banner

Малады голас Свіслачы

19 Ноября’20
1851
“За што я люблю родную зямлю?” – адказ на гэтае пытанне шукала вучаніца 7 “Б” класа сярэдняй школы № 2 імя М. П. Масонава Лізавета Раецкая і справілася з гэтай задачай на “выдатна”.


Лізавета Раецкая са сваёй настаўніцай Ірынай Пракаповіч

Да творчага пошуку Лізавету і яе настаўніка беларускай мовы і літаратуры Ірыну Пракаповіч падштурхнуў конкурс пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”, аб’яўлены цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Рэспубліканскі конкурс прымеркавалі да завяршэння трэцяга Года малой радзімы. 

За тры гады ў нашай краіне былі праведзены тысячы мерапрыемстваў па развіцці і добраўпарадкаванні населеных пунктаў у розных рэгіёнах краіны, па павышэнні ўзроўню культуры і духоўнасці беларускага народа, захаванні мясцовых традыцый, адметных рыс побыту народа, яго этнаграфічнай культуры і мовы.

У гэтай сувязі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі вырашыла правесці рэспубліканскую творчую акцыю “За што я люблю родную зямлю”, якая заключалася ў стварэнні жыхарамі гарадоў і вёсак Беларусі творчых прац. У сваіх творах аўтары павінны былі адлюстраваць дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасобіць пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга часу.

Удзельнікі дасылалі на конкурс эсэ, вершы, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя працы па прапануемым тэмам: “За што я люблю свой край”, “Мова маёй малой радзімы”, “Родная зямля – крыніца натхнення”, “Квітней, мая радзіма!”. Ацэньвалі работы супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Асаблівую ўвагу яны звярталі на адпаведнасць заяўленай тэме, грамадскую актуальнасць, арыгінальнасць, мастацкі ўзровень і дасканаласць мовы.

Гэты верш – праца не аднаго дня. Некалькі разоў ён перапісваўся, нешта змянялася, але ў выніку атрымаўся прыгожы паэтычны твор, прысвечаны Свіслачы. На працягу ўсяго творчага працэсу мы працавалі разам, – распавядае кіраўнік Лізаветы Ірына Віктараўна.Верш вельмі просты, але ў яго ўкладзена ўся наша душа. У ім шчырая любоў да роднага горада, да малой радзімы. Ліза таленавітая, старанная і адказная дзяўчынка. За якую б справу яна ні ўзялася, заўсёды выконвае яе на “выдатна”. І творчая праца таму яркае пацверджанне.

Даведаўшыся пра вынікі конкурсу, вельмі ўзрадавалася. Шчыра кажучы, не разлічвала на такую высокую адзнаку ад журы – першае месца ў сваёй намінацыі. Лічу, што верш атрымаўся цёплым і пранікнёным. Удзячна кіраўніку Ірыне Віктараўне за дапамогу і падтрымку, – расказала Лізавета.  

Творчая праца Лізаветы прызнана лепшай у намінацыі “Маладыя галасы” і ўвойдзе ў асобны зборнік, які будзе складзены з лепшых конкурсных твораў. Заслужаную ўзнагароду – дыплом пераможцы – Лізавета атрымае на ўрачыстым мерапрыемстве, якое адбудзецца ў снежні ў Мінску. 

Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фота аўтара

За што я люблю свой край

Там, дзе майго дзяцінства дні прайшлі,
Дзе вецер шэпча песень мне матывы,
Там, менавіта там, на той зямлі,
Мая маленькая радзіма.

І як бы я далёка ні была,
Заўсёды я па Свіслачы сумую,
Бо гэта мая родная зямля.
І больш не знойдзеш ты нідзе такую.

Калі на неба зорнае гляджу,
То разумею: я, нарэшце, дома.

Па родным вулачкам я горада хаджу – 

Тут сэрцу ўсё так блізка і знаёма.
Тут птушкі звонка песенькі пяюць,
А сонейка цяплом нас сагравае.

І людзі тут шчаслівыя жывуць.

Я знаю: лепшага куточка не бывае.
Бо тут мы нарадзіліся, жывём,
Любоў з дзяцінства 
з калыханкай мамы
Да краю роднага праз усё жыццё нясём.
Мой горад, на зямлі ён лепшы самы.


Лізавета РАЕЦКАЯ, вучаніца 7 “Б” класа СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслачы

Предыдущая статья

Критерии качества жилищно-коммунальных услуг утверждены в Беларуси