banner

Зямля герояў

08 Февраля’22
777
Кожны горад, кожная вёска Беларусі мае сваю асаблівую гісторыю. І выключнасць гэтай гісторыі ў тым, што ёсць тут простая заканамернасць: падобнае не адбывалася да гэтага і не адбудзецца пасля. Мая маленькая радзіма мае такое мінулае…

Мая Дабраволя! У 1939 годзе разам з усёй Заходняй Беларуссю яна стала свабоднай. І ў вялікай прыгожай вёсцы пачалося новае жыццё. Пры Свята-Успенскай царкве былі адкрыты мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, пазней стала працаваць пачатковая школа. У вёсцы было шмат моладзі, і ўсе працавалі на сваёй зямлі. Была адкрыта хата-чытальня, створана камсамольская арганізацыя. 
Але нядоўгім было шчаслівае жыццё ў Дабраволі. Крывавым вечным полымем у беларускай гісторыі застаецца вайна. Фашысты прыйшлі ў Дабраволю не ў першы дзень вайны, а пазней, калі былі захоплены Гродна, Мінск, Бабруйск… А ў першыя дні праз вёску ішлі на ўсход па адным або невялікімі групамі раненыя савецкія воіны – спрабавалі вырвацца з акружэння. Аднойчы з’явіліся яны і на хутары Цімафея Іванавіча Васіленкі. Камсамолка Паша выбегла з хаты па ваду. Нечакана пачула слабы мужчынскі голас, прасілі аб дапамозе. Убачыла раненага чырвонаармейца, паклікала бацьку. Цімафей Іванавіч з дачкой як маглі перабінтавалі, накармілі і напаілі салдата, схавалі яго ў хляве. Затым яшчэ прыйшлі раненыя чырвонаармейцы. Так у іх доме сабралася цэлая група раненых савецкіх салдат.


Паша Васіленка (злева) з сяброўкай. 1940 год

Амаль месяц хавалі іх тут, а самі жылі пад страхам. Потым Паша адвяла салдат ва ўрочышча Жарствяк, дзе бацька падрыхтаваў для іх месца. 

Да вайны Паша Васіленка скончыла курсы трактарыстак. А ў Дабраволі ўжо гаспадарылі фашысты, вакол Белавежскай пушчы гарэлі вёскі і хутары, умацоўваліся паліцэйскія гарнізоны. Фашысты вырашылі завесці тут асабліва жорсткія парадкі, каб не пусціць у белавежскі лес “чырвоных бандытаў” – так яны называлі партызан. 

Дабравольскія камсамольцы ўтварылі падпольную арганізацыю, сакратаром якой быў Міхаіл Урбановіч. Арганізацыя была першай у раёне. Міша нарадзіўся ў Дабраволі ў 1920 г. Пасля таго як скончыў пачатковую школу, дапамагаў бацькам па гаспадарцы, шмат чытаў, марыў вучыцца далей. У канцы ліпеня 1941 года сакратар Дабравольскай падпольнай камсамольскай арганізацыі быў схоплены і расстраляны.

Узначаліла арганізацыю Паша. Хутка ў вёсцы сталі з’яўляцца лістоўкі. Гэта рабілі Паша і яе сябры-камсамольцы, маладыя патрыёты. Немцы безвынікова шукалі падпольшчыкаў. І ніхто з мясцовых жыхароў не выдаў іх ворагам, хоць многія ведалі, чыіх гэта рук справа. Па даручэнні падпольшчыкаў Паша ўладкавалася працаваць у нямецкую сталоўку. Там яна збірала патрэбныя звесткі і праз сувязных перадавала іх партызанам. Разам з другімі падпольшчыкамі адпраўляла ў лес прадукты, зброю, лекі. А ў вёсцы па-ранейшаму з’яўляліся лістоўкі. Немцы сталі падазраваць Пашу, сталі сачыць за ёй і пайшлі на хітрасць. Аднойчы ў Дабраволі з’явіліся два мужчыны ў форме чырвонаармейцаў. Нехта паказаў на дом Цімафея Васіленкі, маўляў, там дапамогуць звязацца з партызанамі. Цімафей Іванавіч адразу пазнаў, што яны не чырвонаармейцы. Але адступаць не было куды. І ён вырашыў адвесці іх у лес і здаць у рукі партызанам. Аднак па дарозе гітлераўцы збеглі. Пакуль Цімафей Іванавіч спяшаўся, каб папярэдзіць Пашу і схаваць сям’ю, фашысты ўжо паспелі акружыць хату.

На вясковую плошчу, да царквы, сагналі ўсіх жыхароў. Побач з шыбеніцай стаялі Цімафей Іванавіч? яго брат Іван, Паша і яе брат Алёша. На грудзях у кожнага вісела таблічка з надпісам: “Яны дапамагалі партызанам”. Тады загінула сям’я Васіленка, у тым ліку першая вясковая трактарыстка, прыгожая і вясёлая дзяўчына, адважная камсамолка Паша.

Пахаваны Паша Васіленка і Міша Урбановіч на дабравольскіх могілках. На зямлі кіпіць жыццё, а тут – цішыня. Толькі летам спяваюць птушкі і шапацяць лісточкі на дрэвах. Магілы камсамольцаў-герояў заўсёды прыбраныя, тут ляжаць кветкі, вянкі. 

Не абмінула вайна і маю сям’ю. Мае прадзеды таксама ваявалі. Сцяпан Самуілавіч Урбановіч быў на фронце кулямётчыкам. У 1945 годзе вярнуўся дадому, быў ранены і хворы, пасля вайны пражыў нядоўга. Другі прадзед – Георгій Васіленка – таксама быў на фронце. Загінуў, абараняючы Польшчу, там і пахаваны. У цэнтры нашай вёскі ўстаноўлены помнік усім загінуўшым у гады вайны землякам. 

Колькі перанесла ты, мая маленькая радзіма! Тут жылі людзі, якія сталі часткай гісторыі. Людзі, якія баранілі сваю родную зямлю, свае сем’і ад бязлітаснага ворага… Нашы продкі-героі падаравалі нам, сваім нашчадкам, мірнае жыццё. Сёння мы павінны ганарыцца сваім пераможным мінулым. Давайце ніколі не забудзем імёны тых, хто аддаў сваё жыццё за тое, каб мы шчасліва жылі ў сваёй роднай Дабраволі.

Ксенія УРБАНОВІЧ, студэнтка ГрДУ

Предыдущая статья

С чего начинается Родина?
Похожие новости