У арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі, актыўны ўдзел прынялі піянерскія дружыны. Вынікі работы дзіцячага аб'яднання былі падведзены на раённым злёце піянераў «Мы наследнікі Вялікай Перамогі», на якім прысутнічалі начальнікі аддзелаў адукацыі В. М. Бяляева і па справах моладзі райвыканкама В. Я. Крыштофік, старшыня раённага савета «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў» І. А. Трафімік, дырэктар Дома пазашкольнай работы Н. П. Пакутнік, а таксама педагогі-арганізатары.
Суботнім вясновым днём піянерскія дружыны раёна сабраліся ў гарадскім парку, дзе і адбылося ўрачыстае адкрыццё злёту. Старшыня раённага савета ГА БРПА Ася Саушчык узгадала, колькі добрых і карысных спраў зроблена рабятамі. Гэта рэалізацыя праграмы «Змена змене ідзе», праекта «Разам мы моцныя», абласнога праекта «Пераможны марш». Дружынамі праводзіліся аперацыі «Ветэран жыве побач», «Ніколі не забудзем», канцэртныя праграмы «Не забыць нам гэтай даты, што пакончыла з вайной», акцыі «Абеліск», «Піянеры — ветэранам», у ходзе якіх была аказана пасільная дапамога прадстаўнікам гераічнага пакалення. Даглядалі піянеры за месцамі пахаванняў воінаў.
Актывістамі піянерскага руху былі арганізаваны экалагічныя акцыі па ўборцы і добраўпарадкаванні вуліц, двароў «Веснікі добрых спраў».
Яскравым момантам свята можна лічыць прымацаванне рознакаляровых стужак на дрэва, якое стала сімвалам дружбы і міру, сувязі пакаленняў.
Затым піянеры падзяліліся на групы і прынялі ўдзел у сацыяльна значымых акцыях. Дзякуючы ім ля мемарыяльнага комплексу «Асілак» з'явілася яшчэ адна прыгожая клумба, да памятнага знака М. П. Масонава і брацкай магілы загінуўшых воінаў ляглі жывыя кветкі. Акцыі «Жураўлік міру» і «Дзякуй, дзеду, за Перамогу», якія прайшлі на вуліцах горада, даставілі вялікае задавальненне не толькі ветэранам, а і звычайным прахожым.
Самыя актыўныя атрымалі ўзнагароды. Так пераможцай агляду-конкурсу на лепшую піянерскую дружыну прызнана дружына «Каліноўцы Свіслачы» гімназіі № 1 г. Свіслач, яна ўдастоена граматы аддзела адукацыі і падарунка. Вучань Навадворскай СШ, прызёр абласнога этапа рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лідэр–2010» Андрэй Сушко ўзнагароджаны граматай Дома пазашкольнай работы і раённага савета ГА БРПА.
За актыўны ўдзел у жыцці арганізацыі, рэалізацыю праектаў, творчы падыход у працы атрымалі ўзнагароды актывісты, піянерскія дружыны і педагогі-арганізатары.
Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.
На здымках: лепшая піянерская дружына «Каліноўцы Свіслачы» гімназіі № 1; кветкі ад піянераў пажылым людзям; разбіўка клумбы ля мемарыяльнага комплексу «Асілак».