
Яўген Мацяшук працуе ў аддзеле рамёстваў, займаецца шрыфтаванай графікай, каліграфіяй, жывапісам і ганчарствам, адраджае традыцыі ўнікальных тэхналогій чорназадымленай керамікі, якая некалі шырока была распаўсюджана на поразаўскай зямлі. Жэня прадстаўляе свае вырабы на святах і выстаўках рознага ўзроўню: ад раённага да міжнароднага. Яго работы занялі сваё месца і ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі і рэлігіі.
“Майстар, які са звычайнага кавалка гліны можа стварыць сапраўднае дзіва! І так лёгка, здаецца з боку, гэта ў яго атрымліваецца, так паслухмяна набывае гліна ў яго руках патрэбную форму!” – кажуць пра Яўгена яго калегі.
Сваім майстэрствам ганчар з задавальненнем дзеліцца з маленькімі свіслачанамі, якія прыходзяць да яго на гурткі “Чароўная глінка” і “Узоры роднага краю”. Таксама ён удзельнік аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці “Майстры пушчанскага краю”, што дзейнічае пры аддзеле рамёстваў. Вырасла яно з клуба народных майстроў раёна “Таямніцы бабуліных куфраў”, які згуртаваў умельцаў яшчэ ў 2005 годзе. Сёння аб’яднанне – гэта трынаццаць таленавітых, творчых, самабытных людзей, якія на чале з кіраўніком Жаннай Сыраежка адраджаюць, захоўваюць і развіваюць розныя напрамкі традыцыйных і сучасных рамёстваў. Сярод іх прафесійныя носьбіты саломапляцення, лозапляцення, ткацтва, пісанкі, пляцення з папяровай лазы, мастацкай апрацоўкі тэкстыля, выцінанкі, вышыўкі, вязання, апрацоўкі скуры, вырабу лялек-абярэгаў… Месца Яўгена Мацешука сярод гэтага сузор’я талентаў – за ганчарным кругам.

Падтрымаць майстра ў хвалюючы дзень адкрыцця выстаўкі прыйшлі калегі з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сярод першых наведвальнікаў экспазіцыі і вучні 3 “Б” класа гімназіі № 1 імя К. Каліноўскага. Усіх прысутных чакала не толькі знаёмства з творчым жыццёвым шляхам Яўгена Мацешука, экспанатамі выстаўкі, але і час-практыкум па ганчарству: з зачараваннем дарослыя і дзеці назіралі, як з кавалка гліны “нараджаецца” збан… Кожны з рабят пакінуў на ім свой адбітак пальца, майстар дадаў да гэтага “ўзору” гравіроўку “3 “Б” клас”. Вось абпаліць выраб у печы – і памятны падарунак для гімназістаў будзе гатовы!









Наталля ТУРКО
Фота і відэа аўтара




