Думаю, што на памяць прыходзяць адразу ўрыўкі з яго паэмы «Новая зямля» і шматлікіх вершаў, якія кожны з нас вучыў у далёкім дзяцінстве. А вось адкрыць невядомыя, але не менш цікавыя і інтрыгуючыя моманты жыцця нашага песняра дамаглі юным жыхарам нашага краю інтэрактыўныя экскурсіі, якія праходзілі на базе раённага цэнтра турызму і краязнаўства. Бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй, творчай спадчынай вядомага пісьменніка запрасіў вучняў устаноў адукацыі Свіслаччыны Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа пры падтрымцы аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама.
Рабяты з вялікай цікавасцю слухалі супрацоўніка музея Ігара Дубовіка, які ў незвычайна простай і дасціпнай форме расказваў пра цікавыя моманты з жыцця паэта. Вясковае дзяцінства, шматлікія ўрокі ў «дарэктара», вучоба ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, удзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, страх перад жудаснымі рэпрэсіямі 30-х гадоў, праца ў Акадэміі навук БССР, пераезд у Ташкент падчас Вялікай Айчыннай вайны, вяртанне на сваю Радзіму, напісанне самых знакамітых твораў – здаецца, гэта не поўны пералік тых момантаў жыцця, з якімі вучні пазнаёміліся падчас экскурсіі. Яшчэ ў іх была ўнікальная магчымасць пабачыць копіі дакументаў з архіўнага фонду музея: узнагароды пісьменніка (а ў Коласа было аж пяць ордэнаў Леніна!), а таксама першыя яго спробы напісаць вершаваныя радкі.
Чароўным момантам, асабліва для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, стаў прагляд мультфільмаў, якія былі створаны нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм» на падставе вуснага народнага фальклору, а таксама твораў пісьменніка.
Ірына Шыманюк, дырэктар Свіслацкага ЦТіК:
– Дадзенае мерапрыемства нясе дастаткова вялікі выхаваўчы патэнцыял. Нестандартнае паданне вядомых хрэстаматыйных фактаў дзецям дазваляе не толькі захаваць увагу юных жыхароў раёна, адарваць іх на некалькі хвілін ад гаджэтаў, але і абудзіць пачуццё нацыянальнага гонару за нашага слаўнага песняра беларускай зямлі Якуба Коласа. Вось менавіта такая форма музейнай педагогікі набывае папулярнасць на сённяшні дзень. Раю кіраўнікам музеяў раёна яе выкарыстоўваць пры правядзенні экскурсій.
Ігар Дубовік, вядучы навуковы супрацоўнік музея Якуба Коласа:
– Вельмі прыемна бачыць вялікую зацікаўленасць жыццём і творчасцю вядомага паэта Беларусі з боку вучняў устаноў адукацыі Свіслаччыны. Бадай, лепшым доказам правільнай і новай па форме падачы цікавых фактаў дзецям з’яўляюцца шматлікія пытанні з іх боку. Вядома, экскурсіі для розных груп навучэнцаў маюць свае асаблівасці: калі малодшым школьнікам вельмі важна атрымаць «чароўныя» факты з жыцця пісьменніка, то са старэйшымі можна пагаварыць на больш сур’ёзныя тэмы, абапіраючыся на іх веды.
Аляксей Лазар, вучань 4 класа Поразаўскай СШ:
– Мне вельмі спадабалася экскурсія! Цікава было паслухаць пра Якуба Коласа, яго жыццёвыя прыгоды. Асабліва спадаўся выпадак з ім у турме: каб захаваць вершы ад адміністрацыі турмы, ён спецыяльна адрасціў вялікую чорную бараду і выкарыстоўваў як «сейф»: складваў туды напісаныя творы і не паднімаў галавы, каб яны не вываліліся.
Дзіяна Штоп, вучаніца 5 класа Поразаўскай СШ:
– Цікава было паглядзець прэзентацыю, пабачыць родныя мясціны паэта. Мяне вельмі ўразіла некалькі момантаў з яго жыцця: пастаянная прага Якуба да вучобы, завучванне на памяць вялікай колькасці вершаў і вялізны страх перад паступленнем у семінарыю. Бо яму туды трэба было здаваць аж тры экзамена: рашаць матэматычныя задачкі, пісаць дыктант на рускай мове і, вы не паверыце, спяваць!
Данііл Нелюбовіч, вучань 5 класа Поразаўскай СШ:
– Уразіла экскурсія! Мне спадабаўся не толькі аповяд экскурсавода, але і шматлікія дакументы, якія я меў магчымасць паглядзець. Калі трымаеш у сваіх руках паперу з першымі вершамі Коласа адбываецца нешта чароўнае і самому хочацца напісаць хоць пару радкоў. А вельмі ўразіла мяне сустрэча маленькага Косці (бо сапраўданае імя пісьменніка Канстанцін Міцкевіч) ва ўзросце пяці гадоў з ваўком.
Уладзімір МіхальчыкФота аўтара