banner

Праз 12 крокаў да цвярозасці

09 Декабря’17
1534

Праз 12 крокаў да цвярозасці

Не адкрыю сакрэт, калі скажу, што сучаснае грамадства знаходзіцца пад уплывам многіх спакус. Гэта азартныя гульні, цыгарэты, алкаголь, наркотыкі і шмат іншага, чаго так хочацца паспрабаваць, асабліва ў падлеткавым узросце. Але, на жаль, для некаторых людзей гэтыя спробы заканчваюцца сапраўднай катастрофай, якую па-іншаму можна назваць залежнасцю. Толькі ў невялічкім Свіслацкім раёне ва ўрача-нарколага назіраюцца каля 850 чалавек, у тым ліку 130 жанчын фертыльнага ўзросту.

 

Праблема алкага-лізацыі насельніцтва непасрэдна ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў раёне. Яна хвалюе спецыялістаў установы па ахове здароўя, прадстаўнікоў улады, праваахоўных органаў, адукацыі, іншых служб і, вядома, грамадства. Як паказвае практыка, кантраляваць і вырашаць гэтыя пытанні паасобку вельмі і вельмі складана. Таму на Свіслаччыне быў арганізаваны семінар “Метады практычнага рашэння праблемы алкагалізму і наркаманіі”, які аб’яднаў шырокае кола зацікаўленых асоб. сярод іх ідэалагічныя работнікі, свяшчэннаслужыцелі, урачы, медыятары, валанцёры з груп узаемадапамогі “Ананімныя наркаманы” і “Ананімныя алкаголікі”.


Вітаючы ўдзельнікаў семінара, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кулікоў адзначыў, што калі пасля сходу хоць адзін чалавек задумаецца над сваімі паводзінамі, зменіць свой светапогляд і лад жыцця, значыць, мы нездарма сабраліся ў гэтай зале.


Чаму чалавек становіцца залежным і як яму дапамагчы – над гэтымі адвечнымі пытаннямі разважаў кіраўнік сацыяльнага аддзела Гродзенскай епархіі іерэй Павел Каспяровіч. Сярод фактараў, якія ўплываюць на развіццё залежнасці ў чалавека, ён адзначыў генетычную схільнасць, сям’ю, малое асяроддзе (блізкія, сябры), грамадства, унутранае развіццё асобы.

 
– Свіслаччына вымушана вырашаць праблему залежнасці і ствараць сістэму падтрымкі, – сказаў іерэй Павел. – Спадзяюся, што тыя веды, якія вы сёння атрымаеце, будуць карыснымі.


Аб практычнай дапамозе залежным людзям расказала загадчыца наркалагічнага аддзялення лячэння і рэабілітацыі залежных асоб Гродзенскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя-наркалогія” Валянціна Мурына. Самым дзейсным і эфектыўным спосабам лячэння ад алкагалізму і наркаманіі яна назвала 28-дзённую стацыянарную рэабілітацыйную праграму, у аснове якой – “мінесоцкая мадэль” (12-крокавая праграма). Яна ўяўляе сабой працу ў групах і аб’ядноўвае вопыт спецыялістаў і залежных людзей, у якіх вялікі тэрмін цвярозасці. Часцей за ўсё гэта групы ананімных алкаголікаў і наркаманаў. Іх члены разважаюць над тым, што іх хвалюе, дзеляцца сваімі думкамі і пачуццямі, вучацца аналізаваць свае дасягненні і няўдачы, прымаць падзяку і крытыку, вырашаць канфлікты і шмат іншага. Лячэнне пацыентаў па 28-дзённай рэабілітацыйнай праграме па накіраванні мясцовага ўрача-нарколага здзяйсняецца бясплатна, калі залежны чалавек хоча захаваць сваю ананімнасць, яму прыйдзецца заплаціць больш за 600 рублёў. У Гродзенскім клінічным цэнтры праз гэтую праграму пралечаны болей за 1 500 чалавек.


– Вылечыць залежнага чалавека мы не можам, дапамагчы дасягнуць цвярозасці – так. Але гэтую цвярозасць ён павінен падтрымліваць усё сваё жыццё, – акцэнтавала ўвагу прысутных урач-нарколаг Валянціна Міхайлаўна. – Дзе ён гэта можа рабіць? На жаль, ні ў сям’і, як многія мяркуюць. Для гэтага існуюць групы ўзаемадапамогі “АА”.


Ананімныя алкаголікі і наркаманы з Гродна і Свіслачы падзяліліся з аудыторыяй сваім вопытам, як яны пераадолелі сябе і сталі на шлях выздараўлення.

 

Для жадаючых, якія хочуць змяніць сваё жыццё, былі пакінуты нумары тэлефонаў і адрасы, куды можна звярнуцца за дапамогай. Нумар Гродзенскага клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя і наркалогія” – (80152) 75-74-62, адрас групы “АА” ў Свіслачы – вул. Гагарына, 14/1. З дзейнасцю таварыства цвярозасці “Пакроўскае”, якое было ўтворана пры Свята-Пакроўскім саборы 6 гадоў таму, пазнаёміў госць з Гродна Мікалай Байда.


У Свіслацкую раённую бібліятэку іерэй Павел перадаў дыск і кнігі па прафілактыцы і лячэнню залежнасцей у чалавека. Ён прапанаваў арганізаваць з падоранай літаратуры асобны раздзел для чытачоў – “Духоўная кніга – крыніца мудрасці”.


Таксама ў практычным семінары прыняла ўдзел медыятар Аксана Шульга з Гродзенскага філіяла навучальна-практычнай установы “Цэнтр “Медыяцыя і права”. Яна прапанавала сваю бясплатную дапамогу ў рамках праекта, які стартаваў у раёне пры аддзеле ЗАГС.

 

 

Алена КЕДЗІК.

 

Предыдущая статья

Послесловие к Дожинкам, или Спасибо всем, кто принимал участие