Ад царкоўна-прыходскага вучылішча да вучэбна-педагагічнага комплексу
Дабраволя — цудоўны куток у пушчанскім краі. Назва паходзіць ад слоў “добрая воля”. Упершыню вёска ўпамінаецца ў 1538 годзе. Першымі яе пасяленцамі сталі вольныя стралкі, якія ахоўвалі звяроў у пушчы. І прыйшлі яны сюды па добрай волі. Яшчэ ў гэты край уцякалі ад прыгнёту сяляне і станавіліся вольнымі. Паступова вёска разрасталася, адваёўваючы ў пушчы кавалкі зямлі. Але не толькі зямлёй і лесам жылі пушчанцы.
У 1861 годзе тут была пабудавана царква Св. Іаана. З гэтага моманту і пачынаецца адукацыя ў Дабраволі. Школа была адкрыта ў 1862 годзе. Гэта было царкоўна-прыходскае вучылішча, якое знаходзілася ў хаце аднаго з веруючых.
У 1908 годзе ў Дабраволі працавалі двухкласнае сельскае народнае вучылішча і аднакласнае. У 20-я гады пабудаваны другі будынак школы, які ў наш час разабраны. Школа была сямігадовай.
Калі Дабраволя знаходзілася пад уладай Польшчы, у вёсцы была адкрыта пяцікласная народная школа на польскай мове. Падчас вайны населены пункт быў акупіраваны нямецкімі войскамі, школа зачынена, у ёй знаходзілася нямецкая камендатура.
У 1953 годзе школа стала сярэдняй. Працаваць было цяжка, класы вялікія, не было неабходных умоў. За партамі сядзела па 6 вучняў, не хапала падручнікаў. Але было жаданне атрымаць адукацыю, таму вельмі ўважліва слухалася кожнае слова настаўніка.
З 1956 па 1963 гг. дырэктарам школы працаваў М. П. Налівайка. З 1963 па 1975 гг. — П. І. Гаўрылік. У 1965-м пачалі будаваць новую вучэбную ўстанову, якая была адкрыта ў наступным навучальным годзе.
З 1975 па 1985 гг. дырэктарам працаваў І. У. Саланевіч, з 1986 па 1988 гг. — П. І. Кічкайла, з 1988 па 2008 гг. — З. І. Смалей, з 2008 года школай кіруе Л. У. Петрасян.
Мы моцныя традыцыямі
Людміла Уладзіміраўна Петрасян, дырэктар Дабравольскага ВПК ДС СШ:
— У нашай вучэбнай установе значная падзея — 150 год адукацыі ў вёсцы Дабраволя. Гэта свята тых, хто сёння вучыцца і працуе ў школе, свята бацькоў вучняў, выпускнікоў школы, жыхароў вёскі.
У нашым ВПК займаецца 90 вучняў і выхоўваецца 14 дашкольнікаў. У цэнтры ўвагі развіццё, навучанне і выхаванне маральнай, гарманічнай, фізічна здаровай асобы, здольнай да творчасці і самавызначэння. У сувязі з тым, што школа знаходзіцца на тэрыторыі ДПУ НП “Белавежская пушча”, аддаецца належнае і экалагічнаму выхаванню, цэнтрам якога з’яўляецца Музей лесу.
Дзякуючы падтрымцы Свіслацкага райвыканкама на чале са старшынёй А. М. Таргонскім наша школа зараз мае сучасны выгляд. Да паслуг вучняў прыгожая спартыўная, цудоўная актавая залы, майстэрня, камп’ютарны клас, вучэбныя кабінеты, абсталяваныя новай мэбляй.
Школа моцная традыцыямі, якіх у нас нямала: турніры, турзлёты, капуснікі, святы, сустрэчы з ветэранамі, гульні-вандраванні, фэсты творчасці, літаратурныя гасцёўні, адкрытыя ўрокі. Мы ганарымся кожным выпускніком, асабліва медалістамі, якіх у нас 27.
Сёння, у дзень святкавання юбілею, хочацца пажадаць вучням — здароўя, творчасці, поспехаў у вучобе, абавязкова знайсці свой шлях у жыцці; работнікам школы — цярпення, творчага натхнення, аптымізму, здзяйснення прафесійных мар, падтрымкі і разумення з боку сям’і.
За што я люблю сваю школу?
Над такім пытаннем напярэдадні юбілею разважалі вучні Дабравольскага ДС СШ. Дык за што ж? Проста за тое, што яна ёсць? Ці за што іншае?
Дар’я БАРАН, вучаніца 6 класа:
— Школа ў нас вялікая і прыгожая. Яна нібы белы карабель у бяскрайнім дзіцячым свеце. І на гэтым караблі вельмі шмат добрых настаўнікаў. Яны любяць нас, разумеюць і даруюць нам усякія свавольствы.
Я люблю нашу школу. Тут пазнала шмат цікавага, навучылася пісаць, чытаць, рашаць задачы. Дарагая школа! Вучы нас, выхоўвай і будзь заўсёды маладой і прыгожай!
Гражына ІВАНЮК, вучаніца 4 класа:
— Я памятаю сябе ў той дзень, калі пайшла ў першы клас. Вясёлая і шчаслівая.
Зараз я ўжо ў 4 класе. Часам у мяне ўзнікае пытанне: “Што было б, калі б не было школ?” Людзі былі б нявыхаваныя, неадукаваныя, не ўмелі б прыгожа гаварыць, выказваць свае думкі. Якімі б яны былі беднымі! Пачатак усіх ведаў мы атрымліваем у школе.
Вольга УРБАНОВІЧ, вучаніца 8 класа:
— За што я люблю сваю школу? За ўсё. За тое, што я кожны дзень бегаю па родных прыступках, сустракаюся са сваімі сябрамі, настаўнікамі. За тое, што тут я адчуваю сябе пад надзейным крылом. На душы лёгка і весела, бо я ведаю, што кожны дзень за знаёмымі дзвярамі мяне чакае свет ведаў і школьнай мітусні. Дзякуй табе, школа!
Алена ЛОБАЧ, вучаніца 11 класа:
— Школа… У гэтым слове заключана шмат радасці, якую я перажыла тут разам са сваімі сапраўднымі сябрамі. Школа дапамагла нам пазнаць і ацаніць сябе. Школа запаліла агеньчык дабрыні ў нашых сэрцах. Школа… Гэта больш, чым веды! Няхай яна і надалей гасцінна сустракае нас сваімі велізарнымі вокнамі-вачамі!
Алег ЯНУШКЕВІЧ, вучань 10 класа:
— У школе мы робім першыя крокі ў невядомы свет навукі і ведаў. Тут мы вучымся быць людзьмі ў поўным сэнсе гэтага слова, вучымся разумець прыгожае.
Як не любіць гэтыя калідоры, школьны ганак, дошку, парты, якія, нібы караблі, выносяць нас у невядомы акіян ведаў?! Мы ўсе любім школу, кожны па-свойму. На ўсё жыццё яна захаваецца ў нашай памяці.
Марыя БАРЭЛЬ, вучаніца 11 класа:
— Чым з’яўляецца школа ў маім жыцці? Думаю, не памылюся, калі скажу, што гэта другі дом. Я люблю яе, таму што не ведаю, як можна яе не любіць.
Шкада, што гэты год для мяне апошні ў школе. Калі думаеш пра гэта, на вочы міжволі наварочваюцца слёзы. Слёзы развітання са школьным светам, які за гады вучобы стаў родным.
Дзмітрый БАРЭЛЬ, вучань 9 класа:
— У нас школа проста выдатная. Галоўнай яе каштоўнасцю з’яўляюцца настаўнікі і вучні. Калі пачынаюцца ўрокі, забываю пра тое, што стаміўся, у чарговы раз не выспаўся, і не заўважаю, як звініць званок з апошняга ўрока. Мне падабаецца школа, у якой заўсёды добразычлівая атмасфера.
Не адпускаюць родныя сцены
З дваццаці чатырох настаўнікаў, якія сёння выкладаюць у школе, адзінаццаць — яе выпускнікі. Атрымаўшы ў свой час прафесію настаўніка, яны па таямнічых законах прыроднага кругавароту вярнуліся ў родныя школьныя сцены. Толькі ўжо не вучыцца, а вучыць.![]()
Лідзія Уладзіміраўна РУСАК,
настаўнік пачатковых класаў, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце:
— Я вельмі добра памятаю свае школьныя гады. Лічу, што гэта самы лепшы і цікавы час у маім жыцці. Я была актывісткай. Мы самі праводзілі мерапрыемствы і самі выбіралі тэмы. Асабліва мне запомніліся вечары. Усе прыходзілі ў школьнай форме, танцавалі вальс.
За актыўны ўдзел у камсамольскай дзейнасці я была ўзнагароджана паездкай у “Артэк”, знакаміты лагер Савецкага Саюза. Для мяне, вясковай дзяўчынкі, гэта было вялікай радасцю.
Дзмітрый Іванавіч ТРУШКО,
настаўнік геаграфіі і фізічнай культуры:
— Я закончыў Дабравольскую СШ у 1987 годзе. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Праз некаторы час прыйшоў сюды працаваць.
Школьныя гады засталіся ў памяці. Цікавасць выклікалі амаль усе ўрокі, асабліва фізічная культура і геаграфія. Настаўнікі гэтых прадметаў і паўплывалі на выбар прафесіі.
Канешне, з часу маёй вучобы ў школе многае змянілася. Мы ў свой час не мелі камп’ютараў, больш чыталі твораў мастацкай літаратуры.
Хочацца пажадаць сваёй роднай школе росквіту, а вучням — здароўя, поспехаў у вучобе і выбраць прафесію па душы.
Людміла Мікалаеўна ЛОБАЧ,
выхавальнік дзіцячага сада:
— Вучні нашага класа былі вельмі актыўнымі. Мы наведвалі экалагічны гурток, якім кіравала Ганна Аляксееўна Трушко. У нас была экалагічная сцежка, якая складалася з некалькіх прыпынкаў, на кожным — экскурсавод. Памятаю, я была экскурсаводам на прыпынку “Мурашнік”.
Глыбока запалі ў памяць урокі рускай мовы і літаратуры. Хацелася і мне быць настаўнікам. Але паступіць у мяне адразу не атрымалася. Некаторы час працавала ў дзіцячым садку. І вось тут я сустрэлася з цудоўным чалавекам — Алай Сяргееўнай Данільчык, якая падштурхнула мяне да выбару прафесіі выхавальніка дзіцячага сада. Зараз мы з ёю вельмі добрыя сяброўкі і калегі.
Ірына Пятроўна АМЕЛЬЧАНКА,
настаўнік біялогіі і хіміі:
— Я ў Дабравольскай СШ вучылася апошнія два гады. Гэта навучальная ўстанова стала зыходнай кропкай, ад якой адышлі два вектары майго жыцця: сям’я і праца. З новых аднакласнікаў я вылучыла для сябе адну асобу — Аляксея Амельчанку. З гэтым чалавекам мы разам 11 гадоў.
Са шматлікіх школьных прадметаў я таксама выбрала адзін — біялогію. Палюбіць гэтую дысцыпліну мяне прымусіла (у добрым сэнсе слова) настаўнік Надзея Сяргееўна Наліўка. Вось так, як на далоні перасякаюцца лініі лёсу, у Дабравольскай СШ перасякліся для мяне лінія сям’і і лінія прафесіі.
Алена Мікалаеўна СЕМЯНЧУК,
настаўнік англійскай мовы:
— Больш за ўсё мне запомніўся мой 10 клас, дзе я вучылася, калі прыйшла з Ціхавольскай БШ. Я памятаю ўсіх сваіх настаўнікаў, якія тады працавалі ў школе. Гэта былі адукаваныя, добразычлівыя, цярплівыя людзі, якія давалі трывалыя веды. Запалі ў памяць урокі матэматыкі. Настаўніца Галіна Станіславаўна Курыла была строгай, але ў той жа час і справядлівай. Яе словы “матэматыка — царыца навук” памятаю і цяпер.
Прафесія настаўніка мне падабаецца тым, што сярод вучняў адчуваеш сябе вечна маладым і поўным творчых сіл, натхнення, гэта заўсёды рух наперад, самарэалізацыя.
Алег Іванавіч ЛОБАЧ,
настаўнік фізічнай культуры:
— У нашым класе вучыўся 31 вучань. Усе дружныя, стаялі адзін за аднаго гарой, дапамагалі адзін аднаму. У той час, калі я вучыўся, пры школе працаваў інтэрнат для вучняў з іншых вёсак. Было вельмі весела. Кожны дзень праходзілі секцыі па фізічнай культуры.
Прайшло шмат гадоў. Школа змяніла свой колер, інтэр’ер, стала вельмі ўтульнай. І я задаволены, што мне пашчасціла працаваць тут.
Аксана Мікалаеўна ГІЧКАЛАВА,
настаўнік рускай мовы і літаратуры:
— Я вучылася ў гэтай школе з першага класа. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы вярнулася сюды працаваць. Пра школьныя гады ў мяне шмат яркіх успамінаў: цікавыя ўрокі, паходы, пазакласныя мерапрыемствы, экскурсіі. Нам, самаму дружнаму класу, пашчасціла пабываць у шматлікіх кутках тады яшчэ Савецкага Саюза: Кіеве, Калінінградзе, Вільнюсе.
Старонку падрыхтавала Наталля ТУРКО (ЯНЮК),
выпускніца Дабравольскай СШ 1998 года.



