, каб мая бабулечка жыла доўга-доўга, каб была здаровенькай і бадзёрай.
Насуперак свайму гаротнаму лёсу Ніна Паўлаўна не падае духам і не сядзіць склаўшы рукі. Дзякуючы ёй у вёсцы адрадзіўся від рамёстваў — пляценне паясоў. Гэта праца патрабуе асаблівага цярпення, не гаворачы ўжо пра талент. І таго, і другога ў Ніны Паўлаўны хоць адбаўляй. І я проста дзіву давалася, як спраўна яе рукі сплятаюць у дзівосны арнамент каляровыя нітачкі, і атрымоўваецца прыгожы паясок. Узоры на ім роўненькія, стракатыя, мудрагелістыя, як само жыццё Ніны Паўлаўны.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.