banner

Тэхніка пакараецца ўмелым

14 Ноября’15
1096
Тэхніка  пакараецца  ўмелым 
За тры дзесяцігоддзі руплівай працы на палетках трактарыст-машыніст УСП "Саўгас "Вердамічы” В. М. Матыцкі паспеў папрацаваць амаль што на ўсіх марках камбайнаў – ад добрых старых "Ніваў” і "Донаў” да сучаснага КЗС-1218. За гэты час Віктар Мікалаевіч не проста авалодаў сакрэтамі паспяховай эксплуатацыі розных відаў тэхнікі, а засвоіў кожны з іх дасканала. Лепшы доказ таму – штогадовыя перамогі па ўмовах унутрыгаспадарчага працоўнага спаборніцтва.
 
Вось і сёлета падчас жніва ён упэўнена трымаў лідарства. У мінулым годзе пачэснае званне перадавіка ўборачнай змаглі заслужыць многія хлебаробы Свіслаччыны – ураджай быў сапраўды ўдалым, намалоты раслі, а разам з імі – і колькасць экіпажаў зернеўборачных камбайнаў, якім пакарыўся ганаровы тысячны рубеж. Ва ўмовах сёлетняга жніва дабіцца такіх вынікаў аказалася больш складана: колькасць убраных гектараў павялічвалася куды хутчэй, чым намалоты збожжа. І ўсё ж на самым фінішы ўборачнай кампаніі сямейны экіпаж братоў Матыцкіх намалаціў звыш 700 тон збожжа.
 
Нарадзіўся Віктар Мікалаевіч у вёсцы Агароднікі ў шматдзетнай сялянскай сям’і.  Як і ўсе вясковыя хлопчыкі працоўную загартоўку прайшоў у дзяцінстве, калі дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Бацька працаваў у саўгасе кавалём, маці – цялятніцай. Пасля заканчэння Вердаміцкай дзесяцігодкі хлопец адслужыў у ракетных войсках у Жытомірскай вобласці. Вярнуўшыся на радзіму, уладкаваўся трактарыстам у саўгас "Вердамічы”. У хуткім часе ажаніўся. Разам з жонкай Таццянай Іосіфаўнай яны выгадавалі і благаславілі ў жыццё дзвюх дачок.
 
Віктар Мікалаевіч любіць працаваць на роднай зямлі. Ён задаволены сваёй справай, перакананы, што прыносіць карысць роднай гаспадарцы. У гэтым годзе за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі хлебароб узнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама.
 
Кацярына ДУДКО.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Дзе справа – там і слава!