banner

Вучыць дабрыні і жыццёвай мудрасці

04 Октября’20
1291

«Настаўнік і па прафесіі, і па прызванні. Майстар сваёй справы. Выдатны чалавек, здольны ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу навучэнцам і калегам,” – гэтыя словы дакладна характарызуюць Тамару Мікалаеўну Макарэвіч, настаўніцу хіміі і біялогіі Поразаўскай сярэдняй школы.


Яе педагагічны шлях складае больш за 45 гадоў. Ніколі не ўяўляла сябе Тамара Мікалаеўна прадстаўніком нейкай іншай прафесіі.

У 1970 годзе Тамара Гаўра стала студэнткай Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, які праз пяць гадоў скончыла з адзнакай і атрымала спецыяльнасць “Настаўнік біялогіі і хіміі”.

Пачынала працаваць у роднай Гарнастаевіцкай школе. Яе талент педагога, выканаўчую дысцыпліну, умелае наладжванне ўзаемаадносін з калегамі хутка заўважылі. З 1978 года Тамара Мікалаеўна пераведзена і назначана намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Поразаўскага міжшкольнага вучэбна-вытворчага камбіната. Не толькі з гарадскога пасёлка Поразава, але і з усіх навакольных вёсак прыязджалі старшакласнікі, каб набыць прафесію прадаўца, швачкі, трактарыста ці аператара машыннага даення. Урокі Тамары Мікалаеўны ўсе чакалі з нецярпеннем, таму што былі яны ўрокамі дабрыні і жыццёвай мудрасці. І цяпер, сустрэўшы свайго педагога, кожны спраўляецца аб здароўі, аб поспехах. І ўсіх Тамара Мікалаеўна памятае, кожнаму знойдзе патрэбныя словы і дасць карысную параду.

Больш за дваццаць гадоў педагагічнай дзейнасці Тамары Мікалаеўны звязаны з пасадай намесніка дырэктара Поразаўскай сярэдняй школы. Яна заўсёды была яго надзейнай “правай рукой”, настаўнікам-прафесіяналам, які з ахвотаю дзяліўся набытым вопытам, і старэйшай сяброўкай, гатовай прыйсці на дапамогу маладым спецыялістам. Да яе звярталіся за парадамі па рабоце, з ёй дзяліліся асабістымі сакрэтамі. Заўсёды здзіўляла: з якой тактоўнасцю і ўласцівай ёй мудрасцю яна вырашала ўсе пытанні і знаходзіла выхад са складаных сітуацый.

Вось ужо восьмы год Тамара Мікалаеўна – настаўнік хіміі і біялогіі. Паказчыкам эфектыўнасці яе працы можна лічыць рэзультатыўны ўдзел навучэнцаў у прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню – толькі за апошнія 3 гады больш за 10 дыпломаў.

У працоўнай кніжцы Тамары Мікалаеўны Макарэвіч вялікае мноства заахвочвальных запісаў: граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, пісьмы-падзякі рэспубліканскага і абласнога ўзроўню, граматы аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама.

Тамара Мікалаеўна – не толькі ўзорны педагог… Колькі б не было ў яе жыцці першавераснёўскіх свят, самае памятнае – 1 верасня 1969 года, калі яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам, настаўнікам Сяргеем Макаравічам Макарэвічам. Стварылі моцную шчаслівую сям’ю. З дзяцінства дачцэ і сыну прывівалі любоў да працы, вучылі іх сумленнасці і шчырасці, вучылі ўсё рабіць з максімальнай самааддачай. Гэта было нескладана: Алена і Андрэй бралі прыклад з бацькоў. Тамара Мікалаеўна і Сяргей Макаравіч заклалі ў іх павагу і любоў да няпростай прафесіі настаўніка – сталі яны прадаўжальнікамі педагагічнай дынастыі.

Андрэй Сяргеевіч у 2002 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і пачынаў сваю дзейнасць настаўнікам гісторыі пад кіраўніцтвам Тамары Мікалаеўны ў Поразаўскай школе. Творчы падыход да любой справы, жаданне заўсёды зразумець вучня дазвалялі Андрэю Сяргеевічу выдатна спраўляцца з абавязкамі класнага кіраўніка. Ні адзін паход ці турыстычны злёт не абыходзіўся без яго ўдзелу. Імкнуцца да пастаўленай мэты – сямейная рыса Макарэвічаў.

Алена Сяргееўна Ясевіч, настаўніца біялогіі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, працуе ў гімназіі № 4 г. Смаргоні. Прафесіянальнае стаўленне да працы дае станоўчыя вынікі: навучэнцы Алены Сяргееўны – пераможцы многіх конкурсаў, прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Тамара Мікалаеўна ганарыцца сваёй дачкой: “Я шчаслівая маці, таму што мае дзеці ў многім пераўзышлі мяне”.

Пачынаецца новы дзень – і Тамара Мікалаеўна з задавальненнем спяшаецца ў школу, каб зноў, стоячы каля дошкі, тлумачыць навучэнцам хімічныя формулы, расказваць пра будову клетак, змешваць рэактывы і атрымліваць вынік.

Пашчасціла таму, хто жыве і працуе поруч з Тамарай Мікалаеўнай – педагогам па закліку сэрца і проста цудоўнай жанчынай.

Таццяна АСТАПЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы

Предыдущая статья

Педагагічная сям’я ўзорнага парадку