banner

Дзе справа – там і слава!

14 Ноября’15
1153
Дзе справа – там і слава! 
Для вадзіцеля УСП "Саўгас "Велікасельскі” Дзмітрыя Міхайлавіча Шайкоўскага сёлетняя ўборка збожжавых і зернебабовых культур была чарговай праверкай на хлебаробскую годнасць. Жаданне быць першым і набыты прафесійны вопыт дапамаглі яму атрымаць працоўную перамогу. Падчас жніва Дзмітрый Міхайлавіч перавёз 1776 тонн збожжа, а дапамагаючы ў бітве за ўраджай у Астравецкім раёне ён яшчэ перавёз 907 тонн.  
   
Сёмы год працуе Дзмітрый у саўгасе, майстэрства і жаданне быць лепшым дапамагаюць яму дабівацца высокіх вынікаў. Тым больш, што перад вачыма заўсёды добры прыклад: бацька Міхаіл Міхайлавіч таксама працуе на МАЗе. Менавіта ён быў першым настаўнікам для свайго сына, навучыў яго адказнасці за даручаную справу.

У саўгас Дзмітрый уладкаваўся адразу пасля заканчэння Палонкаўскай школы. Спачатку працаваў на ГАЗ-53. З першых дзён зарэкамендаваў сябе адказным і ініцыятыўным работнікам. Яму даверылі МАЗ-555142. Амаль штогод ён займае прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах сярод маладых вадзіцеляў, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды РК ГА БРСМ.

 Дзмітрый – сапраўдны гаспадар, які клапоціцца аб выніках сваёй працы. Ён вельмі любіць тэхніку, у вольны час займаецца канструяваннем. Напрыклад, са старых запчастак ён сканструяваў хатнюю мельніцу, культыватар. Таксама пераабсталяваў МАЗ з рухавіком Д-260 на рухавік ЯМЗ-238, што дазволіла амаль у два разы павялічыць магутнасць аўтамабіля.

– Ведаеце, прыемна, калі вынікі тваёй працы відавочныя. Вельмі хочацца стаць сапраўдным майстрам сваёй справы. А гэтага можна дабіцца толькі самаадданай працай, – заўважае наш герой.

За добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі Дзмітрыю Міхайлавічу Шайкоўскаму аб’яўлена Падзяка старшыні Гродзенскага аблвыканкама.
 
Кацярына ДУДКО.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА. 
 

Предыдущая статья

Яго прызванне – праца на зямлі