Добрая традыцыя склалася ў гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы: па заканчэнні курса «Уводзіны ў школьнае жыццё» дзяцей-першакласнікаў пасвячаюць у вучні. Свята для маленькіх гімназістаў прайшло 22 кастрычніка.
На ўрачыстым мерапрыемстве хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі займальнае падарожжа па краіне Ведаў. Тут іх чакалі новыя, але ўжо знаёмыя сябры – Знайка, Нязнайка і Буквар. Разам з казачнымі персанажамі дзеці даказвалі, што ўжо гатовыя стаць першакласнікамі і вучыцца ў школе.
Яны адгадвалі складаныя загадкі Нязнайкі, удзельнічалі ў конкурсах «Дапоўні словам» і «Збірайцеся ў школу», чыталі вершы і танцавалі, успаміналі правілы паводзін на ўроку і на перапынку, расказвалі гасцям аб сваіх першых эмоцыях, перажываннях, перамогах і няўдачах у сваім цікавым школьным жыцці. Атрымаўшы ліст з заданнямі ад мудрай Савы, вучні адправіліся на «Чароўныя астравы». Яны пабывалі ў «Лесе загадак», не патанулі ў «Возеры памылак», прайшлі па «Лічбавай сцежцы», дзе рашалі цікавыя прыклады, задачы і ўзлезлі на «Гару ведаў», знайшлі скарб на «Востраве скарбаў» – першы падручнік – Буквар. Дзеці праявілі сваю эрудыцыю і паказалі бліскучыя веды.
У інтэлектуальнай гульні «Хачу ўсё ведаць!» пераможцамі сталі Улад Аксёнаў і Ясенія Журневіч. Дзеці вельмі стараліся і паказалі, што за кароткі час, які яны правялі ў школе, шмат чаму навучыліся і, што самае галоўнае, гатовыя да новых адкрыццяў, гатовыя стаць сапраўднымі школьнікамі і паўнапраўнымі членамі дружнай гімназічнай сям'і.
Свята «Пасвячэнне ў вучні» завяршылася, але ў памяці дзяцей засталіся непаўторныя моманты, якія вучаць нас любіць сваю Радзіму, быць сапраўднымі вучнямі, патрыётамі сваей краіны, берагчы і шанаваць родную Беларусь.
Алена ПЕКАР, класны кіраўнік 1 «А» класа гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы