banner

Педагагічная сям’я ўзорнага парадку

04 Октября’20
1942

Школа, любімыя настаўнікі, урокі і перапынкі... Колькі незабыўных момантаў звязана з гэтымі словамі ў кожнага з нас. Перыяд школьнай пары мы ўспамінаем з асаблівым цяплом і душэўным трапятаннем, вяртаючыся ў мінулае, у шчаслівыя і бесклапотныя дзяцінства і юнацтва, да галоўных герояў школьнага жыцця – настаўнікаў. Менавіта ім у прафесійнае свята мы шчыра гаворым «дзякуй».

 

Між людзей кажуць, што ўсё пачынаецца са школы, а ў школе ўсё пачынаецца з настаўніка. Чалавека, які дашчэнту аддае сваё сэрца дзецям, дарыць ім любоў і адкрывае дзівосны мір ведаў. Менавіта гэтыя характарыстыкі датычацца кожнага педагога, які працуе ў Дабравольскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе. З упэўненасцю магу сказаць, што гэта не проста школьны калектыў прафесіяналаў сваёй справы, а сапраўдная педагагічная сям’я, моцная і дружная. Разам педагогі – сіла, непатапляльны карабель, якім больш за дзесяць гадоў кіруе дырэктар школы Людміла Петрасян.

– Мне вельмі пашанцавала з калектывам, у які я прыйшла. Яго аснову заклала Зінаіда Іосіфаўна Смалей, якая да 2008 года ўзначальвала школу. З першых дзён мы знайшлі ўзаемнае паразуменне, агульныя мэты і прагу да пастаяннага руху наперад, – расказвае Людміла Уладзіміраўна. – Пра кожнага настаўніка я магу гаварыць вельмі доўга. Кожны з іх таленавіты ў абраным напрамку дзейнасці, ініцыятыўны, адданы сваёй справе. Добра быць дырэктарам моцнага калектыву, які цябе разумее, падтрымлівае, дапамагае, як у маім выпадку. У мяне ёсць таксама надзейная апора – мае намеснікі па вучэбнай і выхаваўчай работах Ларыса Туміловіч і Ірына Янушкевіч.

Трэба адзначыць і тое, што палова педагагічнага калектыву – гэта выпускнікі Дабравольскай школы, а работнікі амаль усе скончылі гэтую ўстанову адукацыі. Таму яны з асаблівай беражлівасцю адносяцца да роднай школы.

Вядома, што першая асоба ў школе – гэта дырэктар. І гэтае становішча абавязвае яго думаць стратэгічна, быць дальнабачным, працаваць над стварэннем дасканалай сістэмы кіравання. Людміла Петрасян – прафесійны і ўмелы інавацыйны менеджэр.


Людміла Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла на Свіслаччыне. Вучылася спачатку ў першай гарадской школе, а калі адкрылі другую – яе клас перавялі вучыцца туды. Так яна стала выпускніцай першага выпуску гэтай установы адукацыі, а таксама залатой медалісткай. З любоўю і ўдзячнасцю яна заўсёды ўспамінае сваіх настаўнікаў: Ганну Міхайлаўну Жмайлік, Ірыну Антонаўну Трахімік, Ларысу Фёдараўну Шумкову, Марыю Зосімаўну Чубараву, Зінаіду Аляксандраўну Сабаня, Лілію Кузьмінічну Мілько. Менавіта яны ў большай ступені паўплывалі на прафесійны выбар Людмілы Петрасян, а таксама бабуля, якая на ўсё жыццё прывіла любоў да краязнаўства, гісторыі сям’і і роду.

З захапленнем дзяўчына вучылася на гістарычным факультэце ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а пасля яго заканчэння вярнулася ў родныя мясціны. Маладога спецыяліста накіравалі працаваць у Сакольніцкую сярэднюю школу настаўнікам гісторыі, дзе на працягу шасці гадоў яна набіралася педагагічнага вопыту. Затым два гады працавала ў СШ № 3, а потым перавялася метадыстам у аддзел адукацыі райвыканкама. Калі абзавялася сям’ёй, пераехала ў Нязбодзічы. Прафесійную дзейнасць працягнула ў Нязбодзіцкай базавай школе, потым зноў вярталася ў аддзел адукацыі на пасаду метадыста. А з 2008 года ўзначаліла Дабравольскі ДС СШ.

Але дзе б ні працавала Людміла Уладзіміраўна, яна заўсёды знаходзіла там прызнанне, атрымлівала новыя веды і дасягала добрых вынікаў. За адданасць сваёй справе яна неаднаразова была адзначана граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Свіслацкага райвыканкама і аддзела адукацыі.

Апантаная краязнаўствам, яна неаднойчы станавілася ўдзельніцай навуковых работ, інавацыйных праектаў, якія былі адзначаны не толькі ў раёне, але і на абласным і рэспубліканскіх узроўнях. Самая блізкая тэма, на якой засяроджваецца дырэктар, – духоўна-маральнае выхаванне дзяцей.

Зараз у школе таксама працягваецца рэалізацыя некалькіх праектаў “Здабытае страчанае”, па праваслаўнаму выхаванню вучняў і іншыя. Актыўна вядзецца распрацоўка праекта “Дзверы ў зялёны дом”, дзе Людміла Уладзіміраўна з’яўляецца не толькі каардынатарам, кансультантам, але і непасрэдным удзельнікам.

Усе заслугі школы – гэта заслугі настаўнікаў і выхавальнікаў. Мы дамагаемся пэўных вынікаў толькі ўсім калектывам, дапамагаем адзін аднаму. У нас няма конкурсаў ці праектаў для аднаго чалавека, у любой справе мы заўсёды разам. Таму школа і займае лідзіруючыя пазіцыі ў раёне, – расказвае кіраўнік установы адукацыі.

І гэта сапраўды так: па выніках мінулага года школа знаходзіцца на першым месцы па лепшай арганізацыі работы ўстаноў адукацыі Свіслацкага раёна. І гэты вынік ні ў якім разе не прымушае спыніцца калектыў у сваім развіцці, а наадварот рухацца наперад і дасягаць новых вяршынь. Заўсёды і ва ўсім.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Не уступила дорогу. Серьезная авария в Свислочском районе