banner

Так вольна і шчасліва толькі тут

27 Августа’24
2144

Чарговае свята вёсак-суседак. На гэты раз іх “сабралася” цэлых пяць. Як пяць добрых сябровак, якім рэдка выпадае сустрэцца ў буднія дні, бо рупіць праца. Калісьці ў гэтых вёсках кіпела жыццё. Людзі працавалі ад зары да цямна. Хто ў полі, хто на ферме, хто дзетак вучыў (а іх у тыя часы было шмат), хто лячыў хваробы, хто таргаваў у краме, хто разносіў пошту, а хто дарыў святы. А гэта ж не сакрэт, людзі, якія ўмеюць заўзята працаваць,і адпачываць таксама ўмеюць. Запытайце ў старажылаў пра іх маладосць. Яны вам раскажуць, як штодня пасля працы, ад якой парою ні чуць было ні рук, ні ног, памыўшыся і пераапрануўшыся, беглі на вячоркі. А там, адкуль толькі сілы браліся, скакалі польку і кракавяк, кружыліся ў вальсе і факстроце.А як спявалі! Звінелі тыя песні, аж пакуль пеўні не запяюць і не напомняць, што зноў да працы пара збірацца. Гэта ў будні! А ў святы? А ў святы ўсе вяскоўцы ад мала да вяліка раніцай ішлі ў Храм, кланяліся Богу за кожны падораны дзень, за дзетак, прасілі, каб паслаў добры ўраджай, ці дзякавалі за сабраны, асвячалі то велікодныя стравы, то лекавыя зёлкі, то мёд, то яблыкі, то хлеб, а потым святкавалі. І зноў звінелі песні, ды яшчэ якія! Толькі народ умеў такія складаць! Вось якія ў нас былі вёскі! Бадай, нідзе ў свеце больш такіх не было. І песень такіх не было нідзе на цэлым свеце.

Але вернемся ў наш час. Пяць вёсак-суседак, а гэта Гарнастаевічы, Кавалі, Грушчане, Загаране і Валіскаўшчына. Самая багатая на жыхароў – вёска Гарнастаевічы. Яна і “паклікала” на свята ўсіх суседак-сябровак. Ім было аб чым пагаварыць, што ўспомніць. Асабліва тым, хто даўно змяніў белы вэлюм на “зімовы” ўбор – сівыя валасы. Але ж душа, яна не старэе і вочы свецяцца цеплынёю, якую не здолелі пагасіць гады.

Са шчырымі словамі прывітання да вяскоўцаў звярнуўся старшыня Поразаўскага сельскага Савета Віктар Акудовіч.

–        Мне вельмі прыемна знаходзіцца тут, дзе сабраліся разам жыхары вёсак-суседак. Я часта слухаю выступленне нашага Прэзідэнта, і мне запалі ў душу яго словы: “Самае лепшае багацце – гэта нашы людзі”. Гэта вы, мае дарагія, якія шмат гадоў шчыравалі ў жывёлагадоўлі, паляводстве, якія вырошчвалі хлеб, давалі краіне малако, мяса, працавалі ў сацыяльнай сферы. Вы з года ў год праслаўлялі нашу сінявокую Беларусь. Паклон вам, дарагія. Я жадаю вам мірнага неба над галавой, здароўя, шчасця, дабрабыту. Каб слова “вайна” нашы дзеці і ўнукі чыталі толькі ў падручніках.

Віктар Вацлававіч уручыў падарункі сваім памочнікам – старастам вёсак, на гэтых людзях таксама ляжыць вялікая адказнасць за штодзённае жыццё вескі, за тое, каб хутка і якасна вырашаліся ўсе праблемы, калі раптам яны ўзнікаюць. А гэта Ірына Харко (Гарнастаевічы), Наталля Янчык (Кавалі), Ірына Дубанос (Загаране).

З падзякаю і добрымі словамі звярнулася за жыхароў вёсак Ірына Харко. Яна зрабіла кароткае падарожжа ў гісторыю вёскі Гарнастаевічы, расказала, чаму яна так завецца, як выглядала некалькі дзясяткаў гадоў таму, чым славілася, якія людзі былі гонарам сяла.

На жаль, шмат каго з іх ужо няма на свеце, але ўсё ж былі на свяце і старажылы вёсак-суседак. Падарункі ад старшыні атрымалі Вольга Янюк з Валіскаўшчыны, Лідзія Жлоба з Гарнастаевіч, Лідзія Міхальчык з Загараняў, Марфа Янчык з Кавалёў, Георгій Міхальчык з Кавалёў.

Атрымаў падарунак і вясковец Віктар Смурага, які за сваю шматгадовую сумленную працу быў удастоены ордена Трудовой Славы ІІІ степени.

Не забыліся арганізатары свята пра юбіляраў, якія адзначылі ў гэтым годзе свае круглыя юбілеі – 90, 80, 70, 60, 50 гадоў. А гэта Лідзія Міхальчык, Дзеаніса Казакевіч, Васіль Рыбакоўскі, Галіна Торч, Ірына Харко, Аляксандр Кавальчук, Таццяна Макей і Надзея Міхнюк. Ім таксама ўручылі падарункі. Не засталіся без іх і шматдзетная сям’я Ларчанка, у якой гадуецца пяцёра дзетак, а тасама самая юная вяскоўка Гарнастаевічаў Ілона Белецкая. Нараджаюцца дзеці, растуць, цешаць бацькоў, значыць жыве вёска. І будзе жыць!

Цёплымі апладысментамі сустракалі вяскоўцы сямейныя пары, якія шмат гадоў ідуць па жыцці разам і з’яўляюцца прыкладам для маладых. А гэта сем’і Анатоля і Ліліі Грыцук з Гарнастаевічаў, Пятра і Наталлі Янчык з Кавалёў, Сяргея і Ірыны Дубанос з Загараняў. Былі на свяце і сем’і-юбіляры. Залатое вяселле адзначылі ў гэтым годзе Павел і Галіна Торч, Васіль і Ірына Харко. 45 гадоў пражылі ў каханні і згодзе Уладзімір і Людміла Грышко. 40-гадовы юбілей, рубінаваае вяселле, справілі Пётр і Алена Петушкевічы, Мікалай і Таццяна Макей. Тры дзесяцігоддзі ідуць рука аб руку Аляксандр і Валянціна Кавальчукі, Віталь і Святлана Казімірчыкі. Гады трошкі змянілі іх твары, але самае каштоўнае, што было ў іх – любоў, адданасць – засталіся такімі ж, як і ў тыя гады, калі цвіла буйным цветам маладосць, калі шчасце перапаўняла сэрцы ад таго, што знайшлі адзін аднаго, і ужо ніколы не растануцца.

Сабралася на свята шмат людзей рознага ўзросту. Але, на жаль, не хапала сярод жыхароў вёсак тых, хто быў некалі прычасны да сённяшняга мірнага дня, да нашага шчаслівага жыцця пад чыстым блакітам неба. Не было на свяце ні аднаго ветэрана. Іх наогул у раёне больш няма. Іх душы белымі птушкамі ўзляцелі пад аблокі і назіраюць за намі адтуль, з янбёсаў. І таму кожны наш дзень павінен быць прасякнуты падзякай да іх. А наша падзяка – гэта сумленнае жыццё і памяць. Каб ім не было за нас сорамна, каб яны маглі цешыцца, што недарэмна прайшлі праз нечалавечыя выпрабаванні, здабываючы свабоду для нашчадкаў. І мы памятаем! І дзякуем!

Такое вось свята наладзілі работнікі Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу для вяскоўцаў пяці вёсак-суседак. Загадчыца сектара Алена Андрушка з калегамі ўмеюць зрабіць такія святы яркімі і незабыўнымі. За што ім вялікі дзякуй ад усіх вяскоўцаў. Было шумна, весела, і настрой у жыхароў вёсак быў цудоўны. Для іх бясконца гучалі песні ў выкананні мясцовых і раённых артыстаў. Іх дарылі гледачам Віталь Аніська, Сяргей Ермаковіч, Іосіф Дмухоўскі, Марыя Якута, Юрый Прасняк, Данута Якута. Музыка і спевы не сціхалі да самага вечара.

Ірына Харко: “Я жыву ў Гарнастаевічах з 1977 года. Зараз з’яўляюся старастай вёскі. А вёска ў нас прыгожая, і людзі ў нас прыгожыя, добрыя, гасцінныя, самыя лепшыя. І свята ўдалося на славу. Ні пра каго не забыліся, столькі прадарункаў, столькі цёплых слоў. Мне было прыемна за ўсіх вяскоўцаў, якіх сёння ўшаноўвалі на свяце. І артыстам дзякуй, і арганізатарам. Жадаю ўсім жыхарам Гарнастаевічаў і наогул усіх вёсак, усім людзям, здароўя, дабрабыту і шчасця. І каб вёска жыла, каб прыязджалі маладыя, гадавалі дзяцей, каб жыццё працягвалася ў кожн

Ірына Дубанос: “Я з вёскі Загаране. Наша вёска маленькая. Ужо вельмі мала жыхароў. А калісь была вялікая, шмат дзяцей у кожнай хаце. Я працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў. Зараз на пенсіі. Свята мне вельмі падабалася. Усё было арганізавана на выдатна. Людзі вельмі задаволеныя. Так усім разам не часта прыходзіцца збірацца. А тут такая аказія. Дзякуй вялікі усім, хто нас сабраў на свята.

Марфа Янчык: Я жыву ў вёсцы Кавалі, мне ўжо 89-гадоў. Я хачу шчыра падзякаваць за тое, што клапоцяцца аб нас, дзякуй за падарунак, за памяць, за падораныя гадзіны радасці, за цудоўнае свята. Жадаю ўсім арганізатарам шчасця, здароўя і дабрабыту. Няхай усе беды ідуць на цёмны лес, а да іх прыходзяць толькі добрыя весткі.



















Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара  

Предыдущая статья

Программа празднования Дня города Гродно