banner

Стравы са смакам традыцый

10 Сентября’24
1967

Старадаўнія рэцэпты свіслацкага краю, прадстаўленыя на абласным фестывалі традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны», што ладзіўся ў Гродне падчас святкавання Дня горада, выклікалі вялікую цікавасць. І ў прафесійных экспертаў, і ў звычайных гасцей. У выніку культработнікі Свіслаччыны вярнуліся дадому з дыпломам II ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя традыцыйных страў».




На падвор’і Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці на працягу ўсяго фестывальнага дня было шматлюдна. Чым жа так прыцягвала пляцоўка? Як адзначыла намеснік дырэктара цэнтра Святлана Дзянісава, тут по-сапраўднаму можна было акунуцца ў багаты свет нашых продкаў разам з носьбітамі культурных і творчых традыцый, дакрануцца да спадчыны душой.

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прэзентаваў унікальныя работы ў самых розных відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і запрашаў паспрабаваць зрабіць памятную рэч сваімі рукамі. У гэтым дапамагалі майстар-класы па саломапляценні, вышыўцы, ганчарнай справе. У час гульнёвай праграмы не даваў нікому сумаваць народны тэатр-студыя гульні «Карагод» з Грынок. Песняй радавалі народны фальклорны калектыў «Крынічанька» і вакальны калектыў «Спадчына». Адной з цэнтральных падзей абласнога свята была выстаўка-прэзентацыя элементаў нематэрыяльнай культуры Гродзеншчыны, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Тут гонарам Свіслацкага раёна стала поразаўская банкуха. Каларыту пляцоўцы дабаўляла прэзентацыя адметнага для мясцовасці адзення – традыцыйнага строю.

Асобна хочацца сказаць пра стол, што поўніўся традыцыйнымі стравамі. Тут пастараліся клубныя ўстановы раёна. Вялікую цікавасць выклікалі напоі па старадаўнім рэцэптам. З Ціхаволі на фестываль прывезлі напой з ліпы, з чарніц, сок бярозавы з мятай. Прыгатавалі ціхавольскія гаспадыні галушкі з грыбамі і «кішку», частавалі гасцей марынаванымі баравікамі. Ханявічы здзіўлялі сваімі адмысловымі квашанымі блінамі, галубцамі, чарнічным супам. Да ўсяго гэтага багацця – маласольныя гуркі ў гарбузу, паляндвіца, хатняя каўбаска, караваі і булачкі з павідлам. Дэгустацыя праходзіла на працягу ўсяго дня. Смак страў высока ацанілі ўсе наведвальнікі, што іх паспрабавалі. Вынік – прызавое месца ў намінацыі.




Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

За сутки очередь грузового транспорта на въезд в Евросоюз увеличилась на 170 единиц