banner

Сям'я павінна быць здаровай... духоўна

07 Апреля’08
3094
      «Здаровая сям'я — моцная дзяржава» — пад такой назвай паўсюдна ў раёне прайшлі бацькоўскія сходы, якія прысвячаліся Году здароўя. Сёння мы раскажам, як яны праходзілі ў Вердаміцкім і Навадворскім сельскіх Саветах. Сходы адбыліся з вялікай прадстаўнічасцю. У іх удзельнічалі работнікі органаў дзяржкіравання, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, супрацоўнікі праваахоўных органаў, педагогі, сацыяльныя работнікі, медыкі, старшыні сельскіх камітэтаў, бацькі.
Сям'я павінна быць здаровай... духоўна      Бацькоўскі сход у Вердамічах адкрыў старшыня сельсавета Я. Д. Скрыпій. Яўгеній Дзянісавіч заўважыў, што, прааналізаваўшы амбулаторныя карткі школьнікаў,  можна адзначыць: школьнікі першых трох-чатырох гадоў навучання амаль не хварэюць. Розныя захворванні з'яўляюцца пазней. Яны часам перарастаюць у хранічныя. Старшынёй была звернута ўвага ўдзельнікаў сходу на тое, што асаблівую трывогу ў мясцовай улады вызываюць шкодныя звычкі сярод жыхароў сельскага Савета — алкагалізм і п’янства. 48 чалавек на Вердаміцкім участку знаходзяцца на ўліку ва ўрача-нарколага. Не засталіся без увагі і іншыя актуальныя пытанні, якія датычацца фарміравання здаровага ладу жыцця.
      Самыя распаўсюджаныя захворванні, якія выяўляюцца ў дзяцей школьнага ўзросту, — гэта парушэнне паставы, зроку, захворванні органаў дыхання і стрававання. Як адзначыў урач мясцовай амбулаторыі А. М. Курута, ахова здароўя дзяцей залежыць не толькі ад медыцынскага абслугоўвання, але і ад іншых структур грамадства.
      Педагог-псіхолаг Палонкаўскай СШ Я. Ю. Гірэнь расказала аб псіхічным здароўі школьнікаў, прывяла прыклады з жыцця і дала парады бацькам.   
      Якія мерапрыемствы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў праводзяцца сярод школьнікаў у Велікасельскай БШ, падзялілася з удзельнікамі сходу Т. М. Пажарыцкая. Прыёмная маці Г. І. Сахарчук расказала, як выхоўваць дзяцей у прыёмнай сям'і. Спецыяліст групы прапаганды і абучэння РАНС А. І. Навасад спыніўся на правілах пажарнай бяспекі, абапіраючыся на факты з жыцця.
      Пасля сходу жадаючыя змаглі паглядзець канцэрт, падрыхтаваны школьнікамі, работнікамі і актыўнымі наведвальнікамі мясцовых клубаў.   
Сям'я павінна быць здаровай... духоўна      Удзельнікаў сходу ў Навадворскім сельсавеце, дарэчы, як і ў Вердаміцкім, аб’ядноўвала адно — нераўнадушныя адносіны да будучага дзяцей, стан грамадскай маралі, становішча сям’і ў грамадстве, умацаванне дэмаграфічнай бяспекі дзяржавы.  
      Выступаючы з дакладам, старшыня Навадворскага сельсавета У. В. Здановіч заклікаў сяльчан у Год здароўя актывізаваць работу па далучэнні моладзі, дарослага насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай. Тым больш, што месца і база для такой дзейнасці ў жыхароў сельсавета ёсць. Патрэбны толькі жаданне і прыклад з боку ініцыятыўных людзей.
      На праблемах, якія датычацца здароўя дзяцей, засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў бацькоўскага сходу медсястра Навадворскай амбулаторыі Л. К. Саўко. З мэтай захавання і павышэння ўзроўню псіхалагічнага здароўя падлеткаў, як паведаміла педагог-псіхолаг мясцовай школы І. С. Якута, у школе дзейнічае праграма «Навыкі жыцця» для падлеткаў па папярэджванні правапарушэнняў, працуе і клуб маладой сям’і «Надзея». За кансультацыяй да псіхолага ў любы час могуць звярнуцца бацькі, вучні і педагогі.
      На кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве раёна дзейнічае камісія па садзейнічанні сям’і і школе. Аб рабоце камісіі і ролі працоўнага калектыву ў выхаванні  дзяцей і ўмацаванні сацыяльнай функцыі сям’і гаварыў старшыня камісіі, галоўны эканаміст ПУП «Новы Двор-Агра» В. А. Пажарыцкі.
      Самы цяжкі ўзрост як для бацькоў, так і для дзяцей — падлеткавы. Менавіта ў гэты перыяд у дзіцяці адбываецца пераход ад дзяцінства да даросласці, перабудоўваюцца фізіялагічныя і псіхічныя працэсы, актыўна фарміруюцца погляды і меркаванні. Сям’я — асноўная крыніца сацыялізацыі (адаптацыя да асяроддзя) падлетка. Як адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Корнадзьскага ВПК «Дзіцячы сад — СШ» А. С. Міхайлоўская, у гэты перыяд для падлеткаў важны прыклад маці і бацькі, бо тое, што сучасныя дзеці  бачаць на вуліцы і ў кіно, не можа быць узорам для пераймання. Яна дала некалькі парад удзельнікам сходу. Адна з іх: «Ніколі не карайце падлетка! Гэта можа прывесці да страты ў яго чуласці, здольнасці спачуваць і суперажываць другім людзям». Дарэчы, на самой справе многія з дарослых не прытрымліваюцца гэтай парады, а лічаць лепшым сродкам выхавання — пакаранне.
      Прыёмная маці В. К. Межэнская, якая з мужам выхоўвае пяцёра прыёмных дзяцей, падзялілася вопытам апекі.
      Членамі прэзідыума і ўдзельнікамі сельскіх бацькоўскіх сходаў былі прыняты звароты да грамадскасці сельсаветаў, якія заклікаюць звярнуць больш пільную ўвагу на сям'ю, бо яна застаецца вядучым сацыяльным інстытутам фарміравання і развіцця маральных і духоўных каштоўнасцей асобы.
Падрыхтавала Алена КЕДЗІК.

Предыдущая статья

Летят перелетные птицы