banner

Меню па-ханявіцкі

26 Июня’21
1002
Ханявічы віталі ўсіх на свяце квашаных бліноў “Ханявіцкія бліночкі”. Такіх бліноў, як тут, вы, напэўна, нідзе не смакавалі.



Здаецца, блін ёсць блін. Ан не! Гэта цэлае мастацтва. Мясцовыя гаспадыні ведаюць у іх толк. Важна адно: было смачна, святочна і весела. Свае бліны, арыгінальныя, не такія, як ва ўсіх, прадставілі каля двух дзясяткаў ханявіцкіх гаспадынек. І кожны рэцэпт – непаўторны. Шчыра кажучы, ніколі не думала, што, каб прыгатаваць бліны, трэба столькі фантазіі і душы.



А пякуць такія бліны ў Ханявічах з далёкай даўніны, расказала вядучая свята Алена Пісар. Раней, калі гаспадыні самі пяклі хлеб, невялікую колькасць рошчыны пакідалі для квашаных бліноў. Бо, калі сям’я была вялікая, то хлеба хапала ненадоўга, вось тады замест яго ўжываліся бліны. А называюць у ханявіцкім краі такія бліны па-рознаму: квашаныя – бо на заквасцы, кіслыя – бо з кіслінкай, чорныя – бо ў цеста дабаўляецца цёртая бульба, а яна ў такім стане чарнее. Пяклі іх у печы, на полымі. Гаспадыня ставіла чыгун перад агнём, на яго патэльню з блінамі, ад полымя яны падрасталі, румянелі. 



У кожнай гаспадыні атрымліваюцца бліны со сваім асабістым смакам. У сённяшніх гаспадынек таксама, што не блін, то асаблівы. Ведаю, аб чым гавару, бо сама пасмакавала на выстаўцы-дэгустацыі “На любы густ”, якая праходзіла ў фае філіяла-клуба. Бліны з каўбаскай, са скварачкай, смятанай і салодкія – з джэмам, варэннем, мёдам, рознай формы, прыгожа аформленыя – якіх тут толькі не было!

Цяпер зразумела, чаму менавіта ў Ханявічах праводзіцца такое мерапрыемства, якое па праву атрымала статус брэндавага.

Свята прадоўжылася ў глядзельнай зале клуба. Усіх прысутных са сцэны павіншаваў старшыня Ханявіцкага сельскага выканаўчага камітэта Браніслаў Дзічкоўскі, а таксама настаяцель храма Ражства Найсвяцейшай Багародзіцы ў аг. Лыскаве айцец Аляксандр: “Мы сёння сабраліся, каб праславіць хлеб, той, які падтрымлівае нашы фізічныя сілы, і той, што ўслаўляе Бога, а таксама ўславіць кожную гаспадыню, якая прынесла хлеб надзённы на стол”. Яны, а яшчэ начальнік РАУС Аляксандр Якімчык, увайшлі ў склад журы. Бо хто лепей за мужчын можа ацаніць жаночыя кулінарныя старанні!

Тут на сцэну завітаў галоўны герой свята – Квашаны Блін у суправаджэнні Бліночкаў: “Добры дзень вам, ягамосці! Ізноў прыехаў я ў госці! Рады вас усіх вітаць. Шчасця, радасці жадаць”. І загучала песня, якая стала гімнам ханявіцкага свята “Ой, бліны, бліны, бліны”.

Зала апладзіравала, калі выйшлі канкурсанткі. Кожная з іх добра вядомая мясцовым жыхарам – Ірына Карпічэнка, Зоя Ярмолік, Людміла Фунт. Сярод іх і самыя юныя – Дар’я Пац і Ірына Шашэль, якія прыехалі ў Ханявічы з Гродна. Дзяўчаты перанялі рэцэпт бліноў ад сваіх бабуль, цяпер спраўна ім валодаюць. Такая пераемнасць пакаленняў, бадай, самае галоўнае, тое, што звязана нябачнай нітачкай. Значыць, не знікне сувязь паміж сучасным і былым і будзе расці радавое дрэва.

Пасля прэзентацыі гаспадынькі прынялі ўдзел у конкурсе “З пылу, з жару”, дзе ў асобным памяшканні займаліся прыгатаваннем бліноў, кожная па сваім рэцэпце, а потым іх ацэньвала журы. А яму, трэба адзначыць, прыйшлося цяжэй за ўсіх. Пераможцамі прызнаны ўсе пяць канкурсантак. Дасталіся падарункі таксама ўсім, хто прыйшоў на свята са сваімі блінамі, духмянымі, смачнымі. Самыя актыўныя ўдзельнікі свята атрымалі кубкі з лагатыпам свята – ханявіцкім квашаным бліном.



Ханявічы гудзелі на ўсю акругу. Музыка, песні ў выкананні як мясцовых, так і свіслацкіх артыстаў чуліся далёка за межамі аграгарадка. Весела было і маленькім удзельнікам свята: не было тых, хто не пасмакаваў салодкай ваты, папкорна, не паскакаў на батуце, не прыняў удзел у беспройгрышнай латарэі, якую праводзіў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага РЦКіНТ. 

Такія святы сапраўды аб’ядноўваюць – сваім каларытам, гісторыяй, чалавечымі адносінамі. Бо мы ўсе людзі, якія жывуць у адной краіне, мірнай і пяшчотнай. А яна і ёсць сям’я, адзіная і любімая.

Марына ЯНЮК
Фота аўтара

Предыдущая статья

Жаловались и благодарили