Яны нарадзіліся і раслі ў адной вёсцы, у Ганчарах. Разам бегалі басанож па вуліцы, гулялі ў гульні. Вольга была малодшай дачушкай у мамы з татам. Бацька хварэў, і дзяўчынкі былі прывучаны да работы змалку. Так што на гульні было не шмат часу, трэба было працаваць.
Не рос беларучкай і Міхась. Ён быў старэйшым сынам у сям’і, дзе гадавалася шасцёра дзяцей. Так што працы і яму не бракавала. З маленькага з ёю пазнаўся. Усё ўмеў зрабіць, і бацькі цешыліся, гледзячы, якім спраўным расце сынок.
Так вось і гадаваліся дзяўчынка і хлопчык, Волечка і Міхась. Яна з хударлявага дзяўчаняці ператваралася ў прывабную, яснавокую красуню з тонкім станам і мілай усмешкай. Ён таксама на вачах мужнеў і станавіўся высокім, прыгожым юнаком з пышным чубам. Дзяўчаты на вячорках пачалі заглядвацца, спадзяваліся: а можа, да якой сватоў зашле. Ці думаў хто, што вельмі хутка вораг прынясе бяду на доўгія чатыры гады.
На сяле ніколі не было лёгкага жыцця, а што казаць пра вайну. За кожны пражыты дзень дзякавалі Богу і не ведалі, якім будзе наступны, і ці будзе ён наогул. Цяжка было, страшна, голадна і холадна. Урэшце рэшт выгналі паганага ворага, і дыхаць стала лягчэй. Але маладыя мужыкі, хлопцы былі прызваны ў войска. Сціхлі стрэлы і выбухі на роднай зямліцы, але вайна яшчэ працягвалася.
Сярод прызваных быў і Міхась Маер. Выпраўляла маці сына і не ведала, ці дачакаецца.
На шчасце, не прыйшлося хлопцу ўдзельнічаць у баявых дзеяннях, хоць падрыхтоўку ён прайшоў дасканалую. Служыў у сапёрных вайсках, абясшкоджваў нямецкія міны, што пакінуў пасля сябе вораг, і з дня на дзень чакаў адпраўкі на фронт. Дзякуй Богу, не прыйшлося.
Вярнуўся Міхась дадому ў 46-м. Прывітаўся з бацькамі, адпачыў з далёкай дарогі, прайшоўся па вуліцы. І вось тады, нібы ўпершыню, убачыў суседку Волю. Неяк дзіўна зайшлося сэрца ад гэтай нечаканай сустрэчы, і ў грудзях стала цёпла-цёпленька... Так нараджалася каханне...
Міхась правёў дзяўчыну дадому, яны пастаялі ля веснічак, пагутарылі, а потым пачалі сустракацца амаль штодня.
У Волі на тую пару ўжо памёр бацька. Старэйшая сястра вярнулася з Германіі, куды была завезена немцамі разам з другімі дзяўчатамі і хлопцамі. Катаржная праца ў няволі не прайшла бясследна. Дзяўчына пачала часта хварэць. Было вельмі цяжка жыць, і Міхась стараўся дапамагаць і сваім бацькам, і Волінай маме. Ні хвіліны не сядзеў без справы, як і сама дзяўчына.
Два гады сустракаліся, а ў лістападзе 1948-га пажаніліся. Не было ў іх гучнага вяселля, не было шмат гасцей і дарагіх падарункаў. Было толькі шчырае каханне і вялікая вера ў тое, што іх сямейнае жыццё будзе доўгім-доўгім і шчаслівым.
Так яно і сталася. Калі толькі прабеглі тыя гадочкі? Вось ужо 60 мінула. У народзе такое вяселле называюць брыльянтавым. Дзіўна. Вольга Іосіфаўна ніколі нават не бачыла такога дарагога ўпрыгожання, ні гаворачы аб тым, каб яго насіць. Яе “брыльянтамі” на руках заўсёды былі мазалі. Але няма нічога ў свеце, што магло б параўнацца ў цане з гэтымі рукамі. Шурпатыя, мазолістыя, пачарнелыя ад працы – яны найдаражэйшыя за ўсё, таму што гэта рукі, якія дораць цеплыню і пяшчоту, якія лашчаць, здымаюць боль, ратуюць і суцяшаюць. Таму што гэта матуліны рукі.
І ўсё ж такі, чаму яно брыльянтавае, тое вяселле? А таму, што ўсе пражытыя гадкі яны нанізвалі на нітачку – жыццё, і ўрэшце рэшт атрымаліся цудоўныя каралі з тых пацеркаў. Кожная з іх блішчыць і пераліваецца, як кропелька крынічнай вады, як дыяментавы каменьчык. Вось яно – іх багацце. А яшчэ дзеці, унукі і праўнукі – радасць, уцеха і надзея Вольгі Іосіфаўны і Міхаіла Уладзіміравіча. Дачушка Ніна – у Гродне. Працуе загадчыцай магазіна. Сын Пётр пусціў карані ў Пацуях, працуе ветурачом. Дзед з бабуляй маюць пяцёра ўнукаў і шасцёра праўнукаў. Усе яны частыя госці ў Ганчарах, вельмі любяць старэнькіх і стараюцца ім ва ўсім дапамагаць.
Вольга Іосіфаўна і Міхаіл Уладзіміравіч шмат гадоў адпрацавалі ў калгасе. Абодва ўзнагароджаны медалямі “Ветэран працы”. У гаспадарцы іх паважаюць, ставяць многім у прыклад. Вось і ў дзень 60-гадовага юбілею іх прыйшлі павіншаваць з такой вялікай урачыстасцю, уручылі букет кветак і падарунак і пажадалі пражыць яшчэ шмат гадоў (на здымку).
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фото автора.