Лічаныя дні таму ў сельгаспрадпрыемствах раёна завяршылася ўборка збожжавых і зернебабовых культур, а на мінулым тыдні ў чатырох гаспадарках уключыліся ў работу пасяўныя агрэгаты – пачалася закладка будучага ўраджаю.
У ліку першых прыступілі да сяўбы азімых аграрыі УСП "Новы Двор-Агра”. Адначасова з азімай сурэпіцай тут пачалі сеяць на зерне азімы рапс. Па інфармацыі райсельгасхарчу, на раніцу 18 жніўня з запланаваных 200 гектараў насенне маслічнай культуры пасеяна на плошчы 86 гектараў.
Як паведаміў галоўны аграном гаспадаркі М. І. Шырынга, каб атрымаць належную аддачу, глебу да сяўбы загадзя падрыхтавалі:
– На ўсіх відах пасяўных работ дзейнічае каманда вопытных і адказных механізатараў. Так, на ўнясенні дыферэнцыраваных нормаў мінеральных угнаенняў (калія – 250, фосфару – 80 і азоту – 50 кілаграмаў на гектар) і ворыве пад азімыя працуюць Юрый Ганчарэвіч і Яўгеній Болбат. Закрыццём вільгаці займаецца Сяргей Карпейчык. Выраўноўванне глебы перад сяўбой – справа Андрэя Пармоніка.
У панядзелак на вытворчым участку каля вёскі Целякі вялася сяўба азімага рапсу. З даведзеным заданнем на энерганасычаным трактары "Беларус-3022 ДЦ” з сеялкай дакладнага высеву АПП-6 умела спраўляўся Сяргей Саўко (на здымку). У тандэме з ім на прыкатванні глебы працаваў Андрэй Анісеня.
У дзень навадворскія земляробы засяваюць маслічнай культуры каля 25 гектараў.
Кацярына Дудко.