banner

Шасціручка памажы!

01 Ноября’20
1467


З такой просьбай, кажуць, нашы продкі часта звярталіся да Шасціручкі. А хто гэта? Лялька-абярэг, што дапамагала гаспадыні паспяваць усё перарабіць. На кожную руку загадвай пэўную сферу гаспадарчай дзейнасці, у якой лялька павінна паспрыяць, – і бярыся за працу! Ёсць такая Шасціручка і ў «арсенале» педагога дадатковай адукацыі Корнадзьскага ДС БШ Дар’і Баранцэвіч. І вельмі дарэчы. У светлай галаве гэтай творчай асобы цэлы мех ідэй і праектаў. І звязаны яны ў першую чаргу з адраджэннем народных рамёстваў. Колькі ўжо зроблена і здабыта! А год таму назад загарэлася майстрыха думкай навучыцца рабіць сваімі рукамі беларускую ляльку. Атрымалася! Дзецям, што наведваюць яе гурток «Калейдаскоп», – цікава, калегі – падтрымліваюць. Ды і Шасціручка спрыяе...

З чаго ж усё пачыналася? Вядома, з тэорыі. Сёння Дар’я Валянцінаўна – сапраўдны знаўца гісторыі беларускай лялькі і тэхналогіі яе вырабу. Дэталёва можа расказаць, што ўяўляе сабой кожная фігурка, а таксама пра тое, як адзін тканевы абярэг забірае хваробы і няшчасці, а другі прыносіць здароўе ды каханне...

– Наша сувязь з лялькай больш моцная і глыбокая, чым мы можам сабе ўявіць, – кажа ўмеліца. – У ёй сканцэнтравана гісторыя беларускай культуры і беларусаў, эстэтыка і духоўнасць сялянскага побыту, адлюстраваны іх рух і развіццё. Нашы продкі гэтымі дзіўнымі цацкамі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер ці забаўлялі дзяцей. Лялькі неслі ў сабе пэўную магію і былі вельмі добрымі памагатымі ў жыцці, карацей кажучы, мелі статус абярэга. Іх рабілі амаль да кожнай важнай падзеі: з нагоды народных святаў, у якасці падарункаў або абрадавых сімвалаў, лялькі былі абавязковым атрыбутам сямейных святаў (напрыклад, вяселля ці нараджэння дзіцяці), а таксама займалі пачэснае месца ў хаце і на падворку проста як захавальнікі спакою, здароўя, дастатку, кахання.



Сёння на паліцах школьнага музея можна ўбачыць каля трох дзясяткаў традыцыйных лялек-абярэгаў. Кожная адказвае за сваю справу. Свой аповед Дар’я Валянцінаўна пачынае з тых, якія былі зроблены першымі. Гэта, напрыклад, Бацька і Маці. Фігура галавы сям’і ўвасабляе мужчыну і яго будучага патомка. Сын, заўважае майстрыха, заўсёды мацуецца на руцэ дарослага. Гэта знак таго, што дзеці маюць падтрымку бацькі. Маці, як правіла, робіцца з немаўляткамі, якіх абдымае доўгімі рукамі. Каб дзеткі раслі разумнымі, ім перад вучобай выраблялі Навума. Абавязковы атрыбут лялькі – бераста.

Яе нават зразалі магічна, – зазначае Дар’я Валянцінаўна. – Проста так не пойдзеш у лес. Трэба было прылашчыцца да бярозкі, пагаварыць з ёй і папрасіць дазволу ўзяць трошачкі берасты. Такія лялькі мы з дзеткамі рабілі не толькі для школьнай калекцыі, але і кожны сам для сябе. Мой сын Усевалад таксама такую ляльку мае. І, здаецца, яна працуе.

Цікавая лялька ў чырвоным убранні (чырвоны колер, дарэчы, дамінуе ў абярэгах, бо з’яўляецца сімвалам жыцця) – на ўдалую цяжарнасць. Адносіцца да цыклу лялек мацярынства. Такую рабілі, каб зачаць доўгачаканае дзіця, лягчэй перанесці цяжарнасць і роды, уберагчы маці і немаўля ад хваробаў.  У ляльку як у аснову зараджэння новага жыцця ўкладваецца насенне, якое на самай справе можа прарасці. Семя – пачатак і сутнасць любога жыцця.



Незвычайны і вельмі прыгожы абярэг, які ў даўніну дарылі маладым на вяселле, – Неразлучнікі. У гэтых лялек адна агульная рука-аснова. Адсюль і такая назва. Неразлучнікі сімвалізуюць агульнасць інтарэсаў, узаемавыручку ва ўсіх жыццёвых выпрабаваннях, узаемапавагу і, вядома ж, узаемнае каханне. Нашы продкі вешалі гэтыя фігуркі на вясельную вупраж (адсюль, пэўна, карані і сучаснай традыцыі – садзіць на капот вясельнай машыны ляльку).

Неразлучнікаў можна падарыць як на вяселле з пажаданнямі ўдалага замужжа, так і на вясельны юбілей, – кажа майстрыха. – Таксама гэты абярэг дораць незамужняй дзяўчыне або хлопцу для таго, каб тыя знайшлі нарэшце сваю другую палову. Лялька вельмі лёгка робіцца. Гурткоўцы майстравалі такія сваім бацькам на гадавіну вяселля.

Кузьма і Дзям’ян – ахоўнікі працаўнікоў кавальскай справы. Куваткі – просценькія лялькі, што вешаліся над калыскай дзіцяці. Нябожанька – сімвал сіроцтва (фігурка без рук (не мае патрымкі бацькі і маці) і з доўгімі нагамі (пабіраецца, ходзячы па хатах), выканана з грубай мешкавіны)… Разабрацца ў безлічы беларускіх народных лялек чалавеку недасведчанаму, няпроста. Але з дапамогай такога апантанага чалавека, як Дар’я Валянцінаўна, магчыма.



– А якая ж лялька будзе наступнай? – пытаюся.

– Хочацца змайстраваць Спірыдона-сонцаварота, – кажа майстрыха. – Дарэчы, святкуецца Спірыдон-сонцаварот у народным календары 25 снежня. Гэта дзень, калі сонца паварочвае на лета, а зіма – на мароз. Цікавы вобраз.

Так, якую ляльку можна зрабіць, здаецца, разабраліся. А вось як зрабіць – пытанне!

– Беларусы вельмі трапятліва ставіліся да вырабу абярэгаў, – тлумачыць корнадзьская ўмеліца. – Для гэтага, скажам, трэба было абраць пэўны час і нават пэўны настрой – пазітыўны. Напрыклад, ляльку На здароўе патрабавалася рабіць на зыходзе месяца і абавязкова ў думках пра тое, чаму лялька павінна паспрыяць. Нямала прыкладваецца да тэхналогіі і іншых строгіх патрабаванняў. Так, лялькі-абярэгі не маюць твару. Лічылася, што, намаляваўшы твар, надаеш ляльцы душу, і яна магла ўвабраць нядобрыя думкі чалавека, які нават выпадкова аказаўся побач з майстрыхай. Лялькі мелі белы твар, каб нельга было праз іх перанесці нядобрыя думкі і ўчынкі на ўладальніка ці ўладальніцу. Ляльку рабілі на працягу аднаго дня, за адзін прысест: нельга было пакідаць заканчэнне справы на іншы раз. Для абярэгу звычайна выкарыстоўвалі не новую тканіну, а тую, якая належала шчасліваму чалавеку, добраму гаспадару, руплівай маці ці каханай жонцы. Лічылася, што так праз ляльку перадаецца станоўчая энергетыка, дабро пераходзіць у дабро. Незалежна ад таго, які абярэг майструецца, у ім павінен быў прысутнічаць чырвоны колер – хоць тоненькай стужкай пад хусткай ці арнаментам на спадніцы... І яшчэ некалькі важных штрыхоў. Лялькі рабіліся без прымянення іголак, нажніц, нажоў, клею, каб не нанесці шкоду тым, чыё здароўе і дастатак яны потым будуць ахоўваць. Нітачкі абрываліся рукамі ці перакусваліся зубамі, а калі што і трэба было абрэзаць, то перш рэзалі, а потым ужо прыкладвалі да лялькі. У хаце пад час вырабу не павінна было быць мужчын. І, нарэшце, новую ляльку адразу не выстаўлялі на паказ: толькі на наступны дзень. Дакранацца да яе чужому чалавеку таксама не дазвалялася. А калі ўсё ж здаралася – абавязкова правядзі абрад ачышчэння.



Захапленне лялечнымі традыцыямі ад Дар’і Баранцэвіч пераймаюць школьнікі – тыя, хто любіць рабіць нешта сваімі рукамі. Самыя старанныя з гурткоўцаў – Дзіяна Навошчык, Ульяна Навумік, Кацярына Сауціна, Соф’я Саўко, Даніл Шуруеў і Усевалад Баранцэвіч. Разам са сваім дарослым аднадумцам яны прыкладна так, як і нашы продкі, хочуць ствараць сваё шчасце і дабрабыт уласнымі рукамі. Са старой тканіны, ільняной кудзелі ды чырвоных нітак. А верыш – маеш.

– Не хочацца забываць тое, чым жылі нашы продкі, – напрыканцы адзначае Дар’я Валянцінаўна. – Хочацца трымацца каранямі за родную зямлю. А традыцыі – гэта і ёсць карані. І дзецям кажу: не трэба забываць і разбураць, трэба памятаць і ствараць. Бачу – загараюцца вочкі!..

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

10 продуктов, которые мы готовим и едим неправильно