Беларускі гурт “Дразды” 17 лютага выступіў у Карэлічах.
Беларускі гурт “Дразды” сёння надзвычай папулярны, і не толькі на Радзіме, але і за яе межамі. Да дрыжыкаў прыемна глядзець, як на здымках расійскай праграмы “Ад усёй душы” рускамоўная публіка, быццам зачараваная, раптам пачала падпяваць хіт “Не прадаецца хата бацькоў”. Магія — не інакш… 17 лютага артысты выступілі ў Карэлічах, гэта быў іх 48-ы канцэрт з пачатку тура “Хата бацькоў”, і да канца вясны іх гастрольны графік ужо распісаны. Для таго, каб замовіць гурт менавіта на гэтую дату, заяўку падавалі амаль за паўгода. Дык у чым жа сакрэт такой папулярнасці “Драздоў”? Пасля канцэрта накіроўваюся ў грымёрку да нязменнага лідара і натхняльніка гурта Віталія Карпанава, піша «Полымя».— Віталій, кампазіцыя “Не прадаецца хата бацькоў”, аўтарам слоў і музыкі якой Вы з’яўляецеся, на днях сабрала мільён праглядаў на YouTube. На канцэртах гледачы спяваюць яе разам з вамі. Чаму яна так “выстраліла”?
— Усё проста — гэтая тэма блізкая кожнаму беларусу. Мы сталеем, вылятаем з бацькоўскага гнязда, заводзім сем’і, абуладкоўваем свае кватэры. Вядома ж, наведваемся да бацькоў. І ў пэўны час перад кожным з нас паўстае пытанне: а што рабіць з хатаю, дзе ты нарадзіўся і вырас? Яно не дае спакою, яно вельмі балючае. Хтосьці пакідае за сабою гэтае жытло, а хтосьці з сумам прадае, бо абставіны ж у людзей розныя. Але сувязь паміж чалавекам і бацькоўскім домам — гэта назаўсёды. У нашай песні хата — не толькі будынак, а краіна, Радзіма. У няпросты час, які сёння пануе ў свеце, людзі дызарыентаваныя, разгубленыя, а трымаюць іх карані, родная хата ды Радзіма. Не менш важна, што ў беларусаў узнік запыт на беларускасць, яны хапаюцца за яе ў гэтым хісткім свеце, як за выратавальны круг.
Вядома ж, калі не ведаеш, за што ўхапіцца, хапайся за гісторыю, за родную мову, за Бацькаўшчыну, за тое, што казалі табе бацькі і дзяды. “Дразды” адлюстроўваюць тое, пра што беларусы думалі, але, магчыма, баяліся сказаць. Увогуле, нашы канцэрты прыцягваюць шчырасцю і простай размовай. Людзі стаміліся ад шоу, ад інтэрнэту і лавіны навін.
— Скажыце колькі слоў пра Вашае месца сілы, пра малую радзіму.
— Вёска Сівіца Валожынскага раёна — куточак, дзе жыве мая мама Валянціна Паўлаўна. Яна ўсё жыццё працавала паштальёнам. Таты ўжо тры гады няма разам з намі. Уладзімір Якаўлевіч быў старшынёй калгаса “Світанак”. Шмат якія кліпы на нашы песні: “Вёска”, “Сланечнік”, “Увезу в деревню”, “Мама” — зняты менавіта ў маёй Сівіцы. Простыя, шчырыя словы, якія пранікаюць у душу кожнага беларуса. У роднай вёсцы бываю часта. Менавіта яна натхняе мяне, вяртае да жыцця, трымае ў імклівай плыні жыцця. Палю печку ў роднай хаце — і спыняецца імгненне, разумею: вось ён — сэнс жыцця, а не ў тым, каб усюды паспець.
— Амаль 20 гадоў “Дразды” на сцэне. Вы пачыналі спяваць па-руску, у рэпертуары было шмат жартоўных песень. Цяпер чуем з вашых вуснаў беларускую мову і патрыятычныя песні. Калі адбыўся гэты пералом?
— Напэўна, гэта адбылося са сталеннем. Калі ты малады, то глядзіш на тое, што модна, што зараз слухаюць людзі. Тады, у пачатку кар’еры, мы глядзелі на больш паспяховых артыстаў, на расійскую эстраду. Было пэўнае перайманне. Але цяпер разумею, што гэта была памылка, трэба шукаць сваё, а не ствараць другую ці трэцюю копію. Беларускую мову любіў яшчэ са школы, добра размаўляў і пісаў на ёй. Дарэчы, песню “Вёска” напісаў яшчэ ў школьныя гады. У канцы 90-х з’явілася кампазіцыя “Каханая дзяўчына”, пайшлі іншыя творы. Грамадству патрэбен быў беларускамоўны альбом, і мы яго зрабілі, каб пакінуць патрыятычны след. І гэта патрыятызм сапраўдны, не выкрыкі з тэлебачання, не надпісы на плакатах, а спяванне душой народа, яго вуснамі.
— Як вам удаецца вытрымліваць такі шалёны рытм працы? Вельмі шмат канцэртаў, праца ўжывую. Ад чаго зараджаецеся?
— Увогуле праца артыста вельмі складаная, затратная. Працуе вялікая каманда. Сілы бяром ад гледачоў. Калі цябе сустракаюць з такімі зіхатлівымі вачыма, ты не можаш выступіць дрэнна. Са сваёй канцэртнай праграмай “Хата бацькоў” мы гастралюем не па вялікіх гарадах, а па маленькіх райцэнтрах і вёсках. Мы прыязджаем туды, куды звычайна артысты не даязджаюць, бо там амаль не заробіш. А наш гастрольны тур — гэта не пра заробак, гэта пра людзей. Яны ж наша галоўнае багацце. Я — просты вясковы хлопец, ведаю, што такое сельскі клуб, заўсёды чакаў, калі да нас прыедуць артысты з раёна або з Мінска — гэта ўвогуле супер! Таму ў мяне ёсць патрэба аддаць простым працаўнікам гэты доўг. Прыехаць, папросту паразмаўляць, не дурачы ім галаву цяжкасцямі і праблемамі. Людзям трэба даць дабро, эмоцыю. Гэтым мы яшчэ і падтрымліваем сельскі сектар культуры.
— Карэлічы вельмі цёпла вас сустрэлі. Акрамя песняў, вы яшчэ і размаўлялі з гледачом у вельмі папулярным сёння жанры стэндапа.
— Вядома, мы таксама атрымалі асалоду ад сустрэчы з карэліцкім гледачом. Бачым, што людзям спадабаліся не толькі песні, але і гэтая наша простая шчырая размова па душах. Сёння стэндап — вельмі папулярны моладзевы жанр. І мы падумалі, чаму няма стэндапу для людзей 40 плюс? І мы яе знайшлі, гэтую хвалю. Людзі добра ўспрымаюць такое. Чаму? Ды таму, што гэта перажыта намі ўсімі: і паўтарашка за клубам, і вясковыя гісторыі кахання.
— У 2024 годзе адбудзецца адзіны дзень галасавання. Ці будуць “Дразды” ўдзельнічаць у мерапрыемствах у падтрымку гэтай важнай электаральнай кампаніі?
— Гэта вельмі важная падзея для нашай краіны. Калі дзяржаве будзе патрэбна наша падтрымка, мы заўсёды адгукнемся шчырай песняй.
polymia.by