banner

Корнадзь запрашае на батлейку

04 Января’22
1176
Зноў спяшаюся ў Корнадзь. Спяшаюся, бо хачу на свае вочы пабачыць унікальную рэч. Мясцовая школа вырашыла адрадзіць беларускую батлейку – тэатральную традыцыю, народжаную пяцьсот гадоў таму. Для чаго? Адказ просты: каб прыняць ад продкаў гэты дар, захаваць яго і перадаць нашчадкам. Тутэйшыя педагогі добра разумеюць, што батлейка – гэта не проста лялечная забава, а велізарны пласт нашай нацыянальнай культуры. Глядзіш – і тут, у сценах Корнадзьскага ДС БШ, батлеечны тэатр атрымае новае жыццё і напіша сваю новую гісторыю.



Што запускае махавік любой справы? Вядома, ідэя! Так і тут. Даўно бачылася дырэктару школы Вользе Лысевіч, як ва ўстанове працуе незвычайны тэатр з містычнай назвай батлейка. Тэатр, у якім так многа даўніны і хапае месца для творчых праекцый у дні сённяшнім. А па сілам правесці такую задумку ў жыццё людзям творчым, апантаным, з крыламі натхнення за спіной і бляскам у вачах, якімі яны глядзяць на ўсё, што мае подых роднага, народнага. Такія ёсць у Корнадзі. Адна толькі Дар’я Баранцэвіч, кіраўнік школьных аб’яднанняў па інтарэсах, чаго вартая. Чалавек цікаўны, дасціпны, уедлівы. Заўсёды з галавой акунаецца ў новую справу, ды з такім запалам, што і тыя, хто побач, не могуць застацца абыякавымі. Таму хутка і каманда з’явілася. Прыйшлі на дапамогу рабочы па комплексным абслугоўванні Андрэй Турак і выхавацель дзіцячага садка Людміла Анісеня.



З чаго пачынаць? Вядома, з тэорыі. Тут трэба было пасядзець над паперамі, павандраваць па прасторах інтэрнэту. Крапатліва былі прагледжаны літаратурныя і інфармацыйныя крыніцы аб гісторыі і развіцці тэатра лялек, зроблены аналіз складу самой канструкцыі, сакрэтаў яе вырабу і роспісу, драматургіі, лялечнага майстэрства, традыцый і звычаяў, звязаных з батлеечным мастацтвам – Дар’я Баранцэвіч любіць праводзіць нітачку з мінулага ў сучаснае. І такую, каб трывалай была. А трываласць гэтую забяспечвае найперш прытрымліванне традыцый.

– Батлейка – гэта беларускі народны тэатр лялек на рэлігійную і бытавую тэматыку, – распавядае Дар’я Валянцінаўна. – Атрымаў распаўсюджанне ў Беларусі з пачатку ХVІ стагоддзя. А зараз вось перажывае этап адраджэння ў форме нацыянальнага дзіцячага і каляднага тэатра. Дарэчы, яго назва пайшла ад слова «Віфлеем» – па месцу нараджэння Хрыста. Гісторыя ўзнікнення батлейкі якраз і звязана з каляднымі святамі. Хто першапачаткова быў героямі гэтага тэатра? Дзева Марыя, немаўлятка Ісус, анёлы, святыя. Варта згадаць, што слова «марыянетка» (адна з разнавіднасцей батлеечных лялек) узнікла ад назвы невялікіх фігурак Марыі, што ўдзельнічалі ў сярэдневяковых містэрыях. Усталяваўшыся, батлеечныя спектаклі паказвалі рэлігійныя і сацыяльныя працэсы, што мелі месца ў грамадстве. Таму рэпертуар тэатра можна падзяліць на два жанры – высокі (рэлігійныя пастаноўкі) і нізкі (сатырычныя сцэнкі з народнага жыцця). Зыходзячы з гэтых асаблівасцей будаваўся і сам корпус батлеек. У Беларусі бытавала некалькі тыпаў такіх тэатраў. Адзін з іх – двухпавярховая батлейка з рухомымі лялькамі з кананічным афармленнем. Такую змайстравалі і мы. Яна ўяўляе сабой вялікую (каля двух метраў у вышыню) скрыню з двума паверхамі. Верхні ярус – «неба» – сімвалізуе месца, дзе нарадзіўся Ісус. Тут ладзяцца прадстаўленні, звязаныя з біблейскімі матывамі (у сучасным варыянце – з усім, што мы адносім да духоўна-маральных каштоўнасцей). Ніжэй – «зямля», дзе правіць Ірад. Тут дазволена гуляць злу, тут дэманструюцца сцэнкі, што высмейваюць чалавечыя заганы. Звярніце ўвагу, сваёй батлейцы мы і назву далі – «Карнадчанка». Лічым, што наша Корнадзь этымалагічна мае зыходную ад слова «карані». Для нас у гэтым ёсць пэўны сімвалізм. Мы імкнемся трымацца за зямлю продкаў, даражым ёю і вучым гэтаму нашых дзяцей.




Корнадзьская батлейка, як і яе даўнія папярэдніцы, падобна на шафу з невялікімі дзвярыма. Паглядзіце, адчыняцца гэтыя дзверы – і глядач убачыць тыя самыя два ярусы, кожны з якіх мае прастору для ходу лялек. Афармленню сваёй батлейкі тут аддалі шмат часу. Мала таго, што старанна выразалі дэталі самой скрыні (гэта справа рук Андрэя Турака), дык потым размалёўвалі, укладаючы ў роспіс зноў жа сімвалізм. Пакуль батлейка зачынена, можна палюбавацца дзіўным вобразам Карнадчанкі. Яна прадстаўлена жаночай постаццю, якая, нібы птушка Фенікс, паўстае з попелу – адраджаецца праз час, на працягу якога была забыта. Унутры тэатр упрыгожаны каляровай паперай, сваё месца тут у якасці дэкарацый знайшлі прыгожыя дрэўцы. Са столі спускаюцца зоркі. У цэнтры знаходзіцца ніша, дзе змяшчаюцца яслі з маленькім Хрыстом. Па бакам – аркі для ўваходу і выхаду лялек. На ніжнім паверсе – трон цара Ірада.



Што тычыцца лялек, то яны чакаюць свайго часу за заслонай. Героі сцэнічнай дзеі, адзначае Дар’я Баранцэвіч, у традыцыйнай батлейцы былі розныя: пальчатачныя, механічныя, сустракаліся марыянеткі, лялькі на цвёрдым стрыжні і плоскія, для ценявога тэатра. Найбольшае ж распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі мелі лялькі на стрыжні. За большасцю корнадзьскія педагогі і пайшлі: спыніліся на ляльцы з драўлянай ножкай. А вось папрацавала над іх стварэннем выхавацель дзіцячага садку Людміла Анісеня. Выкананы фігуркі ў тэхніцы пап’е-машэ, яны невялікіх памераў, да 30 сантыметраў. Што тут найбольш важна? Прастата і сакральны сэнс. Батлеечныя лялькі – яны часта даволі ўмоўныя. Галоўнае, што праз акцэнты ў дэталях глядач добра пазнае сярод іх Рахіль з немаўляткам на руках, Анёла, Чорта, цара Ірада, яго прыслужніка і саму Смерць. Менавіта такія героі падрыхтаваны для прэм’ернай пастаноўкі.



Школьная батлейка ўжо мае свой першы сцэнарый. Гэта будзе традыцыйнае «Раство Хрыстова і цар Ірад». Якраз на Каляды. Выканаюць яго дарослыя акцёры, а месца гледачоў застанецца за дзецьмі. З часам, адзначае Дар’я Баранцэвіч, прыцягнуць да акцёрскай справы і старэйшых школьнікаў. Майстэрству голасу трэба вучыцца. Галоўнае, што батлейка дапаможа дзецям (ды і дарослым) звярнуцца да духоўнага, добрага, міласэрнага, клапатлівага, сумленнага, цярпімага…



Вось-вось адчыняцца загадкавыя дзверы ў тэатр і пачуецца:

Ісконі бысць тако,
Вяселле днесь, яко
Зямля ўся сагласна лікуе,
Цэркві ахвяруе...
Нова радасць настала!

Гэта, абяцаюць стваральнікі, будзе каларытнае відовішча.

А пакуль робяцца апошнія штрыхі ў падрыхтоўцы, паглядзець на новы тэатр прыйшлі дашкаляты з дзіцячага садку. Што такое батлейка, ім яшчэ трэба будзе даведацца. А вось лялькамі зацікавіліся адразу, пачалі гуляць з імі і сыпаць рэплікамі. Нібы на генетычным узроўні чытаючы творчы пасыл ад прапрапрадзедаў.

– Гэта знак, – шчыра парадаваліся дарослыя. – Відаць, патрэбную справу задумалі, добрае зерне сеем.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Фаршированная горбуша от Янины Снежицкой