banner

Будзем мы цяпер вучыцца

01 Сентября’20
2716

Музыкай, дзіцячымі галасамі і звонкім смехам сёння напоўніліся школьны двор, прасторныя калідоры і вучэбныя класы гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслачы. Школа гасцінна сустракала сваіх вучняў пасля летняга адпачынку, а таксама ласкава прымала самых маленькіх гімназістаў – першакласнікаў.

У гэтым навучальным годзе ўпершыню за парты селі 34 хлопчыка і дзяўчынкі. Апладысментамі на ўрачыстай лінейцы сустракалі самых юных гімназістаў і іх першых настаўнікаў – Алену Пекар і Алену Талканіцу.


Не менш увагі было прыцягнута і да адзінаццацікласнікаў, для якіх гэты навучальны год ва ўстанове адукацыі стане апошнім. Сярод 22 навучэнцаў –пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд, навуковых канферэнцый, творчых і інтэлектуальных конкурсаў. Прысутныя горача сустракалі іх разам з класным кіраўніком Ірынай Кавальчук. Самыя шчырыя словы дзяўчаты і юнакі выказалі роднай школе, любімым настаўнікам, бацькам. Добрымі парадамі падтрымалі старшакласнікі самых маленькіх гімназістаў, а таксама ўручылі ім падарункі.


Павіншаваць вучняў, іх бацькоў, педагогаў з пачаткам новага навучальнага года прыбылі ганаровыя госці: старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Буяк, начальнік Свіслацкага РАУС Аляксандр Якімчык, начальнік аддзялення па ахове аб'ектаў у г.п. Бераставіца Свіслацкага аддзела Дэпартамента аховы Віктар Журневіч, інструктар-інспектар Свіслацкага вузла паштовай сувязі Алена Сухоцкая.


– Шчыра і сардэчна віншую вас з пачаткам новага навучальнага года. Я кажу табе вялікі дзякуй, настаўнік Свіслаччыны, настаўнік Гродзеншчыны, настаўнік Рэспублікі Беларусь. Кажу дзякуй як бацька. Асаблівая ўдзячнасць вам, педагогі, за тое, што ў гэтым годзе кожны другі выпускнік нашага раёна паступіў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, – звярнуўся да прысутных Аляксандр Людвігавіч. – З сённяшняга дня, з 1 верасня, пачынаецца новы шлях ад бацькоўскага парога да парога гэтай цудоўнай гімназіі для нашых першакласнікаў. Хай ён будзе шчаслівым і радасным! Вам, выпускнікі, жадаю, каб тыя мэты і задачы, якія вы ставіце перад сабой, спраўдзіліся, каб той паступальны рух, які паказалі папярэднікі, вы яго прадоўжылі. У добры шлях!


– Я сёння рада сустракаць усю нашу гімназічную сям'ю. Мы задаволены, мы рыхтаваліся, мы абнавілі класы, тэрыторыю, спартыўную залу. Пры садзейнічанні раённай улады адрамантавалі тратуар каля цэнтральнага ўваходу, дзякуючы ўзаемадзеянню бацькоў – цокаль будынка. Усім жадаю выдатных вынікаў, высокіх дасягненняў, каб нашай установай ганарыліся не толькі ў раёне, вобласці, але і ў рэспубліцы. Хай у гэтым годзе важнымі будуць тры словы: здароўе, стабільнасць і поспех! – павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства дырэктар гімназіі Святлана Гірэй.


Ганаровага права даць першы званок былі ўдастоены пераможца рэспубліканскага конкурса “Лідэр года-2020” Дзіяна Зубель і вучань 1 “А” класа Савелій Бяляцкі.


Мілагучны званочак запрасіў усіх вучняў на іх першы ўрок “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”, які прызваны сфарміраваць пачуццё гонару за дасягненні нашай краіны за гады незалежнасці, выхоўваць грамадзянскую адказнасць.

Урачыстае мерапрыемства атрымалася цёплым і душэўным.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ

Фота аўтара

Чытайце таксама:

Позвал звонок на урок учащихся второй школы райцентра

Первый звонок прозвенел сегодня в Добровольском ДС СШ

Встречай нас, школа!

Предыдущая статья

Некоторые марки сигарет дорожают в Беларуси с 1 сентября