banner

У пачатку снежня вакальнаму калектыву “Спадчына” Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу споўніцца 15 гадоў

28 Ноября’20
1510

Вакальны калектыў “Спадчына” з выязным канцэртам на Зэльвеншчыне. Лета 2019 года

– Як учора было! – у адзін голас гавораць яго ўдзельніцы.

І сапраўды, здаецца, учора кожнаму з іх патэлефанавала Людміла Георгіеўна Лукша, былы дырэктар Дома культуры, з прапановай сабрацца, каб пагаманіць ды песні паспяваць.

Адгукнуліся актыўна, бо ў кожнай з гэтых прыгожых вясковых кабет ужо быў вопыт сцэны, а ў памяці – мерапрыемствы,  рэпетыцыі, канцэрты… І паліліся песні!

Як гэта хвалюе – кожны выхад на сцэну. Кожны раз – усплеск эмоцый: загараюцца вочы, сэрца стукае ў такт мелодыі, чырванеюць шчокі… А перад табой – вочы гледачоў. Яны таксама загараюцца – ад песні да песні. А песні ўжо лунаюць, нібыта птушкі, над усёю залаю, сардэчна яднаюць і артыстаў, і гледачоў. І завяршаецца ўся гэта чароўная дзея апладысментамі.
Канцэртаў – не пералічыць: для сваіх вясковых гледачоў, амаль ва ўсіх клубных установах раёна, для жыхароў Ваўкавыскага, Шчучынскага, Зэльвенскага раёнаў, на абласным фестывалі ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны” ў горадзе Ваўкавыску. Ва ўсіх клубных святах і мерапрыемствах яны – першыя, бо, як спяваюць дзяўчаты, “сядзець дома надаела, вечна штосьці прыбіраць”.  Іх выступленні заўсёды з’яўляюцца “разыначкай” у цікавых клубных праектах – ці гэта кулінарны парад “У кожну хату – смачна есці!», ці свята “Грынкі збіраюць сяброў” з вядомымі 440 бутэрбродамі з сала і шакалада, ці паэтычны праект “Песняй і вершам мы вёску ўслаўляем”. А колькі запалу было ў дзяўчат пад час ажыццяўлення інтэрактыўнай выставы “Мода з камода”! Трапілі нават на рэспубліканскае тэлебачанне!

Усе ўдзельніцы калектыву вельмі розныя па характару, па адносінах да жыцця, па сваіх творчых магчымасцях, але іх яднае адно – адданасць: адданасць і калектыву, да якога прыраслі і душой, і каранямі, і адданасць нашай беларускай культуры. 
Клубная ўстанова для іх – другі дом.  Раіса Іосіфаўна Сухоцкая заўсёды прынясе нейкія смачныя стравы з новых рэцэптаў, каб выпіць кубачак гарбаты. Лідзія Канстанцінаўна Трахімік мае цудоўны першы голас, і разам з Марыяй Максімаўнай Казлоўскай яны не толькі вакалісткі, але і такія артысткі ў музыкальных замалёўках! Толькі дзіву даешся. Ганну Пятроўну Лукашэвіч называюць “сцэнарыстам”, бо яна вельмі трапна і цікава ў сваіх творчых замалёўках паказвае наша жыццё. Алена Рыгораўна Пічкоўская – адзіны чалавек, якому давяраюцца мужчынскія ролі. Ніна Іванаўна Дзідзенка вельмі любіць паэзію, і калі паміж песнямі трэба зрабіць перапынак, яна заварожвае залу паэтычным словам.  Алена Іванаўна Варабей заўсёды падтрымае кожнага сваёй развагай і цеплынёй. Людміла Георгіеўна Лукша, як і належыць добрай матулі, і пажурыць, і падхваліць. А кіруе калектывам творчы і апантаны чалавек – Святлана Віктараўна Гінч, якой пад сілу што песні спяваць, што музычную інсцэніроўку паставіць, што пашыць шыкоўны касцюм.

На жаль, без страт у жыцці не бывае. Даўно няма з намі першай удзельніцы калектыву – Яўгеніі Паўлаўны Барэль. Сваім бархацістым голасам яна ўпрыгожвала калектыў. Заўсёды адказна ставілася да рэпетыцый, да выступленняў, да рэпертуару. Яе слова было важкім і справядлівым.  Страціў калектыў і Марыю Мікалаеўну Акудовіч, сардэчнага і цёплага чалавека, а потым не стала і Людмілы Паўлаўны Трахімік, голас якой зачароўваў і надоўга заставаўся ў сэрцы. Хтосьці з’ехаў з вёскі, іншыя пакінулі калектыў па сямейных абставінах, але гады, праведзеныя  разам, засталіся ў памяці назаўсёды.

Я не кажу пра ўзнагароды. Іх у калектыва шмат. Але самая даражэйшая – апладысменты гледачоў і запрашэнне прыехаць ізноў.
Што ж пажадаць з нагоды юбілею? Спявай і надалей, “Спадчына”! Спявай так жа хораша, прыгожа, тонка, лірычна, каб песні западалі ў душу і малым, і сталым людзям! І я вельмі спадзяюся, што яшчэ не раз выйду разам з вамі на сцэну, каб сказаць у залу:

На сцэне – вакальны калектыў “Спадчына”! Сустракайце, шаноўныя гледачы, і не шкадуйце сваіх далонькаў! 

15 гадоў – гэта ўсё ж такі добры кавалак жыцця. А ва ўдзельнікаў калектыву ён сатканы з любові да роднай песні, да нашай беларускай, да той, якую любілі матулі і татулі. Бацькі амаль усіх вызначаліся добрымі галасамі, музычныя інструменты – гармонь, скрыпка – былі на пачэсным месцы ў хатах. Часам на вяселлях і радзінах спявалі цэлымі сем’ямі. Таму і рэпертуар слыннага калектыву складаюць у першую чаргу такія песні, ад якіх быў у захапленні вядомы фалькларыст Рыгор Шырма. Ён, як зачараваны, слухаў галасы грынкаўскіх дзяўчат пад час вандроўкі па Свіслаччыне ў 1936 годзе. Вось адкуль карані, вось адкуль гэта любоў і пяшчота: “Зялёны лісце, белы каштаны”, “Пасажу каліну ў полі”, “Як у вішнёвым у садочку”, “Ты, чырвоная каліна” і шмат-шмат іншых. Слухаеш – і замірае сэрца, а перад вачамі – гісторыя жыцця, якую перадаюць словы і мелодыя.


Марыя САМАЛЕВІЧ, загадчык Грынкаўскага сектара культуры і вольнага часу

Предыдущая статья

Падставай для сустрэчы стала пісьмо з Варонежа