banner

Будаваць і ў садзе працаваць дапаможа «СеленаСтройБер»

02 Июня’20
4710


Не памылюся, калі скажу, што паслугамі магазіна ТАА «СеленаСтройБер» у Свіслачы за час яго існавання скарысталася, мабыць, кожная сям’я. І не дзіўна, бо тут можна набыць будаўнічыя матэрыялы, гаспадарчыя тавары, інструмент, электрыку, сантэхніку, усё для саду і агарода.

На рынку будаўнічых матэрыялаў Сяргей Болбат не адзін год. Праўда, першыя крокі ў малы бізнес рабіў у іншай сферы. У 2001 годзе індывідуальны прадпрымальнік адкрыў у Бераставіцы бар, дзе быў більярд і праходзілі дыскатэкі.

Праз пяць гадоў у сілу розных абставінаў погляды на жыццё памяняліся. Ды і банальны выпадак дапамог выбраць правільную сцежку ў бізнесе. «Неяк трэба было для дзядулі з бабуляй, што жывуць у Грынках, купіць будаўнічыя матэрыялы. У Свіслачы іх не знайшоў», – расказвае Сяргей Яўгеньевіч. Вось і вырашыў ён тады адкрыць у раённым цэнтры магазін, у якім можна будзе купіць усё для рамонту і будаўніцтва, а яшчэ каб ён нічым не адрозніваўся ад магазіна ў буйных гарадах.



На пачатковым этапе вялікую падтрымку ў вырашэнні розных пытанняў прадпрымальнік атрымаў у Свіслацкім райвыканкаме і аддзеле эканомікі. Спачатку магазін туліўся ў маленькім памяшканні былога Дома быту. Быў адзін прадавец, пазней два. Неўзабаве занятых плошчаў стала не хапаць, каб расставіць і раскласці тавар. Трэба было пашырацца. Праз восем месяцаў прадпрымальніку аддалі ўвесь другі паверх. А чатыры гады таму Сяргей Болбат выкупіў увесь будынак. І тады пачалася яго поўная рэканструкцыя. У першую чаргу быў зроблены дах. Над пераўвасабленнем старога будынка працавалі дызайнеры і праекціроўшчыкі. Паралельна афармляліся ўсе дакументы. У гэтым годзе магазін набыў сучасны знешні выгляд.

– На першым паверсе ў асноўным усё, што трэба для будаўніцтва. На другім – гаспадарчыя тавары, – расказаў Сяргей Болбат, праводзячы кароткую экскурсію па абноўленым магазіне.

Вочы разбягаюцца ад шырокага асартыменту тавараў. Дарэчы, гаспадар магазіна прынцыпова аддае перавагу таварам айчынных вытворцаў. «Калі тавар якасны, чаму б і не падтрымаць нашых вытворцаў», – разважае Сяргей Болбат.

Мары ажыццяўляюцца, калі мэтанакіравана ісці да іх. Дзевяць гадоў таму ў адным з інтэрв’ю нашай газеце Сяргей Яўгеньевіч падзяліўся сваёй марай – перавесці ўсю прадукцыю на штрыхкоды. Зараз у магазіне працуе гэтая сучасная сістэма, спрасціўшая абслугоўванне пакупнікоў, дазваляючая весці ўлік тавараў і хутка рэагаваць за зменай попыту. У магазіне дзейнічае сістэма зніжак. Перад укараненнем чагосьці новага ўсё старанна тэстуецца і ўводзіцца паступова, каб пакупнікі не адчулі ніякіх нязручнасцей. Але гэтая карпатлівая праца, па словах дырэктара, варта таго. Як ніяк усё для людзей. Шмат планаў і задумак у прадпрымальнага чалавека, і ў хуткім часе магазін прыемна здзівіць сваіх пакупнікоў.

Важнай умовай дасягнення поспеху ў любой справе з’яўляецца правільны падбор персаналу. Сяргей Болбат сцвярджае, што яго падначаленыя – гэта калектыў адзінадумцаў. Аб кожным з іх дырэктар адклікаецца толькі са станоўчага боку. Усяго ў кампаніі прадпрымальніка – у будаўнічым магазіне і сэрвісным цэнтры – працуюць 24 чалавекі. Сэрвісны цэнтр па абслугоўванню аўтамабіляў, што ў Вялікай Бераставіцы, працуе ўжо пяць гадоў. У ім аказваюць комплекс паслуг па абследаванню і рамонце аўтамабіляў, там жа можна набыць і запчасткі да іх. У гэтым годзе цэнтр прапануе сваім пакупнікам вялікі выбар веласіпедаў. І зноў-такі разам з абслугоўваннем. Калі ў Бераставіцы будзе карыстацца попытам двухколавы транспарт, то і ў «СеленаСтройБер» пачнуць яго прадаваць.

У краме працуюць цяпер восем прадаўцоў і два бухгалтары. Дзевяць гадоў правая рука дырэктара – яго намеснік і вадзіцель у адной асобе – Сяргей Гарбачык. За гандлёва-гаспадарчую дзейнасць магазіна вось ужо два гады адказвае загадчык Жанна Баярчук, да гэтага яна столькі ж працавала тут прадаўцом. Ва ўсёй разнастайнасці тавараў лёгка арыентуюцца прадаўцы, якія ў розны час прыйшлі ў магазін. Дзевяць гадоў абслугоўвае пакупнікоў Аляксандра Гірэнь, восем – Кацярына Равінская і Алена Гарбачык. Другі год як уліліся ў калектыў Людміла Барэль і Ала Каховіч. Нядаўна прыйшлі Ліка Нехайчук і Наталля Новік-Заміроўская (на фота).



Дзесяць гадоў вядзе бухгалтэрыю магазіна Ірына Конева, восем гадоў у яе падначаленні бухгалтар Людміла Ваніслаўчык. У штаце ёсць грузчык Павел Салівонік, прыбіральшчыца Таццяна Тачылкіна. Сем гадоў за праграмнае забеспячэнне адказвае праграміст Дзмітрый Князеў.

У любы дзень тыдня без перапынку на абед можна наведаць магазін, каб набыць патрэбны тавар, што, несумненна, вельмі зручна, асабліва для прыезджых. Любую інфармацыю аб наяўнасці тавару дадуць па тэлефонах: 7-12-50 і 7-12-63 (факс). Ёсць яна і на сайце магазіна.

ТАА «СеленаСтройБер» уносіць важкі ўклад у развіццё раёна. У 2016 і 2019 гадах таварыства было занесена на раённую Дошку гонару. А ў 2012-м Сяргей Болбат стаў лаўрэатам абласнога конкурсу «Лепшы прадпрымальнік вобласці» ў сферы рознічнага гандлю.

Трымацца на плаву і выходзіць з любой складанай сітуацыі прадпрымальніку дапамагае аптымізм, з якім ён глядзіць у будучыню. Ён лічыць, што якімі б ні былі абставіны, важна не губляць сваіх пазіцый і ісці ў нагу з часам.

Людміла БАЛЫШ
Фота аўтара

Предыдущая статья

В районе стартовал проект «#раЗАм з бацькамі»