Марыя Віктараўна і Віктар Іванавіч працуюць поруч у дзяржаўнай установе адукацыі «Поразаўская сярэдняя школа» многа гадоў. І муж, і жонка не ўяўляюць сябе без школы. Іх агульны педагагічны стаж складае больш шасцідзесяці гадоў.
Блакітная мара дзяцінства Марыі Віктараўны стала сэнсам усяго жыцця. З 1985 года пачалася яе педагагічная дзейнасць. Найперш працавала піянерважатай: зборы, конкурсы, ладжанне піянерскіх кастроў – усё ўдавалася маладой творчай асобе. Многія і цяпер з захапленнем успамінаюць, як адмыслова Марыя Віктараўна іграла на баяне на школьных вечарах, арганізоўвала паходы і экскурсіі.

Аднак асноўныя поспехі Марыі Віктараўны – гэта поспехі ў якасці настаўніка беларускай мовы і літаратуры. Яна заўсёды праяўляе ўвагу і любоў да дзяцей, робіць усё, каб вучням было цікава, каб яны былі яркімі, матываванымі і дабіваліся поспехаў.
– Найперш настаўнік павінен з годнасцю ставіцца да сябе і да сваіх абавязкаў, – лічыць Марыя Віктараўна. – Імкнуся даваць трывалыя веды, у кожным вучні бачу непаўторную асобу, стараюся ствараць умовы, пры якіх школьнікі маюць магчымасць бачыць і разумець свае дасягненні і памылкі.
Настаўніца працуе над сабой, пастаянна займаецца самаадукацыяй. Рэалізуючы задачы прадметаў па беларускай мове і літаратуры, Марыя Віктараўна выкарыстоўвае ў сваёй практыцы элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, праектнай тэхналогіі, метады і прыёмы актыўнай ацэнкі.
Многа ўвагі настаўніца ўдзяляе рабоце з адоранымі і найбольш падрыхтаванымі вучнямі. Зацікаўлены педагог праводзіць факультатыўныя і стымулюючыя заняткі, заняткі міжшкольнага факультатыва. Як вынік – навучэнцы Марыі Віктараўны ўжо на працягу многіх гадоў з’яўляюцца пераможцамі другога і трэцяга этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, навукова-даследчых канферэнцый і творчых конкурсаў.

У бягучым навучальным годзе Марыя Віктараўна выконвае абавязкі класнага кіраўніка 5 класа.
– З першага дня мы ўсё вырашаем разам, раімся адзін з адным, прымаем актыўны ўдзел у школьным жыцці, – распавядае настаўніца. – Я вучу працаваць дзяцей у калектыве, разам мы радуемся поспехам і пераадольваем цяжкасці. Упэўнена, што менавіта класны кіраўнік мае вялікі ўплыў на станаўленне асобы школьнікаў, раскрыццё іх творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу.
Не менш заслуг на педагагічнай ніве мае і Віктар Іванавіч. З маленства ў сям’і яму прывівалі любоў да спорту, вучылі дасягаць пастаўленай мэты, выхоўвалі імкненне быць першым. Менавіта гэтыя рысы і праяўляюцца ў працоўнай дзейнасці настаўніка.
Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага інстытута імя А. С. Пушкіна настаўнік фізічнай культуры і здароўя працаваў трэнерам-выкладчыкам у Cвіслацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву. Віктар Іванавіч падрыхтаваў больш дзесяці пераможцаў і прызёраў вобласці па настольным тэнісе. Чатыры гады працаваў у Поразаўскай спецшколе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху. Звыш дзесяці гадоў Віктар Іванавіч вядзе прадмет “Фізічная культура і здароўе” ў Поразаўскай сярэдняй школе. Настаўнік мэтанакіравана працуе з адоранымі дзецьмі. З 2016 года яго вучні з’яўляюцца ўдзельнікамі зборнай Гродзенскай вобласці па вясновым і зімовым мнагабор’і «Здароўе», «Абаронцы Айчыны», «Алімпійскія надзеі Беларусі», прызёрамі абласных спаборніцтваў па настольным тэнісе. У 2018–2019 навучальным годзе ён падрыхтаваў двух прызёраў ІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды, двух прызёраў раённага этапу рэспубліканскага легкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства «300 талентаў для Каралевы». А сын Раман стаў прызёрам ІІІ этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” (Дыплом III ступені).
– Настаўнік і вучань павінны дзейнічаць разам, быць партнёрамі, але ні адзін з іх не павінен стаяць над іншым. Дыстанцыя паміж настаўнікам і вучнем, безумоўна, павінна быць, – упэўнены Віктар Іванавіч. – Але гэта не бар’ер, які нельга пераступіць, а больш высокая прыступка, на якую цябе паднялі вучні. І з гэтай вышыні ты працягваеш руку тым, хто ідзе за табой, дапамагаючы ім падняцца па лесвіцы пазнання. Мяне вельмі радуе, што многія з маіх вучняў абралі прафесію настаўніка фізічнай культуры. Я магу гэтым ганарыцца.

І Марыя Віктараўна, і Віктар Іванавіч – прагрэсіўныя педагогі, якія любяць сваю справу і ніколі не спыняюцца на дасягнутым, знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых падыходаў да сучасных дзяцей.
Сямейная пара заўсёды разам: вальсіруюць на раённым свяце, выступаюць у ролі вядучых на сцэне, удзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства.
Настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, яны прывыклі аддавацца сваёй справе спаўна, добрасумленна і дакладна рашаць пастаўленыя задачы. Мабыць таму і сям’я ў іх атрымалася вышэйшай катэгорыі: сям’я, у якой усе любяць адзін аднаго і паважаюць, дзе адносіны будуюцца на даверы.
Выпускнікі Поразаўскай сярэдняй школы Павел і Раман Белавы – уладальнікі залатых медалёў – увайшлі ў гісторыю нашай установы як спартсмены, актывісты, ініцыятары сацыяльна значных праектаў. Цяпер Павел – студэнт трэцяга курса біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а Раман – студэнт-першакурснік Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Бацькі вельмі ганарацца сваімі сынамі, таму што яны галоўнае іх багацце. У доме Белаваў заўсёды цёпла і ўтульна, пануе атмасфера ўзаемаразумення і адзінства, а на сямейных саветах педагагічна і тактоўна вырашаюцца ўсе пытанні.
Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Поразаўскай сярэдняй школы
Фота Сняжаны ЖУРНЕВІЧ