Радасць, усмешкі, песні. Як Студзенікі адзначылі вясковае свята

23 Июня’26
42


У вёсцы з такой зімовай і халоднай назвай Студзенікі адбылося вельмі цёплае і па-сапраўднаму летняе свята, 
якое сабрала разам усіх жыхароў ад малога да вялікага. Свята – гэта заўсёды радасць, усмешкі і добры настрой. Яно адчувалася тут ужо з самага ранку, ды і надвор’е спрыяла. Так прыемна было сабрацца ўсім разам, што на сяле адбываецца не часта, бо штодзень чакае праца: каго на ферме, каго ў полі, а тым, хто ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак, на сваёй гаспадарцы ці ў хаце – ёсць да чаго рукі прыкласці. Словам, ва ўсе часы на вёсцы людзі адпачываць не прывыклі. Але ўжо калі выпадае такая часіна ў нядзельку ці на свята, дык з рання да вечара звіняць песні.


Вось такая аказія выпала жыхарам вёскі Студзенікі. Раздзяліць радасць падзеі з розных куточкаў прыехалі да бацькоў дзеці, прывезлі ўнукаў. Шумна было, весела, радасна на душы ў кожнага, хто прыйшоў на свята.

У той дзень, бадай, не было вяскоўца, у адрас якога не сказалі шчырае слова падзякі за добрасумленную працу. Тым, хто шмат гадоў шчыраваў у жывёлагадоўлі, паляводстве, тым, хто вырошчваў хлеб, даваў краіне малако, мяса, працаваў у школе, гандлі, медыцыне. Яны з года ў год праслаўлялі нашу сінявокую Беларусь, свой раён і той куточак, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. 

Вёска Студзенікі ва ўсе часы славілася такімі людзьмі. Менавіта тут шчыравала на свінаферме Герой Сацыялістычнай Працы Ядвіга Рэкуць. Нямала тых, хто быў удастоены дзяржаўных узнагарод. Гэта Міхаіл Ягадніцын, Ірына Івіна, Станіслаў Пясецкі, Яніна Кедзік, Яўгеній Шапель. Яны пакінулі гэты свет, але ў памяці вяскоўцаў  застануцца назаўсёды. 

 

Сёння ў Студзеніках пражывае Алена Мацейка, начальнік малочна-таварнага комплекса «777 Студзенікі» УСП «Новы Двор-Агра», уладальніца ордэна Пашаны ІІ ступені, які ёй уручыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, медаля «За трудовые заслуги». Аднавяскоўцы Леанід Шніп, Антон Андрушка і Юзэфа Крэчак таксама маюць дзяржаўныя ўзнагароды за сумленную працу. 

Самыя шчырыя словы падзякі былі адрасаваны сем’ям, маці, якія нарадзілі і выхавалі дастойных дзяцей. Самая багатая маці ў Студзеніках – Алена Францаўна Івіна, якая выгадавала дзесяць дзяцей, – узнагароджана двума ордэнамі Маці. Багатая матуля  атрымала падарунак з рук старшыні Навадворскага сельвыканкама Ірыны Якуты. Высокія мацярынскія ўзнагароды маюць Марыя Радзіон, Марыя Мацейка, Разалія Торч. 

Былі на свяце ўшанаваны юбіляры. Тыя, каму споўнілася дзевяноста, восемдзесят, семдзесят, шэсцьдзясят гадоў. Не забыліся і пра настаўнікаў,  “афганцаў”, работнікаў лясной гаспадаркі. Па традыцыі падарункі атрымалі найстарэйшы жыхар вёскі – Павел Браніслававіч Мацейка, якому сёлета споўнілася 92 гады, і самыя малодшыя – Насценька Мархалюк і Палінка Грыгалец. 

Дырэктар УСП “Новы Двор-Агра” Віталь Парэмскі павіншаваў са святам вяскоўцаў, якія шмат гадоў аддалі  роднай гаспадарцы – ветэранаў і тых, хто сёння шчыруе на палях і фермах, а таксама тых, каму будзе даверана зямля-карміцелька заўтра. Многім уручыў падарункі. А святочны каравай з рук кіраўніка гаспадаркі быў асабліва смачны. 

Музычныя падарункі дарылі вяскоўцам артысты Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама Поразаўскага сектара культуры і вольнага часу.

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Предыдущая статья

В Свислочи прошел митинг-реквием ко Дню всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида белорусского народа