banner

Яны чытаюць раёнку калектывам і ўслых

17 Декабря’08
2957

Яны чытаюць раёнку калектывам і ўслыхБібліятэкі раёна — актыўнейшыя падпісчыкі «Свіслацкай газеты». Як на сяле, так і ў горадзе выпісваюць раёнку не толькі па абавязку, а ў першую чаргу, каб задаволіць запыты сваіх наведвальнікаў, а менавіта тых, хто не можа падпісацца на яе індывідуальна, але цікавіцца жыццём раёна.

Наведаўшы на гэтым тыдні цэнтральную раённую бібліятэку, мы пацікавіліся, як раёнку выпісваюць самі работнікі бібліятэчнай сістэмы. У чытальнай зале сярод падшывак перыядычных рэспубліканскіх і абласных выданняў знайшла добра знаёмую раённую газету. Побач, на стэлажы, тэматычныя папкі, у якіх сабраны артыкулы раённага выдання па розных тэмах: «З гісторыі Свіслацкай гімназіі», «Вёскі Свіслаччыны», «Свіслаччына: дзень сённяшні», «Іх лёс звязаны са Свіслаччынай» і іншыя.

Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ніна Уладзіміраўна Калач з’яўляецца пастаянным падпісчыкам і чытачом раённага выдання і прыкладам у гэтым для падначаленых:

— Раёнку выпісваю больш за 20 гадоў, цікаўлюся літаральна ўсім, што прапануе чытачу выданне: і грамадска-палітычным жыццём, і афіцыйнымі навінамі, і віншавальнымі адрасамі. Дасканала вывучаю краязнаўчыя матэрыялы, якімі карыстаюся ў працы. Нядаўна ў газеце з’явілася цікавая тэматычная старонка «Гасцінец», ад якой іншы раз не адарвацца.

У будучым годзе спаўняецца 110 гадоў, як на Свіслаччыне была заснавана першая бібліятэка. Хацелася б, каб гэтай падзеі ўдзяліла ўвагу «Свіслацкая газета».

Метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі Святлана Мікалаеўна Піваварчык мае сваё меркаванне:

— «Свіслацкую газету» выпісваю нерэгулярна, але чытаю яе ад «А» да «Я» у бібліятэцы. Бывае і так, што чытаем раёнку ўслых цэлым калектывам, абмяркоўваем навіны, дыскутуем па апавяданню Ядвігі Кобрынец «Як і мы даруем». У працы часта даводзіцца звяртацца да старых падшывак, якія захоўваюцца ў нас з 1953 года.

Намеснік дырэктара Таццяна Леанідаўна Барэль:

— Раённую газету добра памятаю з дзяцінства, калі яе выпісвалі мае бацькі. Напэўна, гэту звычку цікавіцца жыццём раёна перадалі яны мне. Бывае, не дачакаўшыся вечара, нясу газету пасля абеду на працу, каб хутчэй пазнаёміцца з навінамі рэгіёна. Любіць газету ўся сям’я: з задавальненнем чытае муж, дзеці, калі прыязджаюць на выхадныя. Хацелася б, каб газета выходзіла часцей, чым два разы на тыдзень.

Бібліятэкар бібліятэчнага маркетынгу Алена Уладзіміраўна Рабчанка:

— Не з’яўляюся падпісчыкам «Свіслацкай газеты», але ёсць магчымасць пачытаць яе ў бібліятэцы. У газеце падабаецца літаральна ўсё, люблю, калі выходзяць артыкулы нашых работнікаў. Калі гаварыць пра падпіску, то накладна сям’і з сярэднім даходам зараз выпісваць некалькі перыядычных выданняў. А, наколькі я ведаю, «Свіслацкую газету» выпісваюць добраахвотна.

Загадчыца аддзела апрацоўкі і камплектавання Людміла Іванаўна Клімчук:

— Першы раз пазнаёмілася з газетай у 1977 годзе, калі прыехала ў Свіслач па накіраванні на працу. Прыйшлося даспадобы не толькі раённае выданне, але і сам горад, людзі і калектыў. Спачатку не выпісвала раёнку, а толькі карысталася ў бібліятэцы. Пераехаўшы ва ўласную кватэру, стала пастаянным падпісчыкам. Цяпер сярод перыядычных выданняў, якія прыходзяць да нас у кватэру, адразу бярэмся за раёнку. Кожную старонку дасканала прачытвае муж, цікавяцца дзеці, хоць і не з’яўляюцца пастаяннымі жыхарамі райцэнтра. Я думаю, што пяць тысяч рублёў на раёнку са свайго бюджэту ў месяц можа выдзеліць кожная сям’я.

Калі я пацікавілася ў работнікаў бібліятэкі, хто карыстаецца падшыўкай «Свіслацкай газеты» у чытальнай зале, то ў першую чаргу назвалі школьнікаў, потым людзей пенсійнага ўзросту і нават жыхароў іншых раёнаў.

Мае субяседнікі пажадалі раёнцы працвітання, далейшага аператыўнага рэагавання на падзеі, цікавых суразмоўцаў і яшчэ больш падпісчыкаў.

Падрыхтавала Алена КЕДЗІК.

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Королева сцены